Цэны і цэнаўтварэнне надзейна кантралююцца

Як заявіў начальнік аддзела каардынацыі кантрольнай дзейнасці Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кірыл Слабко, цэны на сацыяльна значныя тавары кантралююцца пастаянна, да парушальнікаў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні прымаюцца адпаведныя меры.

“Ключавое ў кантролі за цэнамі — аператыўнасць і эфектыўнасць мер, якія прымаюцца. Выкарыстоўваецца комплекс розных інструментаў і механізмаў, каб дасягнуць патрэбнага выніку. Мы ў першую чаргу аналізуем усе звесткі, што паступаюць у міністэр­ства: звароты грамадзян і дзяржорганаў, публікацыі ў СМІ. Асаблівая надзея ў нас на анлайн-форму, размешчаную на сайце МАРГ, якая дае магчымасц­ь даволі дакладна вызначыць, на які тавар і калі павысілася цана, і кропкава працаваць па канкрэтным напрамку”, — сказаў Кірыл Слабко.

Уся атрыманая інфармацыя аналізуецца, даводзіцца да тэрытарыяльных органаў МАРГ для адпрацоўкі. Па выніках разгляду гэтых даных прымаюцца рашэнні. Гэта могуць быць прадпісанні, рэкамендацыі, пачатак адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да вінаватых асоб. Можа быць нават узнята пытанне аб прыпыненні работы гандлёвых аб’ектаў: такое права прадастаўлена МАРГ указам ад 24 красавіка 2020 года № 143.

Міністэрства ў 2020 годзе выявіла 199 парушэнняў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні. Па выніках разгляду гэтых матэрыялаў да адміністратыўнай адказнасці прыцягнута 100 вінаватых асоб. Сума штрафных санкцый склала больш за Br200 тысяч. З пачатку 2021 года ўстаноўлена 16 такіх парушэнняў. “Сярод тавараў, на якія завышаліся цэны, магу назваць цыбулю, грэчку, курыцу. Але гэтыя парушэнні не носяць сістэмнага характару, сёння можа быць адно, заўтра — іншае, — адзначыў Кірыл Слабко. — Штрафныя санкцыі для юрыдычных асоб даволі строгія. Памер штрафу роўны павялічанай у­двая розніцы паміж выручкай, атрыманай незаконным шляхам, і выручкай, што павінна была быць у адпаведнасці з заканадаўствам. Гэтыя сумы на практыцы могуць вылічацца тысячамі і дзясяткамі тысяч рублёў”.

Паводле яго слоў, парушэнні могуць быць і з боку пастаўшчыкоў, і з боку гандлёвых сетак. Але больш такіх фактаў фіксуецца з боку гандлю.

Урад прыняў пастанову ад 23 лютага 2021 года № 100, якая прадугледжвае строгія меры рэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці. У пераліку рыс, мука, манныя крупы, грэчка, аўсянка, ячныя крупы, хлеб, ялавічына, свініна, куры, некаторыя віды каўбас, рыба, малако, кефір, смятана, тварог, плодаагароднінная прадукцыя, цукар, мыла, туалетная папера, падгузнікі, запалкі, а таксама пэўныя лякарствы. З 1 сакавіка штомесячнае змяненне цэн на сацыяльна значныя тавары не павінна перавышац­ь 0,2 працэнта да цаны на гэтыя тавары, якая склалася на апошні дзень папярэдняга месяца. “З прыняццем гэтай пастановы мы ўбачылі рост зваротаў у наш адрас. Па тых матэрыялах, якія мы ўжо разгледзелі, парушэнняў пакуль не ўстаноўлена. Частка матэрыялаў яшчэ ў рабоце”, — звярнуў увагу Кірыл Слабко.