Царыца матэматыкі

- 12:09Людзі адукацыі, Рознае

Напэўна, няма ў Беларусі настаўніка матэматыкі, які б не ведаў Ірыну Аляксандраўну Новік. Ірына Аляксандраўна — прафесар кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар. Яна — сапраўдная царыца матэматыкі.

Словы маці Ірыны Аляксандраўны аказаліся прароцкімі. Марыя Сямёнаўна казала дачцэ: “Матэматыка — адзін з самых цяжкіх прадметаў, але ён галоўны. Яго вывучаюць дзеці падчас усяго навучання ў школе і штодня. Без ведання яго многія іншыя прадметы з цяжкасцю будуць давацца. Калі ты будзеш любіць дзяцей і ўмець даходліва тлумачыць матэрыял, то станеш царыцай у школе”.
Ірына Аляксандраўна была сведкай таго, што настаўніца матэматыкі можа забяспечыць усім неабходным сябе і сваю маленькую дачушку ў цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, стаць паважаным і аўтарытэтным чалавекам. Заслужаны настаўнік БССР — афіцыйнае пацвярджэнне прафесіяналізму Марыі Сямёнаўны. У вучнёўскіх успамінах яна засталася настаўнікам, здольным зразумець і падтрымаць кожнага.
Ірына Аляксандраўна мае шмат дзяржаўных узнагарод. Яна адзначана граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагруднымі знакамі “Выдатнік асветы СССР”, “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік адукацыі”, “За уклад у развіццё БДПУ”, падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за заслугі ў навукова-педагагічнай дзейнасці і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў. Яна карыстаецца павагай у калег, яе любяць студэнты. Ірына Аляксандраўна тройчы выбіралася прафесарам года БДПУ, у яе вялікая навуковая сям’я.
Прафесар узгадвае, як было няпроста ў пачатку педагагічнай дзейнасці, калі пасля заканчэння БДУ пайшла працаваць у школу, затым у тэхнікум, інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. На занятках даводзілася выкладвацца так, што пот цёк па спіне, але выніку дасягалі заўсёды, і тыя, хто баяўся матэматыкі як агню, пачыналі нешта ў ёй разумець. За такі асабісты прагрэс вучні былі вельмі ўдзячны настаўніцы І.А.Новік.
Ірына Аляксандраўна прыйшла на працу ў педагагічную ВНУ 40 гадоў таму. І зрабіла ўсё магчымае, каб нашы настаўнікі матэматыкі сталі метадычна культурнымі. У 90-я гады мінулага стагоддзя праблема метадычных уменняў і навыкаў будучых настаўнікаў матэматыкі не была распрацавана. Доктарскае даследаванне І.А.Новік “Фарміраванне метадычнай культуры настаўніка матэматыкі ў педагагічным інстытуце” дало новыя тэарэтычныя напрацоўкі, патлумачыла неабходнасць пэўных умоў для фарміравання асноў метадычнай культуры і прадказала, што можа забяспечыць вынік навучання.
Доўгі час Ірына Аляксандраўна ўзначальвала кафедру матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі, больш за 30 гадоў кіравала метадычным семінарам “Культура педагагічнага даследавання па тэорыі і методыцы навучання матэматыцы”. Пасля абароны Ірынай Аляксандраўнай доктарскай дысертацыі ў Акадэміі педагагічных навук СССР у БДПУ быў адкрыты спецыялізаваны савет па абароне дысертацый. І.А.Новік была яго старшынёй 15 гадоў.
Ірына Аляксандраўна — аўтар навуковай школы выкладання матэматыкі ў нашай краіне. Пад яе кіраўніцтвам 26 чалавек абаранілі дысертацыі — 18 сталі кандыдатамі навук, 8 — дактарамі. Вучні І.А.Новік працуюць ва ўсіх рэгіянальных ВНУ Беларусі, а таксама ў Польшчы, Літве, Кубе, Таджыкістане. Яны — аўтары новых метадаў выкладання матэматыкі і ўжо самі рыхтуюць маладых вучоных. Аб усіх іх Ірына Аляксандраўна гаворыць з пачуццём гонару і адзначае, што яны таленавітыя людзі.
Любоў да матэматыкі ў сям’і Новік перадаецца па жаночай лініі. Справу Ірыны Аляксандраўны падхапіла яе дачка — Наталля Уладзіміраўна Броўка. Яна абараніла доктарскую дысертацыю па тэме “Інтэграцыя тэорыі і практыкі ў навучанні студэнтаў як сродак павышэння якасці матэматычнай падрыхтоўкі”. Маці і дачка ўжо напісалі разам дзве кнігі.
— Мне працаваць было вельмі цікава і адносна лёгка. Прыносіла задавальненне рабіць незразумелае зразумелым. Сёння дзякую Богу, што хапіла на ўсё сіл. Шчасце вучонага — калі ў яго ёсць аднадумцы і паслядоўнікі. Рада, што побач са мной дзеці і ўнукі, і я для іх чалавек, з якім яны заўсёды раяцца, — заўважае Ірына Аляксандраўна.

Святлана КІРСАНАВА.