Цэнтр творчасці = цэнтр працы

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Летам многія падлеткі імкнуцца як мага больш карысна і рацыянальна арганізаваць свой вольны час і не толькі адпачыць і набрацца сіл, але і папрацаваць. Таму апошнія гады надзвычай запатрабаваныя лагеры працы і адпачынку. У розных установах падлеткам прапаноўваюць розныя віды працы. Шырокія магчымасці для працы і адпачынку можа прадаставіць дзецям і цэнтр творчасці. У гэтым супрацоўнікі ЦДТ Нясвіжскага раёна пераканаліся на ўласным вопыце — ва ўстанове чацвёрты год запар арганізоўваецца лагер працы і адпачынку (ЛПА).

Для педкалектыву Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна лета вельмі напружаная пара. Акрамя гуртковай дзейнасці, цэнтр арганізоўвае і праводзіць разнастайныя мерапрыемствы для выхаванцаў усіх аздараўленчых лагераў раёна, жыхароў горада і вёсак раёна. І ўдзельнікі ЛПА — падлеткі старэйшыя за 14 гадоў — актыўна далучаюцца да гэтай дзейнасці.

Работа лагера ў гэтым годзе была арганізавана ў рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, і таму асаблівая ўвага была накіравана на развіццё практычнага краязнаўства. Юнакі і дзяўчаты, выхаванцы лагера, рыхтавалі і праводзілі краязнаўчыя квесты, акцыі і конкурсы, прысвечаныя Году малой радзімы, гульнявыя адукацыйныя і забаўляльныя праграмы на дыскатэках у аздараўленчых лагерах, дварах горада і ў вёсках. Падлеткі працавалі аніматарамі, выраблялі сувенірную прадукцыю, займаліся ўпрыгожваннем памяшканняў і адначасова адпачывалі самі.

Для работы лагера была распрацавана праграма “Вясёлка творчасці”, якая складалася з кірункаў, якія адпавядаюць напрамкам працоўнай дзейнасці. Напрыклад, актыўна працавалі выхаванцы лагера ў “Сувенірнай краме” — уласнымі рукамі стваралі сувеніры, раздатачны матэрыял, які быў патрэбны для правядзення забаўляльных праграм, конкурсаў. У рабоце выкарыстоўвалі стужкі, цеста, паперу, прыродны матэрыял, другасную сыравіну. Такая праца стала для выхаванцаў добрай школай майстэрства.

Маштабнай работы і намаганняў патрабаваў экалагічны квест “Свет у руках тых, хто жыве”. Выхаванцам лагера неабходна было падрыхтаваць мерапрыемства і суправаджаць яго ўдзельнікаў. Месца правядзення — радзівілаўскі парк у Нясвіжы. Заданні былі падрыхтаваны ў залежнасці ад узросту ўдзельнікаў квеста: галаваломкі, рэбусы, гульні і танцы, не абышлося і без карты скарбаў. Квест выклікаў цікавасць не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Таксама выхаванцы лагера выступілі ў ролі экскурсаводаў падчас экскурсіі на электробусе “Таямніцы Нясвіжскага парку”. З першымі заданнямі дзеці выдатна справіліся, праявілі свае творчыя ўменні і арганізатарскія здольнасці.

Падчас летніх канікул частка хлопчыкаў і дзяўчынак знаходзіцца дома. Для такіх дзяцей арганізоўваліся акцыі пад дэвізам “Выходзь на двор гуляць!”. Выхаванцы лагера падрыхтавалі спартыўныя эстафеты, краязнаўчыя квесты па гісторыі горада, гульні, конкурсы, віктарыны. Самых актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў узнагароджвалі сувенірамі.

Ужо не першы год Цэнтр дзіцячай творчасці летам арганізоўвае адукацыйна-гульнявыя праграмы ў аздараўленчых лагерах Нясвіжчыны. Разам з вопытнымі педагогамі выхаванцы ЛПА пабывалі ва ўсіх лагерах раёна з праграмай “Жывём весела!”. Крэатыўныя маладыя вядучыя і добрая, рытмічная музыка падахвочвалі дзяцей прымаць удзел у гульнях і конкурсах, а самыя актыўныя атрымалі тытулы “лепшы танцор”, “кароль дыскатэкі”, “каралева дыскатэкі”.

Выезд у вёскі з дыскатэкай і гульнявой праграмай стаў яшчэ адным заданнем для выхаванцаў лагера. Тут самыя артыстычныя і энергічныя паспрабавалі сябе ў ролі аніматараў. А роставыя лялькі прышліся даспадобы маленькім і дарослым жыхарам вёсак.

Выхаванцы лагера не толькі арганізоўвалі адпачынак для іншых, але і самі адпачывалі. Экскурсіі па родных мясцінах, сустрэчы са знакамітымі землякамі, відэалекторыі і заняткі ў гуртках — усё гэта дало магчымасць цікава і з карысцю правесці свой вольны час. “Маленькія сэрцы вялікага раёна” — экскурсійны маршрут пад такой назвай быў распрацаваны педагогамі цэнтра яшчэ чатыры гады назад. Шмат хлопчыкаў і дзяўчынак з Нясвіжскага раёна прынялі ўдзел у гэтай экскурсіі. І ў выхаванцаў ЛПА яна выклікала цікавасць. Падчас экскурсіі дзеці атрымалі звесткі не толькі пра Нясвіж, але і пра яго ваколіцы, якія маюць не менш цікавую гісторыю. У маршрут уключана наведванне радавых сядзіб як помнікаў архітэктуры, знаёмства з помнікамі культуры і прыроды. Маршрут распрацаваны так, каб фарміраваць цэласнае ўяўленне аб турыстычным патэнцыяле і гістарычнай каштоўнасці нашага раёна.

Лагер працы і адпачынку даў магчымасць юнакам і дзяўчатам знайсці новых сяброў, развіць творчыя здольнасці, атрымаць новыя веды, закаліцца духоўна і фізічна, а таксама зарабіць свае першыя грошы.

Ніла АЧКАС,
намеснік дырэктара ЦДТ Нясвіжскага раёна.