Трымайце, грамадзяне, пашпарты!

- 10:47Актуально, Апошнія запісы

Сёння, 15 сакавіка, адзначаецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 15-ы раз у краіне прайшла прымеркаваная да свята Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”. За гэтыя гады тысячы юнакоў і дзяўчат атрымалі свае першыя пашпарты ад тых асоб, якія адыгралі для краіны асабліва важную ролю. Сёлета цэнтрам акцыі стаў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, дзе свае галоўныя сінія кніжкі з залацістымі літарамі 14-гадовыя падлеткі Беларусі атрымалі з рук кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.

Героямі ўрачыстасці сталі 27 хлопцаў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны. Усе яны — выдатнікі вучобы, актывісты грамадзянскіх маладзёжных арганізацый, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд. Сярод іх — Дзмітрый Чабан, навучэнец сярэдняй школы № 2 Наваполацка, фіналіст суперфіналу Рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”, Дар’я Палевікова, навучэнка сярэдняй школы № 26 Гомеля, уладальніца гран-пры Маскоўскага міжнароднага фестывалю-конкурсу “Планета Беларусь”, Дар’я Капская, навучэнка гімназіі № 32 Мінска, член зборнай Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні, кандыдат у майстры спорту, і інш. Двайное свята ў гэты дзень адзначыла навучэнка сярэдняй школы № 11 Бабруйска Магілёўскай вобласці Хрысціна Калянкоўская — паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь дзяўчына стала ў дзень свайго нараджэння.

Віншуючы школьнікаў з уступленнем у дарослае жыццё, Наталля Качанава сказала:

— Грамадзянін — гэта не толькі высокае званне, але і адказнасць, абавязкі, якія ўскладаюцца на вас. А самы галоўны абавязак грамадзяніна — гэта любіць і паважаць гісторыю сваёй краіны, любіць людзей, якія жывуць побач. Знамянальна, што вы атрымліваеце гэтыя пашпарты ў год, які аб’яўлены прэзідэнтам Годам малой радзімы. Самае галоўнае — любіце і памятайце, што вы нарадзіліся, выраслі і жывяце ў такой цудоўнай краіне, свабоднай, незалежнай, якую стваралі многія пакаленні беларусаў. Мне б вельмі хацелася, каб вы сталі сапраўднымі патрыётамі, якія любяць Радзіму, сваю малую радзіму, свой народ, сваю сям’ю, бацькоў. Няхай спраўдзяцца ўсе вашы мары, жадаю, каб вы рэалізавалі сябе ў вучобе, каб кожны вызначыў свой жыццёвы шлях, атрымаў добрую прафесію. Але запомніце назаўсёды: толькі тут, на роднай зямлі, у Беларусі, вы патрэбны ўсім нам, таму што вы — гэта будучыня нашай краіны. Вы — тыя, хто заўтра прыйдзе на заводы, на прадпрыемствы, у арганізацыі і ўстановы, хто будзе працаваць у дзяржаўным кіраванні. І ад таго, як вы будзеце гэта рабіць, як вы будзеце ставіцца да даверанай вам справы, залежыць і будучыня дзяржавы.

Музычнае віншаванне са знакавай падзеяй новым грамадзянам падарылі удзельнікі ансамбля “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады і вядомыя эстрадныя выканаўцы.

Мерапрыемствы Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” прайшлі на гэтым тыдні ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пуцёўкі ў дарослае жыццё маладыя людзі атрымалі з рук заслужаных і паважаных людзей Беларусі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.