Цэнтр духоўнасці

- 11:01Выхаванне

Духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія ўрачыста адкрылі надоечы ў Магілёве.

Цэнтр стварылі выкладчыкі і навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Рэалізацыя праекта пачалася ў 2012 годзе па ініцыятыве дырэктара навучальнай установы Алега Адамавіча Бахановіча і па благаславенні цяпер ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Падчас урачыстага адкрыцця духоўна-асветніцкага цэнтра імя Кірыла і Мяфодзія.

Ажыццяўленне грамадска патрэбнай ідэі аказалася карпатлівай задачай. Працуючы над стварэннем цэнтра, педагогі і навучэнцы наведалі 110 розных храмаў. Вынікам сталі дзве экспазіцыйныя залы. Першая прысвечана ўсім сусветным рэлігіям. Акцэнт зроблены на пяці асноўных: праваслаўі, каталіцызме, іўдаізме, пратэстанцтве, ісламе. Прадстаўляючы гісторыю ўсіх канфесій у адным памяшканні, выкладчыкі каледжа разлічваюць выхоўваць у падрастаючага пакалення талерантнасць і павагу адно да аднаго. Другая зала больш падрабязна расказвае пра асноўную рэлігію на тэрыторыі Беларусі — праваслаўе. Адметна, што сярод экспанатаў цэнтра не толькі асвечаныя іконы і Евангелле. У экспазіцыях таксама макеты храмаў, скульп­туры, вырабленыя рукамі майстроў і навучэнцаў каледжа.

— Адкрыццё гэтага цэнтра — значная падзея. Сённяшнія школьнікі і студэнты праз некалькі гадоў будуць вызначаць характар нашага грамадства. Таму важна выхоўваць іх у духоўнасці, маральнасці, патрыятызме. Выхаванне пачынаецца ў сям’і, але працягваецца ўжо ў навучальных установах. Таму неабходна, каб у школах, каледжах, універсітэтах разам з адукацыяй была і духоўная асвета. Наша задача — прывіць дзецям навыкі дабра, міласэрнасці, любові да блізкіх. Для гэтага трэба аб’яднаць намаганні царквы, сям’і і ўстаноў адукацыі, — адзначыў архібіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

Адкрыццё духоўна-асветніцкага цэнтра імя Кірыла і Мяфодзія аб’яднала прадстаўнікоў кіраўніцтва рэгіёна, навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый і ўсіх рэлігійных канфесій Беларусі. Сумесна падчас пленарнага пасяджэння, круглых сталоў і канферэнцый яны абмеркавалі многія надзённыя праблемы, якія тычацца духоўна-маральнага выхавання моладзі, міжканфесійнага супрацоўніцтва.

Плануецца, што розныя практыка-арыентаваныя мерапрыемствы тут будуць праводзіцца пастаянна. Прычым да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, круглых сталах будуць прыцягвацца прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій. Таксама ў цэнтры будуць праводзіцца перыядычныя экскурсіі і вучэбныя заняткі для навучэнцаў. З лекторыямі будуць выступаць як святары, так і педагогі.

— На базе ўстановы адукацыі духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія — гэта першы падобны цэнтр у краіне. Яго дзверы будуць адчынены заўсёды для ўсіх жадаючых. Мы плануем прыводзіць сюды дзяцей пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Таксама разлічваем, што цэнтр стане месцам прыцягнення для дарослых людзей, якія змогуць па-новаму паглядзець на рэлігію і прыйдуць да агульначалавечых каштоўнасцей, — падкрэсліў дырэктар Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алег Адамавіч Бахановіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.