Трымаць у творчым тонусе

- 14:36Рознае, Якасць адукацыі

Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама, непасрэдна аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама ў гімназіі № 7 Маладзечна арганізавалі семінар з прадстаўнікамі органаў кіравання адукацыяй рэгіёна, кіраўніцтвам абласнога інстытута развіцця адукацыі, дырэктарамі навучальных устаноў, педагогамі і метадыстамі па тэме ўкаранення інавацыйных падыходаў у работу з адоранымі навучэнцамі.

На пачатку пасяджэння Алена Віктараўна Марцінкевіч, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, пацвердзіла даволі высокі ўзровень работы сістэмы адукацыі вобласці ў развіцці адоранасці навучэнцаў, аб чым сведчаць станоўчыя вынікі навучэнцаў школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі ў прадметных алімпіядах, конкурсах прафесійнага майстэрства, фестывалях, у навукова-даследчай рабоце.
— Пошук, выяўленне і развіццё таленавітай навучэнскай моладзі, цеснае супрацоўніцтва з адоранымі навучэнцамі — менавіта гэтыя аспекты дзейнасці ўстаноў адукацыі вобласці сталі сёння найбольш актуальнымі, — заўважыла Алена Віктараўна. — Выяўленне і развіццё адораных і высокаматываваных дзяцей пачынаецца ўжо з першай прыступкі адукацыі — з дашкольнай установы, а потым паслядоўна гэты працэс адбываецца і на іншых ступенях. Так, у прыватнасці, з мэтай выяўлення інтэлектуальнага ўзроўню дашкалят, іх творчых здольнасцей сярод бацькоў праводзіцца анкетаванне, а сярод дзяцей — субяседаванні на вызначэнне тых кірункаў дадатковай адукацыі, якімі хочуць займацца дзеці.
Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама С.П.Філістовіч, калі дзіця пасля дзіцячага садка прыходзіць у школу, там праводзіцца псіхолага-педагагічная дыягностыка па выяўленні адоранасці вучняў, адсочваецца псіхолага-педагагічны статус навучэнца і дынаміка яго асабістага развіцця. Такім чынам фарміруецца банк даных дзяцей, якія маюць інтэлектуальны і творчы патэнцыял, і ў далейшым выбудоўваецца траекторыя развіцця асобы. Для таго каб падабраць адзіныя падыходы ў выяўленні здольнасцей дзяцей, не пакінуць без увагі ніводнае дзіця, педагогі-псіхолагі праводзяць дыягностыку ўжо з другога класа. Сёння ў раённым банку даных адораных дзяцей больш за 800 чалавек і каля 300 педагогаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі.
З мэтай найбольш эфектыўнага развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцей у школьнікаў, павышэння якасці іх падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядах, педагагічныя калектывы навучальных устаноў раёна выкарыстоўваюць розныя формы работы. Сярод іх — супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі. Райвыканкамам выдзелены дадатковыя вучэбныя гадзіны для арганізацыі дзейнасці міжшкольных прадметных факультатываў. Іх кіраўнікамі з’яўляюцца выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі і лепшыя педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Групы сфарміраваны ў адпаведнасці з інтарэсамі дзяцей, з улікам магчымасцей установы адукацыі. Варта адзначыць, што сярод 9 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды гэтага года 7 наведвалі міжшкольныя прадметныя факультатывы.
На базе раённага вучэбна-метадычнага кабінета праходзяць заняткі па псіхолага-педагагічным суправаджэнні працэсу падрыхтоўкі вучняў да прадметных алімпіяд. Павялічылася колькасць вучняў раёна ў дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах, прадметных турнірах. Толькі за мінулы навучальны год каля 800 навучэнцаў раёна прынялі ўдзел у абласных дыстанцыйных прадметных алімпіядах, 25 з іх сталі пераможцамі. Метадысты РВМК сістэматычна праводзяць індывідуальныя і групавыя кансультацыі па рознай адукацыйнай тэматыцы. Штогод у структуры раённай метадычнай сеткі функцыянуюць творчыя групы па арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі, праходзяць майстар-класы. У гэтым навучальным годзе ў структуру раённай метадычнай сеткі ўвайшлі раённая творчая група “Інавацыйны праект: патэнцыял і мадэляванне”, раённая псіхолага-педагагічная лабараторыя “Псіхалагічная падтрымка педагогаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі і моладдзю”.

Штогод каля 80 педагогаў прымаюць удзел у розных семінарах па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і конкурсаў.
Як паказвае практыка, адным з найбольш эфектыўных спосабаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, які б дапамог сфарміраваць адметную асобу дзіцяці, здольную неардынарна думаць, актыўна дзейнічаць, праяўляць ініцыятыву, выкарыстоўваць свой творчы патэнцыял, можа валодаць менавіта тая навучальная ўстанова, якая ідзе па інавацыйным шляху развіцця. Ужо сам па сабе адукацыйны працэс, які разгорнуты ў інавацыйнай школе, патрабуе асаблівай даследчай пазіцыі, якая дапамагае ўстанавіць найбольшы эфект ад праектаў, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі, узняць працэс навучання на новы ўзровень і ў цэлым павысіць творчы, інтэлектуальны тонус як педагогаў, так і навучэнцаў.
Менавіта з гэтай мэтай у Маладзечанскім раёне ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю інавацыйных працэсаў у сістэме адукацыі, якія прадстаўлены эксперыментальнай дзейнасцю ў рэалізацыі педагагічных праектаў.
— Для развіцця здольнасцей адоранага дзіцяці, магчымасцей рэалізаваць свой талент ва ўстановах адукацыі ствараюцца асаблівыя ўмовы, якія дазваляюць вучыцца і развівацца, — сказала Соф’я Пятроўна. — Гаворка ідзе не толькі аб пабудове навучання на аснове асобасна арыентаванага падыходу, але і аб стварэнні ўмоў для індывідуальнага, дыферэнцыраванага навучання, якое павінна ажыццяўляцца падрыхтаваным педагогам, які добра разбіраецца ў спецыфіцы навучання адораных дзяцей. Адоранае дзіця можа выхоўваць і развіваць толькі высокапрафесійны настаўнік. І таму адным з аспектаў дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна па развіцці адоранасці дзяцей па-ранейшаму застаецца работа па развіцці творчай ініцыятывы педагогаў.
Адным з такіх праектаў з’яўляецца праект “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”, які рэалізоўваецца ў гімназіі № 7 Маладзечна.
— У нашай гімназіі існуе дастатковы вопыт па развіцці алімпіяднага руху сярод гімназістаў, — паведаміла Л.А.Лазоўская, намеснік дырэктара гімназіі № 7 Маладзечна. — Але мы не збіраемся спыняцца на дасягнутых выніках, а шукаем новыя, больш сучасныя падыходы ва ўдасканаленні работы з адоранымі дзецьмі. Цяпер ужо недастаткова выбудаваць цэласную сістэму прадметных ведаў, уменняў і навыкаў, і таму ёсць неабходнасць фарміраваць у навучэнцаў індывідуальную пазнавальную актыўнасць, развіваць самастойнасць з улікам індывідуальнасці, каб яны вучыліся планаваць сваю дзейнасць, знаходзілі асобасны сэнс у навучанні.
Для складання ўласнага вучэбнага плана навучэнец павінен улічыць свае адукацыйныя магчымасці і прафесійныя інтарэсы. Ажыццявіць гэтую складаную работу над сабой дапаможа навучэнцам цьютар (у гэтай ролі выступіць педагог), які будзе суправаджаць вучня ў яго індывідуальным руху. Але ў такім выпадку гэтая работа не падобная ні на работу педагога ў традыцыйным разуменні, ні на работу псіхолага. Галоўная мэта цьютараў — матываваць і вучыць школьнікаў максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці для пабудовы ўласнай адукацыйнай траекторыі, дапамагчы кожнаму з іх вызначыць свой шлях у засваенні ведаў і выйсці на сваю самаадукацыю.
Такім чынам, былі вызначаны этапы цьютарскага суправаджэння, адзін з якіх прадугледжвае ў самым пачатку складанне навучэнцамі асобасных рэсурсных карт, у якіх дзеці могуць у адвольнай форме адлюстраваць свае інтарэсы, захапленні, планы і магчымасці. Пасля складання такіх карт цьютары суправаджаюць навучэнцаў у вывучэнні іх псіхалагічных асаблівасцей з выкарыстаннем навуковых методык. На кожнае дзіця педагогам-псіхолагам разам з цьютарам складзены падрабязныя псіхалагічныя характарыстыкі, у адпаведнасці з якімі вызначаны шляхі эфектыўнага ўзаемадзеяння педагога з кожным дзіцем. Школьнікам з боку педагогаў аказваецца дапамога ў складанні індывідуальных адукацыйных праграм, рэалізацыя якіх спрыяе фарміраванню ў вучняў умення арганізоўваць самастойны пошук ведаў, планаваць час і спосабы дзейнасці, працаваць па самастойна распрацаваных кірунках, якія вучні абмяркоўваюць з педагогам-цьютарам.
У раёне працуюць рэсурсныя цэнтры па вучэбных прадметах, сабраны і пастаянна папаўняюцца, актуалізуюцца матэрыялы па алімпіядным руху. Такі цэнтр створаны і ў гімназіі № 7. Са стратэгіяй работы калектыву гімназіі па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд па прадметах пазнаёміла на семінары В.В.Пыск, намеснік дырэктара гімназіі. У сваю чаргу настаўніца хіміі Н.Д.Пашчук, сярод выхаванцаў якой вельмі многа пераможцаў алімпіяд, дала ўдзельнікам семінара майстар-клас.

У час семінара быў паказаны вопыт па выяўленні і падтрымцы адораных навучэнцаў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Т.А.Крот, намеснік дырэктара Вілейскага дзяржаўнага каледжа, паведаміла, што работа з адоранымі навучэнцамі носіць прафесійны характар. Гэта ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, у выставах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, удзел у спартыўных мерапрыемствах, дзе навучэнцы не толькі ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі, але і раскрываюць творчыя здольнасці, фарміруюцца фізічна. Развіццё адоранасці сярод навучэнцаў у агульнаадукацыйным кампаненце ажыццяўляецца за кошт удзелу ў прадметных алімпіядах. Напрыклад, навучэнцы каледжа сталі прызёрамі на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Для падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, развіцця творчых магчымасцей навучэнцаў вучэбны працэс ва ўстанове арганізаваны так, каб навучэнцы з першага курса былі максімальна набліжаны да вытворчасці. Для гэтага створаны кафэ, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, цырульня, атэлье, дзе навучэнцы шліфуюць свой вытворчы почырк.
С.І.Курчык, намеснік дырэктара Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, адзначыла, што работа з адоранымі выхаванцамі каледжа вядзецца па 4 напрамках: творча адораны, інтэлектуальна адораны, лідар і спартсмен.
Святлана Іванаўна лічыць, што ўсе навучэнцы адораныя, толькі як выявіць, як развіць у іх здольнасці? Самае галоўнае — як стварыць умовы для ўдасканалення таленту?
С.І.Курчык прадставіла той шлях, па якім педагогі каледжа вядуць сваіх выхаванцаў да самых высокіх вынікаў. На першым курсе вядзецца шырокае анкетаванне, якое ахоплівае кожнага навучэнца. У самым пачатку педагогі імкнуцца далучыць першакурснікаў да работы ў гуртках па інтарэсах, творчых аб’яднаннях, музычных ансамблях, каб з першых дзён прабудзіць у навучэнцаў актыўнасць і ініцыятыву ўдзельнічаць у творчым жыцці каледжа. У сваю чаргу выкладчыкі ў час урокаў адсочваюць пазнавальную актыўнасць выхаванцаў, выяўляюць тых, хто схільны да навукова-даследчай дзейнасці. Пасля выяўлення творчых, адораных навучэнцаў з кожным з іх вядзецца індывідуальная работа, за кожным замацоўваецца педагог альбо навуковы кіраўнік.
А.Г.Жучэнка, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, адзначыла дастаткова высокі ўзровень дзейнасці навучальных устаноў вобласці па развіцці адоранасці ў навучэнцаў. Педагагічныя калектывы імкнуцца выкарыстоўваць у гэтым самыя сучасныя прыёмы і метады, якія маюць інавацыйны характар. Безумоўнай умовай для ўдасканалення такой работы павінен стаць пастаянны прафесійны рост, наватарства і ініцыятыва саміх педагогаў. У арганізацыі работы ўстаноў адукацыі Міншчыны па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах, у інтэлектуальных конкурсах і канферэнцыях задзейнічаны абласны інстытут развіцця адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.