Цэнтр спартыўнага жыцця

- 12:37Навіны рэгіёнаў

Калектыў Яноўскага дзіцячага сада — базавай школы Краснапольскага раёна адной з асноўных задач дзейнасці сваёй установы бачыць умацаванне фізічнага здароўя навучэнцаў. Педагогі ўпэўнены: развіццё фізічных навыкаў, прывіццё асноў здаровага ладу жыцця — важнае звяно ў гарманічным развіцці асобы. Таму тут вядуць старанную работу па прыцягненні вучняў да заняткаў фізкультурай і спортам.

Асаблівую ўвагу ў школе ўдзялілі папулярызацыі зімовых відаў спорту. Год назад ва ўстанове была рэалізавана ініцыятыва “Яноўка — хакейная сталіца Краснапольшчыны”. Яна ажыццяўлялася ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрасаюзам і ПРААН.

— Фінансавую падтрымку наша ініцыятыва атрымала і ад мясцовага фонду развіцця “Старт-Усход”. Дзякуючы ўсебаковай дапамозе, на тэрыторыі школы была пабудавана выдатная лядовая пляцоўка. Акрамя таго, мы набылі неабходную спартыўную форму, экіпіроўку для дзвюх хакейных каманд, канькі. А энтузіязм нашых педагогаў на чале з настаўнікам фізкультуры Сяргеем Леанідавічам Васільевым за кароткі тэрмін дазволіў зрабіць школу сапраўдным цэнтрам па навучанні ўсіх жадаючых навыкам гульні ў хакей, — расказала дырэктар установы Святлана Васільева.

Па яе словах, зараз каток з’яўляецца адным з найбольш папулярных месцаў масавага зімовага адпачынку ў аграгарадку. Лядовая пляцоўка не пустуе ні вечарам, ні ў выхадныя. На каток прыходзяць дзеці разам са сваімі бацькамі, прыязджаюць і сяброўскімі кампаніямі, і сем’ямі. Тут гуляюць у хакей, проста катаюцца на каньках, вучаць катацца малых. Весела, з карысцю для здароўя праводзяць вольны час.

— Сёння ў школе няма ніводнага вучня, які б не стаяў на каньках. У нас праходзяць таварыскія хакейныя матчы паміж установамі адукацыі раёна і сярод жыхароў усіх узроставых катэгорый аграгарадка, тым самым папулярызуючы некалі страчаныя традыцыі хакея на Краснапольшчыне. Такое правядзенне вольнага часу садзейнічае фарміраванню культуры актыўнага адпачынку, навыкаў здаровага ладу жыцця. Гэта адна з самых дзейсных форм арганізаванай занятасці дзяцей і моладзі, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна.

Актыўна далучаюць у Яноўскім ВПК навучэнцаў і да іншых зімовых відаў спорту. Дзеці не толькі з задавальненнем становяцца на канькі, але і ўдзельнічаюць у лыжных гонках і эстафетах. Для гэтага тут спецыяльна пракладзена лыжня.

Аматарскі ўзровень заняткаў спортам паступова пераходзіць на больш высокі ўзровень. За апошнія гады хакейная каманда ўстановы станавілася пераможцай раённых спаборніцтваў “Залатая шайба”, займала прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Для настаўнікаў такія дасягненні вельмі важныя. Але вялікую знач-насць мае для педагогаў і тое, што справа іх рук прыйшлася па душы жыхарам не толькі аграгарадка, але і ўсяго раёна. А школа стала цэнтрам мясцовага спартыўнага жыцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.