Трыумф беларускай кнігі ў Таджыкістане

У Душанбэ прайшоў XV Міжнародны конкурс дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі”. Кнігі беларускіх выдавецтваў на гэтым форуме заваявалі 11 узнагарод, у тым ліку гран-пры.

За ўзнагароды XV Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі” змагаліся каля 200 кніг, 50 з іх — беларускіх, прадстаўленых такімі выдавецтвамі, як “Мастацкая літаратура”, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Беларусь”, “Народная асвета” і інш. Журы ацэньвала не толькі змест, але і вёрстку, афармленне, паліграфічнае выкананне. У выніку галоўную ўзнагароду — гран-пры конкурсу — атрымала выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” за анталогію аднаго верша Янкі Купалы “А хто там iдзе?” на 100 мовах свету.

Гэты праект, прысвячэнне знакаваму вершу нашага народнага песняра, які нярэдка называюць гімнам народна-вызваленчага руху беларусаў, аб’яднаў пісьменнікаў, перакладчыкаў і проста ўлюбёных у беларускую паэзію людзей з розных кантынентаў. Адкрывае кнігу факсіміле верша “А хто там iдзе?”, якое знаходзіцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Акрамя 100 перакладаў і аднаго арыгінальнага тэксту верша, тут змешчаны дзясяткі карцін мастакоў, якія звярталіся да жыцця і творчасці народнага песняра, у прыватнасці, В.Шаранговіча (“А хто там ідзе?”, 1976), А.Волкава (“Янка Купала на адпачынку”, 1949), А.Шаўчэнкі (“Янка Купала на жытнім полі”, 1956), М.Савіцкага (“Янка Купала”, 1979), кітайскага мастака Гао Мана (“Янка Купала”) і інш. Кніга надзвычай прафесіянальна аформлена і несумненна можа быць цудоўным падарункам замежным гасцям нашай краіны.

Яшчэ ў 9 з 11 намінацый XV Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі” беларускія кнігі занялі 1-я месцы і ў адной намінацыі — 2-е месца. Такія паказчыкі, відавочна, сведчаць, што айчынныя выдавецтвы, якія і раней неаднаразова станавіліся пераможцамі гэтага прэстыжнага конкурсу, па-ранейшаму годна вытрымліваюць творчую і прафесійную канкурэнцыю на міжнародным кніжным подыуме і, больш за тое, з’яўляюцца флагманамі ў кнігавыдавецкай галіне.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XV Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі” пройдзе ў верасні ў Маскве.

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *