Цэльнасць сям’і з дзецьмі — гэта самы высокі індэкс шчасця і задаволенасці жыццём

- 12:18Інфармацыйная гадзіна

Нараджэнне другіх і наступных дзяцей — прыярытэт сямейнай палітыкі Беларусі. Аб гэтым заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч падчас рэгіянальнага сімпозіума па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі.

“Сямейная палітыка Беларусі вызначана: мы нацэлены на сем’і з двума і больш дзецьмі. Нараджальнасць у краіне зніжаецца за кошт таго, што скарачаецца колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. І гэта тэндэнцыя будзе назірацца да 2040 года ў адпаведнасці з дэмаграфічным прагнозам. Таму наша задача — забяспечыць больш інтэнсіўнае нараджэнне”, — сказала Ірына Касцевіч.

Яна канстатавала, што фактаў, якія аказваюць уплыў на нараджальнасць, шмат, у тым ліку эканамічная сітуацыя ў краіне. “Мы выйшлі ўжо на дадатную дынаміку ўзроўню даходаў насельніцтва, што, думаю, паўплывае на стабілізацыю нараджальнасці ў краіне”, — дадала міністр.

Выклікае занепакоенасць статыстыка змяншэння колькасці шлюбаў і павелічэння разводаў: у 2017 годзе было створана 66 тысяч новых сем’яў, пры гэтым распаліся 32 тысячы. “На мой погляд, цэльнасць сям’і, сям’і менавіта з дзецьмі — гэта самы высокі індэкс шчасця і задаволенасці жыццём”, — падкрэсліла міністр. На яе думку, з такімі арыенцірамі і трэба выхоўваць падрастаючае пакаленне ўжо са школьнага ўзросту.

Інструментаў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі некалькі: гэта і павелічэнне нараджальнасці, і ўмацаванне сямейных каштоўнасцей, і зніжэнне смяротнасці, і міграцыйная палітыка. “Да 2020 года, згодна з праграмай пяцігодкі, нам неабходна ўтрымаць колькасць насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн — гэта вельмі сур’ёзная задача”, — адзначыла Ірына Касцевіч.

Рэгіянальны сімпозіум па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі “Прымяненне вынікаў даследавання “Пакаленні і гендар” у краінах — членах ЕЭК ААН” праходзіў у Мінску 21—22 сакавіка. Яго арганізатарамі выступілі ЮНФПА, ЕЭК, ААН, Урад Беларусі. Форум экспертаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі накіраваны на ўмацаванне сувязей паміж вучонымі, распрацоўшчыкамі стратэгій, органамі дзяржкіравання і іншымі зацікаўленымі бакамі.