Трыумф будучага педыятра

- 11:27Вышэйшая школа

Другі год запар перамога на галоўным студэнцкім фэсце — Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года” — адправілася ў Гродна. Гэты раз яе ўладальнік — Антон Лемеш, пяцікурснік педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ён жа па выніках галасавання карыстальнікаў віртуальнай сеткі стаў пераможцам і ў намінацыі “Студэнт года ONLINE”.

Фота да матэрыяла: Трыумф будучага педыятра.За конкурсам “Студэнт года” Антон назіраў з 1 курса, але насычаныя вучобай будні не давалі магчымасці ацаніць свае творчыя сілы напоўніцу. Сапраўды, прызнаецца хлопец, будучым медыкам даводзіцца нялёгка падчас вучобы. Каб падрыхтавацца толькі да аднаго прадмета, даводзіцца траціць 3—4 гадзіны.

Але ні гадзін, ні дзён, ні гадоў Антону не шкада, бо стаць урачом ён марыць з дзяцінства.

— На факультэт мяне прывяла любоў да дзяцей. Мне ўвесь час падабалася дапамагаць тым, хто слабейшы. Яшчэ школьнікам заўсёды аказваў першую дапамогу, калі нехта з аднагодкаў разбіваў нос. Я не баяўся крыві.
Апошнія некалькі гадоў сваю патрэбу — дапамагаць тым, каму гэта неабходна, — Антон рэалізоўвае, працуючы па начах фельчарам хуткай дапамогі. Прызнаецца, што ніякая тэорыя не заменіць тых пачуццяў, калі літаральна вяртаеш людзей з таго свету ці першым сустракаеш нованаро-джанага. Напрацаваць вопыт раней за іншых студэнтаў яму дапамагло тое, што да паступлення ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт А.Лемеш скончыў медыцынскі каледж. Каледж быў вымушаным крокам пасля таго, як Антон не паступіў у сталічную УВА. Але ўпартасць узяла верх — сярэдні бал залікоўкі хлопца амаль 9. З 1 курса ён займаецца навуковай работай разам з выкладчыкам кафедры нармальнай анатоміі.

Хоць вучоба і праца сталі асноўнай часткай жыцця Антона, у яго ўсё ж застаецца час і для творчасці, і для спорту, і для дабрачыннасці, і для адпачынку. Шмат увагі ён удзяляе студэнцкаму самакіраванню факультэта і ўніверсітэта (з’яўляецца старшынёй), паспяхова гуляе ў КВЗ, па вечарах наведвае трэніроўкі па боксе.

— Усе ў маёй камандзе — студэнты з майго факультэта. Гэта мая апора, падтрымка, самыя блізкія людзі. І мая перамога на конкурсе — толькі дзякуючы ім. Бокс — гэта той від спорту, які прымушае не толькі рукамі махаць, але і думаць галавой. Ён загартоўвае характар, вучыць ніколі ў жыцці не падаць духам, мець псіхалагічную вытрымку, — тлумачыць выбар сваіх захапленняў хлопец.

А нядаўна Антон захапіўся яшчэ і паэзіяй. Верш пра ваеннага ўрача, які заваяваў сэрцы журы ў фінале VIII Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2018”, ён напісаў усяго за тры дні.

— Захапляюся людзьмі, якія выконваюць свой абавязак у гарачых кропках. Яны для мяне — прыклад прафесіяналаў. Неяк мы на “хуткай” везлі ў бальніцу былога ваеннага ўрача, які расказаў нам з калегам сваю гісторыю. Яго ўспаміны сталі асновай для майго верша, — тлумачыць Антон.

Скразной тэмай конкурсных выступленняў была тэма малой радзімы. Для Антона гэта Смаргонь: “Смаргонь, дзе я нарадзіўся і жыў да 9 класа, займае асобнае месца ў маім сэрцы. З ёй звязаны самыя цёплыя ўспаміны: першыя сябры, першая скончаная на выдатна чвэрць, родныя людзі. Калі бываю там, быццам усё перажываю зноў. Гэты горад для мяне, як любімая рэч з гардэроба: бываюць больш прыгожыя і модныя, але вось гэтая самая камфортная, утульная і блізкая. Тут заўсёды адчуваю сябе ў сваёй талерцы”, — прызнаецца хлопец.

За перамогу ў конкурсе будучы педыятр атрымаў галоўны прыз — падарожжа ў Прагу. Але яно будзе летам. А пакуль Антон вяртаецца да вучобы. Гэта для яго пакуль самае галоўнае.

Святлана НІКІФАРАВА.