Трыста добрых спраў

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Пяць гадоў назад у Гродзенскай вобласці пачалася рэалізацыя аднаго з самых яркіх маладзёжных праектаў — быў створаны Маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Гэтымі днямі самыя ініцыятыўныя, творчыя, актыўныя навучэнцы з усіх раёнаў вобласці сабраліся на першую сесію трэцяга склікання парламента.

Пяць гадоў былі часам актыўнай работы, рэалізавана больш за 300 праектаў і ініцыятыў, маладзёжныя парламенты працуюць у кожным раёне вобласці. Найбольш значнымі праектамі сталі антынаркатычны рух “ВЕК”, мерапрыемствы па падтрымцы ветэранаў, экалагічныя акцыі.

— У новы склад парламента увайшоў 61 дэпутат, — расказвае загадчык аддзела дзіцячых арганізацый і аб’яднанняў Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, куратар Маладзёжнага парламента Таццяна Васюкевіч. — Гэта прызнаныя лідары вучнёўскіх калектываў, актывісты грамадскіх маладзёжных арганізацый, выдатнікі вучобы, прызёры алімпіяд і конкурсаў. У сваіх выбарчых акругах кандыдаты прадставілі перадвыбарныя праграмы і праекты, аргументуючы свае ідэі канкрэтнымі прапановамі, адказвалі на пытанні, вялі дыскусіі. Узрост маладых дэпутатаў — ад 14 да 16 гадоў, яны будуць працаваць у Маладзёжным парламенце два гады.

На цырымоніі адкрыцця першай сесіі новага склікання пабывалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, якія ўручылі пасведчанні юным дэпутатам. Лепшыя куратары раённых маладзёжных парламентаў былі ўзнагароджаны граматамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і ўпраўлення адукацыі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі дэпутаты пачалі работу ў шасці камісіях, дзе прэзентавалі свае праекты. Лепшыя з іх будуць рэалізоўвацца ў найбліжэйшы час. У рабоце камісій разам з маладымі парламентарыямі прынялі ўдзел і дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Выбары кіраўнікоў камісій і кіраўніцтва Маладзёжнага парламента праходзіла адкрытым галасаваннем. Стаць сваім лідарам моладзь даверыла навучэнцу Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргею Сільвановічу. Яго намеснікамі выбраны Алена Чарняк з гімназіі Шчучына і Віталь Корзун з Гродзенскай гарадской гімназіі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.