Трыумфальная перамога

Навучэнка сярэдняй школы № 3 Асіповіч стала пераможцай XVIII Міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу.

На прэстыжным спаборніцтве дзесяцікласніца Марыя Серабракова выступала з праектам “Мікалагічны маніторынг лясных экасістэм і апрабацыя методык павышэння ўраджайнасці грыбных месцаў”. Марыя распрацоўвала яго ў суаўтарстве з яшчэ адной вучаніцай Арынай Барадаўка пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 3 Святланы Зайцавай. Работа вялася на працягу больш як чатырох гадоў. Але вынік быў адпаведным. Школьніцы доследным шляхам выявілі некалькі дзейсных спосабаў павелічэння ўраджайнасці грыбоў, прычым як у натуральных умовах, так і на прыватных падворках.

За сваю карыснасць праект атрымаў самыя высокія балы ад членаў журы міжнароднага конкурсу.

— Гэта была трыумфальная перамога. Марыя абышла па балах нават студэнтаў апошніх курсаў профільных універсітэтаў і маладых вучоных. Прадстаўнікі журы конкурсу, якія знаходзіліся ў розных краінах, аднагалосна прысудзілі нашай рабоце найвышэйшыя балы, — расказала С.У.Зайцава.

Па словах педагога, перамога Марыі была заслужанай. Дзяўчына з пачатковых класаў захапляецца даследаваннямі ў сферы экалогіі. Яна з’яўляецца членам школьнага лясніцтва і школьнага экалагічнага аб’яднання “Дзеля жыцця на Зямлі”, з адзнакай скончыла рэспубліканскую школу актыву юных лесаводаў. Марыя Серабракова з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага злёту юных лесаводаў, рэспубліканскага злёту юных эколагаў, міжнароднага форуму студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку”, прызёрам рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес”. У мінулым годзе на студэнцкім конкурсе ў БДТУ Марыя абараніла з адзнакай дыпломную работу “Асартымент драўнінных і дэкаратыўна-хмызняковых раслін для азелянення гарадскіх тэрыторый”. Зараз яна залічана ў склад таленавітай моладзі ўніверсітэта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.