Трымаць руку на пульсе сучаснай педагогікі

- 11:00Адукацыйная прастора

Пяты з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД пройдзе ў Бішкеку на наступным тыдні. Тэмай форуму стане “Развіццё адукацыйных сістэм дзяржаў — удзельніц СНД у кантэксце Мэт устойлівага развіцця”. Чакаецца прыбыццё дэлегацый усіх краін СНД. Работа з’езда будзе разбіта на дзесяць секцый. Дэлегаты разгледзяць усе аспекты фарміравання сістэмы адукацыі для ўстойлівага развіцця. Плануецца, што на з’ездзе таксама абмяркуюць пытанні стварэння ўмоў для інтэграцыі і актыўнага пошуку новых форм і механізмаў узаемадзеяння краін СНД у галіне адукацыі.

У дэлегацыю ад Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка ўваходзяць школьныя настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, педагогі дадатковай адукацыі, прадстаўнікі вышэйшай школы, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Напярэдадні мерапрыемства мы пагутарылі з некаторымі ўдзельнікамі прадстаўнічага педагагічнага форуму.

Вячаслаў Сяргеевіч ФЁДАРАЎ, настаўнік геаграфіі Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, пераможца Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017” (2-е месца), пераможца конкурсу Саюзнай дзяржавы “#ЛюблюГеаграфію” (1-е месца):

— Я працую ў сельскай школе, дзе, як вы ведаеце, існуюць свае адметнасці. У сваёй педагагічнай дзейнасці ўрокі стараюся будаваць так, каб вучэбны матэрыял зразумеў кожны вучань у класе. А каб гэтага дасягнуць у поўнай меры, пры тлумачэнні пераходжу на мову вучня, прыводжу простыя, па магчымасці жыццёвыя прыклады.

А на з’езд еду з вялікай цікавасцю. Найперш мне як настаўніку геаграфіі хочацца ўбачыць горы Кыргызстана, адчуць іх рэзка кантынентальны клімат, пазнаёміцца з Бішкекам, убачыць яго славутасці, агледзець навакольныя ландшафты, пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі.

Што тычыцца самога форуму, то на ім я буду выступаць на секцыі па ўстойлівым развіцці адукацыйных арганізацый (фарміраванне бяспечнага адукацыйнага асяроддзя). Тэмай майго выступлення стане “Псіхалагічная бяспека суб’ектаў адукацыйнага асяроддзя”. Буду гаварыць пра тое, як не пакрыўдзіць дзіця, пра магчымыя варыянты вырашэння канфліктаў паміж вучнямі, вучнем і настаўнікам, настаўнікам і бацькамі. У мяне ёсць практыка работы педагогам-псіхолагам, практыка вырашэння канфліктных сітуацый, таму, думаю, у нас атрымаецца дыялог з удзельнікамі секцыі.

З іншага боку, мне цікава даведацца, як адбываюцца працэсы ўстойлівага развіцця ў краінах — удзельніцах з’езда, пазнаёміцца з калегамі, каб пачуць іх уражанні ад убачанага. Думаю, у нас атрымаецца карысная прафесійная гутарка.

Міхаіл Васільевіч МІШТАЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Брадзецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці:

— Я працую ў звычайнай вясковай школе, прычым не вельмі даўно. Вопыту ў педагагічнай дзейнасці ў мяне не багата, таму, канечне, трапіць на такі прадстаўнічы педагагічны форум — вялікая ўдача. У мяне будзе ўнікальная магчымасць пазнаёміцца і, магчыма, завязаць сяброўства з калегамі з самых розных краін. Прафесійныя зносіны — рэч вельмі важная, бо яны даюць штуршок да самаўдасканалення і росту, таму я, канечне, у чаканні пераймання вопыту.

Буду і сам выступаць на секцыі “Новыя задачы і механізмы кіравання дадатковай адукацыяй дзяцей і моладзі: новыя падыходы зместу, арганізацыі выхавання ў адукацыйных арганізацыях краін СНД”. Маё выступленне будзе прысвечана арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы з навучэнцамі ў сельскай школе. Тэма выступлення была выбрана зыходзячы з таго, што я сельскі настаўнік. У выступленні буду абапірацца на вопыт сваёй навучальнай установы, а таксама школ Мінскай вобласці. Буду дзяліцца вопытам правядзення акцый і мерапрыемстваў.

Я яшчэ і класны кіраўнік, таму ў некаторай ступені буду абапірацца і на свой, няхай пакуль і невялікі вопыт. Мне, дарэчы, падабаецца роля класнага кіраўніка. Для мяне яна абсалютна няцяжкая. Канечне, на гэтую справу даводзіцца траціць пэўную частку свайго вольнага часу, але яна будзе патрачана на клопат пра дзяцей. Мне здаецца, што гэта таго варта. Я яшчэ працую сацыяльным педагогам, таму маю больш цесныя сувязі з сем’ямі не толькі вучняў свайго класа.

Тут хачу заўважыць, што і дзеці, і бацькі ў вёсцы больш адкрытыя, таму ў нас не ўзнікае асаблівых цяжкасцей і непаразуменняў у зносінах.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.


Сяргей Яўгенавіч ВЕРАЦІЛА, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”:

— На форуме такога высокага ўзроўню мне яшчэ ніколі не даводзілася ўдзельнічаць. Падчас з’езда хочацца ў першую чаргу знайсці адказ на пытанне “Як працуюць калегі з краін СНД?”. Для нас, прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія жылі ў адной вялікай краіне, заўсёды цікава сустракацца і з расіянамі, і з казахамі, і з кіргізамі, і з таджыкамі. Нам вельмі цікава даведацца пра асаблівасці развіцця сістэмы адукацыі, у прыватнасці сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, суседзяў. Калі ў сферы інтэлектуальных гульняў, дзе я працую больш за 20 гадоў, асабіста для мяне няма чорных плям (за дзесяцігоддзі тут выпрацавана эфектыўная сістэма работы, праводзяцца рэгулярныя сумесныя чэмпіянаты, семінары), то пра іншыя шляхі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў былых рэспубліках Савецкага Саюза вядома значна менш. Выключэнне складае толькі Расійская Федэрацыя, з якой мы часта праводзім сумесныя мерапрыемствы, наладжаны эфектыўны абмен вопытам. Асабліва цікава пачуць пра падобны вопыт ад прадстаўнікоў Кіргізскай Рэспублікі, гаспадыні V з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.

Выдатнай нагодай для такога знаёмства стане работа секцый, у прыватнасці секцыі, прысвечанай пытанням развіцця сістэмы дадатковай адукацыі. Думаю, маім калегам будзе цікава даведацца пра асаблівасці прафесійнай падрыхтоўкі педагога дадатковай адукацыі на прыкладзе дзейнасці Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Маё выступленне будзе грунтавацца, па-першае, на пытаннях метадычнай падрыхтоўкі, у тым ліку падрыхтоўкі да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства, бо любы конкурс — гэта таксама своеасаблівае метадычнае навучанне і развіццё. Па-другое, на пытаннях самаадукацыі. Не сакрэт, што кожны педагог сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, калі ён жадае максімальна эфектыўна павышаць узровень свайго майстэрства, павінен імкнуцца да самаадукацыі. І па-трэцяе, гэта матывацыйная сфера. Калі ва ўстановах дадатковай адукацыі створана эфектыўная сістэма адносін паміж адміністрацыяй і педагогамі, то работа такой установы будзе прыносіць плён. Таму адказ на пытанне “Як жа працуюць беларусы?”, упэўнены, будзе вычарпальным.

Плённымі ў плане знаёмства з вопытам работы калег будуць не толькі афіцыйныя мерапрыемствы з’езда, але і асабістыя зносіны, прыватныя размовы. Перакананы, паездка будзе насычанай, незабыўнай, цікавай.

Ігар ГРЭЧКА.


Выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 10 Пінска Вікторыя Зіноўеўна ДРАБЫШЭЎСКАЯ, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”, член клуба “Крыштальны журавель”, магістр педагагічных навук, аспірант АПА:

— Калі я даведалася, што прыму ўдзел у з’ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, вельмі ўзрадавалася такой магчымасці. З іншага боку, адчула вялікую адказнасць, бо ў складзе беларускай дэлегацыі з’яўляюся адзіным прадстаўніком сістэмы дашкольнай адукацыі. На з’ездзе запланавана маё выступленне на тэматычнай секцыі “Значэнне ранняга развіцця і дашкольнай адукацыі”, у якім акрэслю праблему фарміравання гуманных узаемаадносін у дзіцячым калектыве ў працэсе інтэграванага навучання і выхавання. У яслях-садзе № 10 Пінска назапашаны вялікі вопыт па стварэнні талерантнага адукацыйнага асяроддзя, фарміраванні інклюзіўнай культуры. Установа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па гэтай тэме.

Маё выступленне заснавана на асабістым шматгадовым вопыце работы ў групе інтэграванага навучання і выхавання з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення і з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Раскажу аб эфектыўных формах работы з выхаванцамі з асаблівасцямі ў развіцці, у прыватнасці аб каманднай рабоце ў працэсе рэалізацыі сацыяльна-педагагічных праектаў і гульнявых праграм з удзелам дзяцей, бацькоў, педагогаў і валанцёраў — пастаянных гасцей нашай дашкольнай уста-новы. Усе выхаванцы, якія прымаюць удзел у такіх праектах і праграмах, незалежна ад сваіх асаблівасцей, разам танцуюць, малююць, удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках. Дзякуючы цікавым ініцыятывам, якія рэалізоўваюцца ў садзе ярка і з вялікім размахам, дзеці з асаблівасцямі развіцця адчуваюць сябе часткай вялікай дзіцячай супольнасці. Яны перастаюць адчуваць страх і насцярожанасць у адносінах да равеснікаў і дарослых. Усе дзеці маюць магчымасць пераканацца, што ніякія адрозненні не пера-шкаджаюць весела і цікава праводзіць час разам. Усё гэта станоўча ўплывае на развіццё кожнага выхаванца.

Штодня ў сваёй групе бачу, як дзеці гуляюць разам, расказваюць адно аднаму цікавыя гісторыі, дзеляцца ўражаннямі. І нічога незвычайнага, на першы погляд, не адбываецца. Але, калі ў нашу інтэграваную групу прыходзіць малыш з іншага дзіцячага сада або той, хто раней наведваў звычайную садаўскую групу, адчуваецца ўся значнасць праблемы, якую я ўзнімаю.

Спадзяюся, што падчас з’езда мне ўдасца абмеркаваць з педагогамі-дашкольнікамі краін СНД шэраг прафесійных тэм. Вельмі цікава, як працуюць мае калегі з агульнаадукацыйных школ, з прафесійна-тэхнічных устаноў. Магчыма, і з іх вуснаў пачую свежую карысную ідэю, якую змагу ўвасобіць на практыцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.