Добрай традыцыяй на Астравеччыне стала ўшанаванне медалістаў і пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама педагогаў, якія знайшлі падыход да кожнага дзіцяці і абудзілі ў іх прагу ведаў, і правядзенне раённай цырымоніі ўзнагароджвання “Трыумф розуму і таленту”.
“Калі ёсць такія таленавітыя і старанныя дзеці, як вучні ўстаноў адукацыі Астравецкага раёна, што спазналі смак барацьбы і перамогі, можна быць спакойным за будучыню нашай малой радзімы і Рэспублікі Беларусь у цэлым. Яны абавязкова даб’юцца поспеху ў любой сферы жыцця і павядуць за сабой іншых. Мы ўскладаем вялікія надзеі на творчы патэнцыял падрастаючага пакалення,” — адзначыў на сустрэчы І.Я.Шалудзін, старшыня Астравецкага райвыканкама.
Словы падзякі з вуснаў старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта былі адрасаваны і педагогам, якія аддана і старанна працуюць штодня і сеюць добрае і разумнае.
Адораная моладзь — наш залаты фонд. Яе дасягненні — наша агульная радасць. Няхай разам з поспехамі дзяцей кожны бацькоўскі дом напаўняецца шчасцем, а сэрца — гонарам за іх.
І мы ўпэўнены, што менавіта ў 550 гадавіну Астраўца бясконцая сумесная праца бацькоў і педагогаў і імкненне да ведаў нашых дзяцей стануць залогам перспектыўнага і паспяховага развіцця рэгіёна.
Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама.