Цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства — для педагогаў і вучняў Міншчыны

У пачатку ліпеня на Міншчыне пачаў дзейнічаць Цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства, які быў створаны з мэтай пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Мінскай вобласці і правінцый Кітайскай Народнай Рэспублікі ў сферы адукацыі і культуры, а таксама для ўмацавання сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Кітая.

У Мінскай вобласці кітайскую мо­ву вывучаюць 1332 навучэнцы. І трэба адзначыць, што коль­касць жадаючых пастаянна расце. Для параўнання: у 2012/2013 навучальным годзе кітайскую мову вывучалі толькі 44 школьнікі. Навучанне праходзіць у фармаце факультатываў або ўрокаў па замежнай мове. Класы адкрыты і паспяхова працуюць у 21 установе агульнай сярэдняй адукацыі Міншчыны. Лідзіруюць у вывучэнні кітайскай мовы Мала­дзечанскі, Барысаўскі, Валожынскі і Смалявіцкі раёны.

Цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства размясціўся на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Наведвальнікам тут прапануецца літаратура па гісторыі, культуры, мастацтве, эканоміцы; даведнікі і карты на кітайскай мове; вучэбна-метадычная літаратура; аўтарскія матэрыялы метадыстаў Мінскага абласнога ІРА. Таксама ў агульным доступе аўдыявізуальныя сродкі навучання, медыярэсурсы; праграмы перадач на кітайскай мове; камп’ютарнае абсталяванне (ноўтбукі, планшэты).

Метадычнае, літаратурнае, тэхнічнае і эстэтычнае напаўненне цэнтра стала магчымым дзякуючы падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Акрамя таго, у цэнтры сабраны фотаальбомы, у якіх адлюстраваны найбольш значныя моманты з гісторыі развіцця супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Мінскай вобласцю і правінцыямі Кітая, падзеі з жыцця ўстаноў адукацыі Міншчыны, накіраваныя на папулярызацыю беларуска-кітайскага сяброўства.

У межах дзейнасці цэнтра запланаваны разнастайныя мерапрыемствы, адным з якіх з’яўляецца арганізацыя ўзаемадзеяння настаўнікаў кітайскай мовы праз спецыяльна створаную прафесійную анлайн-супольнасць. Далучыцца да яе праз рэгістрацыю ў сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle (на сайце МАІРА) могуць як настаўнікі кітайскай мовы, так і прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў адукацыі, у якіх плануецца вывучэнне кітайскай мовы.

Стварэнне такой прафесійнай супольнасці будзе садзейнічаць абмену сучаснымі метадычнымі распрацоўкамі, новымі ідэямі, творчымі знаходкамі ў выкладанні. Для арганізацыі працы з навучэнцамі ў летні перыяд цэнтр прапануе інтэрактыўныя аўтарскія матэрыялы, створаныя метадыстамі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Інтэрактыўныя прэзентацыі дапамогуць навучыць кітайскай каліграфіі, дадуць магчымасць асвоіць асноўныя тоны і фразы маўленчага этыкету. На дадзены момант для агульнага карыстання загружана 40 такіх прэзентацый.

Як адзначыла каардынатар цэнтра, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела грамадска-гуманітарных дысцыплін МАІРА Наталля Радзевіч, стварэнне Цэнтра беларуска-кітайскага сяброўства — чарговая прыступка ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Цэнтр арганізаваны ў адпаведнасці з інфармацыйна-аналітычнай запіскай “Год рэгіёнаў Беларусі ў Кітаі: задачы на 2020 год і чаканыя сярэднетэрміновыя вынікі”, падрыхтаванай Пасольствам Беларусі ў КНР.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Марыі АРЭХ.