Цэнтр атрымаў спецаўтобус

Выхаванцы Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі да новага навучальнага года атрымалі вельмі патрэбны і важны падарунак. У мінулы чацвер кіраўніцтву абласнога цэнтра былі ўрачыста перададзены ключы ад новага спецаўтобуса.

Спецыяльна абсталяваны школьны аўтобус быў набыты Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь у рамках праграмы “Школьны аўтобус”, якая рэалізуецца па даручэнні прэзідэнта. Дарэчы, у гэтым годзе такіх спецаўтобусаў закуплена тры. Падобныя транспартныя сродкі атрымалі цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання з Гомельскай і Віцебскай абласцей. Усе спецаўтобусы абсталяваны электрагідрапад’ёмнікам для інваліднай каляскі з пультам кіравання. У салоне маюцца 10 звычайных і 2 прызначаныя для крэслаў-калясак пасажырскія месцы, кожнае з якіх абсталявана рамянямі бяспекі, што дазваляе гарантаваць высокую бяспеку пры перавозцы дзяцей. Акрамя таго, у салоне для большага камфорту ўстаноўлены кандыцыянер, а таксама вадкакрышталічны манітор, які дазваляе малым не сумаваць у дарозе.
Па словах дырэктара абласнога ЦКРНіР Алены Мазалоўскай, такі выдатны падарунак значна павысіць даступнасць адукацыйных паслуг для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Раней для падвозу дзяцей, якія навучаюцца ў цэнтры, выкарыстоўваўся мікрааўтобус “Газэль”, перададзены ўстанове па дзяржаўнай праграме развіцця спецыяльнай адукацыі. Транспартны сродак быў абсталяваны толькі рамянямі бяспекі на сядзеннях. Новы спецаўтобус, які мае ўсё неабходнае для перавозкі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, пашырыў нашы магчымасці, — падкрэсліла Алена Генрыхаўна. — Дзеці, якія праходзяць навучанне ў цэнтры, цяпер больш актыўна будуць наведваць мерапрыемствы ў розных кутках краіны і вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.