Цэнтр інтэграцыі адукацыі і навукі

- 11:09Якасць адукацыі

З адукацыйным патэнцыялам, навукова-даследчымі і інавацыйнымі распрацоўкамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта падрабязна азнаёмілася надоечы кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна.

У Беларуска-Расійскім універсітэце сёння вучыцца звыш 5 тысяч студэнтаў. Дзясятая частка — па расійскіх адукацыйных стандартах. Ва ўніверсітэце рыхтуюць кадры для IT-сферы, прадпрыемстваў машынабудавання, энергетыкаў, мехатронікаў, будаўнікоў, спецыялістаў у галіне робататэхнікі, будаўніцтва АЭС і іншых. Палова выкладчыцкага складу мае вучоныя ступені або званні. БРУ заключыў звыш 50 пагадненняў з арганізацыямі і УВА Расіі, што фарміруе асновы сеткавай адукацыі. Тут на пастаяннай аснове праводзяцца сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, адкрыты Міжнародны беларуска-расійскі цэнтр міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры.

Вельмі значна і тое, што ў БРУ на справе ажыццяўляецца інтэграцыя адукацыі з навукай. Мар’яне Шчоткінай прадэманстравалі магчымасці новых лабараторый тэхналагічнага абсталявання, плазменных, тэрмамеханічных, зварачных і адытыўных тэхналогій. Усе яны з’явіліся ва ўніверсітэце дзякуючы рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій”. На праект было выдзелена больш за 141 млн расійскіх рублёў.

— За два гады ў рамках рэалізацыі праекта і на ўласныя пазабюджэтныя сродкі мы істотна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу ў плане закупкі новага ўнікальнага абсталявання, развілі лічбавае асяроддзе ўніверсітэта. Гэта аказала значны ўплыў на павышэнне якасці адукацыі, развіццё навуковай думкі сярод выкладчыкаў і студэнтаў, — паведаміў рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта М.Я.Лусцянкоў.

Саюзны праект не толькі дапамог адкрыць новыя адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў, але і ўмацаваў навукова-тэхнічную базу ўніверсітэта для перспектыўных навуковых даследаванняў. Новы корпус, дзе абсталявана 30 лабараторый, паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак.

Калі дакладней, зараз у БРУ ёсць ліцэнзійныя праграмныя комплексы, якія дапамагаюць ажыццяўляць навучанне студэнтаў з улікам апошніх адукацыйных тэндэнцый. Так, праграмнае забеспячэнне ANSYS, SOLIDWORKS Premium спрыяе вывучэнню студэнтамі сучасных метадаў праектавання, правядзенню спецыялізаваных інжынерных даследаванняў на аснове аналізу лічбавых 3D-мадэлей аб’ектаў.

Набыццё робататэхнічнага комплексу зваркі Fanuc M-710IC/50 дазволіла адкрыць вучэбна-эксперыментальную лабараторыю па плазменных, тэрмамеханічных і зварачных тэхналогіях. Акрамя таго, ва ўстанове з’явіліся два новыя інжынерныя камп’ютарныя класы, шматлікія мультыборды. Новае праграмнае забеспячэнне з’явілася таксама ў інжынірынгавым цэнтры SimTech. Асабліва ганарацца ва ўніверсітэце наяўнасцю прафесійнага парашковага 3D-прынтара па метале Shining EP M250, які працуе па SLM-тэхналогіі. Такога абсталявання ў краіне — адзінкі.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — добры прыклад адзі­най навукова-тэхналагічнай і адукацыйнай прасторы дзвюх краін. Лабараторыі, абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, якія сёння маюць супрацоўнікі і студэнты БРУ, адкрываюць вялікія магчымасці.

— Маладыя людзі, якія паступаюць сюды, павінны атрымаць выдатную адукацыю. І тут ужо нельга будзе кі­ваць на недахоп фінансаў. Універсітэт абавязаны стаць цэнтрам навуковай думкі, — адзначыла пасля экскурсіі па УВА Мар’яна Шчоткіна. — Саюзная дзяржава — гэта не словы і лозунгі, а канкрэтныя справы. Мы ўкладваем сродкі ў рэальныя праекты — сумесныя ўстановы вышэйшай адукацыі, прадпрыемствы, прадукцыю. Гэта галоўная мэта, якая будзе садзейнічаць развіццю эканомікі, грамадства і, у канчатковым выніку, павышэнню якасці жыцця людзей, — падкрэсліла кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

У ходзе візіту ва ўніверсітэт Мар’яна Шчоткіна сустрэлася са студэнцкай моладдзю і рэктаратам БРУ. Гутарка прайшла ў нязмушанай атмасферы, кожны студэнт мог задаць госці любое пытанне і атрымаць на яго дэталёвы адказ.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Дзіяны ГАРАНІНАВАЙ.