Трывалыя веды ў навуках аб Зямлі

- 14:43Адукацыйная прастора, Рознае

VIII Міжнародная алімпіяда школьнікаў навук аб Зямлі прайшла ў канцы верасня ў горадзе Сантандэр (Іспанія), у якой традыцыйна прынялі ўдзел беларускія школьнікі. На рахунку нашай каманды бронзавы медаль, які заваяваў Глеб Васілеўскі, навучэнец 10 класа гімназіі № 11 Мінска.

Акрамя Глеба, у склад каманды ўваходзілі Аляксандра Цяцёркіна, навучэнка 11 класа, Яўген Каліноўскі, вучань 10 класа гімназіі № 2 Віцебска, Міхаіл Стрэмаус, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 18 Баранавіч.
У ролі кіраўнікоў каманды выступілі Людміла Уладзіміраўна Факеева, дацэнт кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт, і Надзея Мікалаеўна Ганушчанка, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Алімпіяда ўключала 5 блокаў заданняў, у тым ліку 4 тэарэтычныя і 1 практычны. У адрозненне ад заданняў мінулых гадоў, якія былі строга структураваны па кампанентах геаграфічнай абалонкі (геасфера, атмасфера, гідрасфера) з асобным блокам заданняў па астраноміі, у гэтым годзе заданні ў большай ступені насілі міждысцыплінарны характар, дзе кожны блок пытанняў быў накіраваны на пошук адказаў, звязаных з узаемадзеяннем розных элементаў геаграфічнай абалонкі.
Першы блок заданняў уяўляў сабой віртуальную геалагічную экспедыцыю па маршруце Чарльза Дарвіна. Пытанні тычыліся не толькі геалагічнай будовы, але і цыркуляцыі атмасферы, астраноміі.
Другі блок пытанняў быў прысвечаны Усходне-Афрыканскай рыфтавай даліне і тычыўся геалогіі, глебазнаўства, археалогіі, эвалюцыйнай біялогіі і астраноміі.
Трэці блок пытанняў быў заснаваны на даных, атрыманых з марсахода Curiosity. Удзельнікам было прапанавана параўнаць геалагічныя, атмасферныя працэсы, асаблівасці і прычыны змены пор года на Марсе і на Зямлі.
Чацвёрты блок у асноўным уключаў пытанні, звязаныя з гідрасферай (паверхневыя воды, плыні, прылівы і адлівы, хвалевыя працэсы), але пры гэтым былі пытанні па геалагічнай будове, геамарфалогіі, атмасферных працэсах, прыбярэжнай і балотнай расліннасці, экалагічнай раўнавазе.
Пяты блок заданняў — гэта практычны тур, прысвечаны працэсам асадканазапашвання на пляжы Сома ў горадзе Сантандэр.
Усе ўдзельнікі беларускай каманды на высокім узроўні выканалі заданні другога і трэцяга блокаў. Міхаіл Стрэмаус, акрамя другога і трэцяга блокаў, паказаў высокі ўзровень ведаў і па заданнях 4 блока.
Яўген Каліноўскі добра адказаў на пытанні першага блока. Аляксандра Цяцёркіна паказала высокі ўзровень ведаў па пытаннях першага і чацвёртага блокаў, добра выканала практычны тур, але ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі па суме балаў ёй крыху не хапіла да бронзавага медаля. Глеб Васілеўскі выдатна справіўся з заданнямі, прадстаўленымі ў другім, трэцім блоках, што і дазволіла яму заваяваць бронзавы медаль, — расказала Людміла Уладзіміраўна Факеева.
Гэтая алімпіяда — адзін з асноўных відаў дзейнасці Міжнароднай адукацыйнай арганізацыі па навуках аб Зямлі — IGEO. Усяго ў спаборніцтве выступілі 82 школьнікі з 21 краіны свету, у ліку якіх былі Аўстрыя, Бразілія, Францыя, Германія, Індыя, Інданезія, Ізраіль, Італія, Японія, Карэя, Кувейт, Нігерыя, Нарвегія, Беларусь, Румынія, Расія, Іспанія, Тайвань, Тайланд, Украіна, ЗША.
Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (англ. IESO, International Earth Science Olympiad) — штогадовае спаборніцтва, якое праводзіцца сярод навучэнцаў сярэдніх школ у такіх дысцыплінах, як “Геалогія”, “Метэаралогія”, “Акіянаграфія” і “Астраномія”. Да ўдзелу ў IESO запрашаюцца школьнікі, якія з’яўляюцца пераможцамі адпаведных нацыянальных спаборніцтваў.
IESO заклікана павысіць цікавасць школьнікаў, прыцягнуць увагу грамадскасці да навук аб Зямлі, выявіць таленавітых і адораных навучэнцаў у гэтай галіне. Акрамя гэтага, IESO накіравана на паляпшэнне выкладання навук аб Зямлі ў школе, заахвочванне да дружалюбных адносін паміж навучэнцамі з розных краін і садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў абмене ідэямі і матэрыяламі.
Першая IESO была праведзена ў кастрычніку 2007 года ў Тэгу (Паўднёвая Карэя). А ў наступным, 2015, годзе будзе ўжо IX Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі, і пройдзе яна ў Расіі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.