Цэнтральныя героі

- 14:36Гомельшчына

“Цэнтральны герой” — гэта не проста назва сацыяльна-педагагічнага праекта, які рэалізоўваецца ў Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Цэнтральны герой — так можна сказаць пра кожнага педагога адной з лепшых шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці, з якімі супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” сустракаліся ў першы дзень прэс-туру. Яны цэнтральныя героі сістэмы дадатковай адукацыі Гомельшчыны, прыклад для сотні таленавітых рэчыцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Стануць яны і аднымі з цэнтральных герояў тэматычнага дадатку.

Журналісты добра ведаюць: як прэс-тур пачнеш, так ён і пройдзе. Творчай, яркай, запамінальнай, гасціннай, душэўнай — менавіта такой была сустрэча ў Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Складана сказаць, чаго было больш: творчасці, гасціннасці ці душэўнасці. Дастаткова было ўсяго, прычым настолькі, што цёплых успамінаў пра наведванне гэтай установы хопіць на ўсе зімовыя месяцы. Сапраўднае сузор’е талентаў, якое чакала нас ва ўтульных кабінетах цэнтра, яшчэ доўга будзе свяціць у нашых журналісцкіх сэрцах, будзе заўсёды зіхацець на небасхіле сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці.

— Наш цэнтр на працягу апошніх трох гадоў знаходзіцца ў пяцёрцы лепшых устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці. Ён стаў флагманам выхаваўчай, творчай, культурна-масавай і прафарыентацыйнай работы ў Рэчыцкім раёне. Толькі за апошні навучальны год работа нашага калектыву адзначана больш чым 50 дыпломамі рознага ўзроўню, — паведаміла дырэктар Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Мікалаеўна Чыгрынёва.

Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пачаў працаваць у 1946 годзе. Сёння ва ўстанове займаецца больш за 1200 навучэнцаў ва ўзросце ад 3 да 31 года. Пад кіраўніцтвам больш як 40 педагогаў яны наведваюць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, спартыўна-тэхнічнага, фізкультурна-аздараўленчага, культурна-адпачынкавага, эколага-біялагічнага, сацыяльна-педагагічнага і грамадска-гуманітарнага профіляў. Асаблівы гонар цэнтра, раёна і ўсёй вобласці складаюць тры калектывы, які носяць званне ўзорных. Гэта студыя эстраднай песні “Фіеста” пад кіраўніцтвам В.А.Анціпавай, дзіцячы фальклорны ансамбль “Вясняначка”, педагогам якога з’яўляецца Л.М.Дворак, а таксама студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крыніца”, якой кіруе С.І.Азараў.

— Абапіраючыся на вопыт шматгадовай педагагічнай практыкі, працуе педагог дадатковай адукацыі Сяргей Іванавіч Азараў. Нараўне з традыцыйнымі Сяргей Іванавіч сістэматычна ўкараняе ў заняткі актуальныя інавацыйныя кампаненты, якія садзейнічаюць інтэграцыі навучэнцаў у сучаснае жыццё. Перагародкавыя эмалі, пацінаванне металаў, паліганальнае макетаванне, камбінаторна-модульныя кампазіцыі, стылізацыя крывалінейных форм, складаныя аб’ёмна-прасторавыя формы, шлікернае ліццё — гэтыя і многія іншыя тэрміны, паняцці і тэхналогіі, якія дазваляюць пашыраць магчымасці і ўменні навучэнцаў, выкарыстоўвае ў сваёй працы вопытны педагог. Дзякуючы ўмеламу сумяшчэнню традыцыйных і інавацыйных форм і методык, яму ўдаецца падтрымліваць у сваіх навучэнцаў цікавасць да заняткаў. Нядзіўна, што потым многія з іх выбіраюць прафесію ў адпаведнасці з ведамі і ўменнямі, атрыманымі ў “Крыніцы”. І тут не абыходзіцца без цеснага ўзаемадзеяння Сяргея Іванавіча з бацькамі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Эдуардаўна Калацэй.

Работа кожнай установы дадатковай адукацыі нечым падобная, і ў той жа час у кожнай ёсць свае асаблівасці, адметныя напрамкі дзейнасці. Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі адным з першых у краіне звярнуў увагу на абнаўленне форм работы з падлеткамі. У 2014 годзе для навучэнцаў 14—16 гадоў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, пачаў рэалізоўвацца сацыяльна-педагагічны праект “Цэнтральны герой”.

Па словах кіраўніка праекта Марыны Уладзіміраўны Саўкінай, навучэнцы трох школ горада, якія стаялі на ўліку ў ІСН, аб’ядналіся ў тры каманды, трэнерамі ў якіх былі педагогі сацыяльныя. На працягу года вучні зараблялі балы, а педагогі заносілі іх у спецыяльныя кніжкі, была распрацавана сістэма заахвочванняў і пакаранняў. Творчыя мерапрыемствы ў рамках праекта перапляталіся з прафілактычнымі, прафарыентацыйныя — з прапагандай здаровага ладу жыцця. У канцы кожных заняткаў падлеткі галасавалі за цэнтральнага героя сваёй каманды, які змог праявіць сябе і пры гэтым не парушыць законаў.

Для нас, журналістаў, цэнтральнымі героямі першага дня прэс-туру сталі ўдзельнікі і аб’яднання па інтарэсах “Шый ды пары” (кіруе педагог А.Ф.Шаўчэнка), і студыі эстра-днай песні “Фіеста” (В.А.Анціпава), і гуртка “Цымбалы” (З.Ф.Волкава), і гуртка харэаграфіі “Рамонак” (Д.У.Пяшкун), і школы робататэхнікі “Робатрон” (Г.А.Бетанава). І гэта толькі невялікая частка палітры Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, такая ж разнастайная і яркая, як і ўся палітра дадатковай адукацыі Гомельшчыны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.