Ці будзе дасягнута паразуменне?

Днямі ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна Мінска прайшло пасяджэнне за круглым сталом, прысвечанае праблемам міжведамаснага ўзаемадзеяння, якое адбываецца пры пераходзе выпускнікоў цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР) у аддзяленні дзённага наведвання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, а таксама практыкі, якія працуюць з дзецьмі і маладымі людзьмі з АПФР. Вядучымі круглага стала былі намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак.
Выпрацаваць адзіныя падыходы ва ўзаемадзеянні

“Нагадаю, што сёння ў краіне дзейнічае 141 ЦКРНіР, — сказаў Васіль Антонавіч. — Цэнтры забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі дзецям-інвалідам з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі ва ўзросце да 18 гадоў. Для навучэнцаў гэтых устаноў распрацаваны вучэбныя планы і праграмы, створана адпаведнае метадычнае забеспячэнне. Уключэнне дзяцей-інвалідаў у адукацыйны працэс садзейнічае іх сацыяльнаму развіццю і рэабілітацыі, а таксама стварае магчымасць для іх спрыяльнай інтэграцыі ў грамадства.
Зараз на базе ЦКРНіР функцыянуюць 141 дашкольная група і 277 класаў, у іх навучаецца і выхоўваецца 2640 дзяцей-інвалідаў з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, 1226 дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў з парушэннямі развіцця атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу. У бягучым навучальным годзе 3875 дзяцей з АПФР былі залічаны ў цэнтры карэкцыйнага развіцця для заняткаў па месцы жыхарства — гэты склад дзяцей пастаянна мяняецца. Мэта карэкцыйнай работы з імі — выпраўленне нязначных, неглыбокіх парушэнняў развіцця і папярэджанне цяжкасцей у навучанні. У бягучым навучальным годзе ў цэнтрах навучаецца і атрымлівае карэкцыйную дапамогу 7741 дзіця.
На базе ЦКРНіР праводзіцца дыягностыка і выяўленне парушэнняў у развіцці дзяцей, фарміруецца і вядзецца банк даных аб асаблівых дзецях. Згодна са звесткамі рэспубліканскага банка даных, сёння на ўліку знаходзяцца 134 974 дзіцяці з АПФР. Калі прасачыць дынаміку, то кожны год адзначаецца павелічэнне колькасці такіх дзяцей. Тлумачэнні тут могуць быць розныя, у тым ліку і тыя, што ўстановы аховы здароўя больш пільна сталі ставіцца да дыягностыкі парушэнняў у дзяцей. Наяўнасць дакладных звестак у банку даных дазваляе максімальна ахопліваць спецыяльнай адукацый дзяцей з АПФР, а таксама рацыянальна планаваць развіццё ўсёй сістэмы”.
У мэтах дасягнення міжведамаснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і арганізацый сацыяльнага абслугоўвання па забеспячэнні сацыяльнай рэабілітацыі асоб з інваліднасцю Міністэрства адукацыі ў 2010 годзе распрацавала метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі пераходу выпускнікоў ЦКРНіР у тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У 2013 годзе яны былі дапрацаваны і зацверджаны Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Па выніках аналізу дзейнасці ЦКРНіР па ўсёй краіне ў мінулым годзе было ўстаноўлена, што колькасць выпускнікоў цэнтраў за гэты перыяд — 201 чалавек. З іх на абслугоўванне ў ТЦСАН перайшлі 125, што склала 62 працэнты ад агульнай лічбы (у папярэдні год было 70 працэнтаў). Найбольш праблемныя сітуацыі ўзнікаюць з прыёмам у тэрытарыяльныя цэнтры Мінска. У прыватнасці, з 16 выпускнікоў ЦКРНіР Маскоўскага раёна летась у гэтыя ўстановы не быў прыняты ні адзін. Асноўная прычына, якая перашкодзіла такому пераходу, — наяўнасць у выпускнікоў медыцынскіх проціпаказанняў. Нагадаем, што ў студзені 2013 года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама Міністэрства аховы здароўя ўстанавілі пералік медыцынскіх паказанняў і проціпаказанняў для аказання сацыяльных паслуг ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання. Згодна з імі, ні адзін выпускнік ЦКРНіР не можа прэтэндаваць на месца ў ТЦСАН. У той час, як пры арганізацыі навучання дзіцяці-інваліда ў ЦКРНіР існуюць толькі некалькі медыцынскіх проціпаказанняў: гэта яўныя парушэнні (або адсутнасць) глытання, жавання (што кампенсуецца кармленнем праз зонд), а таксама псіхічныя расстройствы і расстройствы паводзін, калі дзіця сябе не кантралюе, што небяспечна як для яго асабіста, так і для тых, хто побач. Пры пераходзе ў ТЦСАН колькасць медыцынскіх проціпаказанняў узрастае ў некалькі разоў.
В.А.Будкевіч выказаў меркаванне, што ў адносінах да асоб з інваліднасцю, якія маюць цяжкія парушэнні разумовага і фізічнага развіцця, мэтазгодна выпрацаваць адзіны пералік медыцынскіх проціпаказанняў як пры паступленні іх у ЦКРНіР, так і пры ўладкаванні ў ТЦСАН.
“Што на самай справе перашкаджае пераемнасці паміж гэтымі дзвюма ўстановамі — медыцынскія пытанні ці штатны расклад ТЦСАН, які не адпавядае сучасным патрэбам? — задаў лагічнае пытанне Васіль Антонавіч. — Калі б, напрыклад, колькасць супрацоўнікаў у цэнтрах была большай, ці мелі б значэнне медыцынскія проціпаказанні? У 18 гадоў жыццё для дзяцей-інвалідаў не заканчваецца. Раней у выпускніка ЦКРНіР былі тры магчымыя шляхі, якія выбірала для яго сям’я: накіравацца ў ТЦСАН, у дом-інтэрнат для дарослых або застацца дома. І раней, як правіла, большасць бацькоў уладкоўвала дзяцей у тэрытарыяльныя цэнтры. Цяпер жа многім з іх прыходзіцца кідаць работу і даглядаць дзяцей. Некаторыя прымаюць вельмі нялёгкае рашэнне і адпраўляюць сваіх дарослых дзяцей у дамы-інтэрнаты. Як у адным, так і ў другім выпадку адбываецца сацыяльная ізаляцыя маладых інвалідаў, а таксама тых, хто іх даглядае.
Сёння мы не можам растлумачыць многім бацькам, чаму Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны стварае для іх такі бар’ер пры ўладкаванні ў ТЦСАН. Што тычыцца ўстаноў адукацыі, то адзначу, што зараз 70 працэнтаў дзяцей з АПФР навучаюцца ва ўмовах інтэграцыі — у дзіцячых садах і школах. І гэта па жаданні бацькоў, і ніхто не мае права перашкаджаць ім. Для ЦКРНіР не існуе тыпавога ўзору штатнага раскладу, кожнае ўпраўленне адукацыі вырашае кадравае пытанне ў залежнасці ад канкрэтных запытаў кожнай установы адукацыі, ад кантынгенту і колькасці ў ёй навучэнцаў”.
“У мінулыя гады ў ТЦСАН прымалі ўсіх нашых выпускнікоў, — паведаміла дырэктар ЦКРНіР Маскоўскага раёна Мінска Ірына Леанідаўна Зносак. — А зараз амаль ніхто з нашых дзяцей не можа прэтэндаваць на месца ў гэтай установе. Чацвёра сёлетніх нашых выпускнікоў з няпоўных сем’яў, іх выхоўваюць толькі маці, якія ўжо ў роспачы, яны спадзяюцца, што іх дзяцей усё ж прымуць у ТЦСАН. Інакш ім прыйдзецца звальняцца з работы або аддаваць сваіх дзяцей у дом-інтэрнат, чаго яны вельмі не хочуць. Гэтыя мамы гатовы нават часткова аплачваць знаходжанне сваіх дзяцей у тэрытарыяльным цэнтры”.

Перашкоды штучныя або аб’ектыўныя?

“У нашых 10 дамах-інтэрнатах для дзяцей і маладых людзей з АПФР сёння пражываюць каля 1900 чалавек, з іх 1000 чалавек маюць узрост да 18 гадоў, — сказаў Аляксандр Аляксеевіч Румак. — І мы заўважылі, што ў апошнія гады зменшыўся прыток дзяцей з АПФР. Новыя дзіцячыя дамы-інтэрнаты мы не адкрываем. У многім гэта заслуга сістэмы адукацыі. Па сутнасці, тыя навучэнцы, якія навучаюцца сёння ў ЦКРНіР, маглі б пры непажаданым збегу абставін знаходзіцца ў дамах-інтэрнатах. А так іх бацькі маюць магчымасць працаваць, прафесійна рэалізоўваць сябе, пакуль дзяцей даглядаюць кваліфікаваныя спецыялісты — выхавальнікі і педагогі.
Я вельмі ўражаны тым, што ўбачыў сёння ў ЦКРНіР Маскоўскага раёна, той вялікай работай, якая тут праводзіцца. Выхаванцы зрабілі нам музычны падарунак, і па ўсім было бачна, што ім тут камфортна, што працуюць з імі мэтанакіравана і на самым высокім узроўні. Спадабаўся і падыход да стварэння матэрыяльнай базы.
(Падчас знаёмства з матэрыяльнай базай і адукацыйным асяроддзем цэнтра госці звярнулі ўвагу на тое, што для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, якія самастойна не могуць перамяшчацца, за бюджэтныя сродкі ў межах дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя было куплена спецыяльнае прыстасаванне “каламбер”, якое аблегчыла перамяшчэнне гэтых выхаванцаў па прасторы ўсяго цэнтра, у тым ліку і па прыступках. У Мінску, дарэчы, толькі тры ЦКРНіР з 10 аснашчаны такімі прыстасаваннямі. — Заўвага аўтара.)
Чаму ўзніклі абмежаванні, звязаныя з проціпаказаннямі для знаходжання дзяцей і маладых людзей з АПФР у ТЦСАН? Справа ў тым, што штатны расклад супрацоўнікаў тэрытарыяльных цэнтраў не дазваляе сёння прымаць усіх выпускнікоў ЦКРНіР. Шмат супрацоўнікаў з нашых устаноў звальняецца, у асноўным па дзвюх прычынах: вельмі цяжкія ўмовы працы (догляд за чужым 13_круглый стол1(сайт)чалавекам-інвалідам) і нізкія заробкі. Мы не можам зараз забяспе-чыць пражыванне і адначасова суправаджэнне кожнаму маладому чалавеку з асаблівасцямі ў развіцці. Для гэтага няма ні памяшканняў, ні належнай колькасці сацыяльных работнікаў. Гэта аб’ектыўная перашкода. Аднак мы шукаем выйсце — заканадаўча замацоўваем удзел грамадскіх арганізацый у вырашэнні пытанняў сацыяльнага абслугоўвання маладых інвалідаў і ў прадастаўленні ім адпаведных паслуг, як ва ўсіх цывілізаваных краінах. У Германіі, напрыклад, 50 працэнтаў сацыяльных паслуг аказваюць некамерцыйныя грамадскія арганізацыіі. Ёсць у гэтай краіне і спонсарская, і дабрачынная дапамога, і бацькі таксама ўдзельнічаюць у аплаце паслуг суправаджэння сваіх асаблівых дзяцей”.
“Пералік названых проціпаказанняў стаў вынікам таго штатнага раскладу, на які дало згоду Міністэрства фінансаў, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва — начальнік аддзела адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Мікалаеўна Фёдарава. — У краіне дзейнічаюць 146 цэнтраў тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У іх працуе 151 аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. На пастаяннай аснове такія аддзяленні наведваюць каля 4 тысяч чалавек. З іх толькі 15 працэнтаў — выпускнікі ЦКРНіР. Мы забяспечваем дзённую занятасць больш шырокаму колу інвалідаў. Да ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Закона “Аб сацыяльным абслугоўванні” медыцынскія паказанні і проціпаказанні існавалі толькі пры ўладкаванні ў дамы-інтэрнаты, але наяўнасць такога пераліку важная і пры ажыццяўленні іншых форм сацыяльнага абслугоўвання — надомнага, паўстацыянарнага, дзённага знаходжання. Таму ў законе і была закладзена норма, што асобныя сацыяльныя паслугі прадастаўляюцца пры наяўнасці пэўных медыцынскіх паказанняў і пры адсутнасці некаторых медыцынскіх проціпаказанняў. Такім чынам, мы абмежавалі аказанне сацыяльных паслуг тым, хто па медыцынскіх паказаннях у іх не мае патрэбу і г.д. На жаль, наша работа з галоўным ведамствам, якое ўзгадняе ўсе штатныя нарматывы, у тым ліку і прыкладныя нарматывы колькасці работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў, вядзецца не вельмі хуткімі тэмпамі. Да мінулага года ў нас было на 0,5 стаўкі менш, але мы іх усё-такі атрымалі пры непасрэдным узаемадзеянні на працягу паўгода з Мінфінам. У найбліжэйшы час плануюцца змяненні адносна інвалідаў ІІ групы. Тым з іх, хто вымушаны пражываць самастойна, будуць прапаноўвацца для суправаджэння асістэнты, каб зменшыць паток людзей у дамы-інтэрнаты. Калі здараецца, што бацькі паміраюць, то інвалід застаецца жыць у сваёй кватэры пры пастаяннай дапамозе работніка тэрытарыяльнага цэнтра.
Для таго, каб забяспечыць пераемнасць паміж ЦКРНіР і ТЦСАН, неабходна, на мой погляд, прадубліраваць у ТЦСАН мадэль работы з інвалідамі, якая існуе ў ЦКРНіР, выключыўшы адукацыйны складнік і дыягностыку. У ЦКРНіР у класе — 6 навучэнцаў, яго “апякуюць” два выхавальнікі, настаўнік і памочнік выхавальніка. У тэрытарыяльным цэнтры можна выключыць пасаду настаўніка. У ідэале выпускнікі з ЦКРНіР у поўным складзе павінны пераходзіць у ТЦСАН”.
“Зараз пад нашай пільнай увагай знаходзяцца пытанні ранняга ўмяшання ў планаванне цяжарнасці жанчын і кантролю за ёй. Чым раней мы пачынаем кантраляваць, тым лепшыя вынікі атрымліваем, — падкрэсліла начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Анатольеўна Лёгкая. — Мы праводзім дыягностыку на ранніх тэрмінах цяжарнасці. Першае ўльтрагукавое абследаванне праводзіцца на 12-м тыдні цяжарнасці, што дазваляе своечасова дыягнаставаць магчымыя праблемы і папярэдзіць аб іх бацькоў, за якімі рашэнне — пакінуць ці не дзіця з паталогіяй. Добрыя вынікі дасягнуты ў нас і ў лячэнні, і ў выходжванні дзяцей. Выжывальнасць дзяцей з нізкай масай цела (да 1 кілаграма) складае 75 працэнтаў. Але малая вага пры нараджэнні зусім не з’яўляецца сінонімам інваліднасці. Калі ж такое ўсё-такі здарылася, маральны абавязак бацькоў быць гатовымі да выхавання свайго асаблівага дзіцяці, а ўсе службы таксама павінны падключыцца да гэтай карпатлівай працы, пачынаючы ад родадапаможнай службы і заканчваючы Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Сёння Міністэрства аховы здароўя чуе ў свой адрас шмат крытыкі, і мы гатовы разгледзець усе набалелыя пытанні і праблемы, у тым ліку і звязаныя з паказаннямі і проціпаказаннямі для аказання сацыяльнай дапамогі, а таксама наладзіць канструктыўны дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі з улікам усіх аб’ектыўных абставін”.

У пошуку сумеснага рашэння

Напрыканцы сустрэчы было прынята рашэнне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы экспертаў-спецыялістаў трох ведамстваў, якая разгледзіць фінансава-эканамічныя і практычныя пытанні, не пакіне без увагі і эмацыянальны аспект справы, пытанні інклюзіі. Сёння спецыялістам трэба ўзяць у рукі калькулятары і падлічыць, што эканамічна мэтазгодна, а што не. Важна мець звесткі за апошнія тры гады, напрыклад, аб тым, колькі чалавек не было накіравана ў дамы-інтэрнаты дзякуючы рабоце ТЦСАН, колькі бацькоў выйшлі на работу, а не засталіся сядзець дома з дзецьмі. А гэта азначае, што яны не будуць жыць на невялікую пенсію па доглядзе за інвалідам, якую плаціць дзяржава, а самі будуць зарабляць грошы і плаціць падаткі. Ёсць пэўны кошт пражывання ў доме-інтэрнаце, ёсць кошт знаходжання ў дзённых аддзяленнях ТЦСАН, можна зрабіць падлікі расходаў дзяржавы ў адным і ў другім выпадку і высветліць, што больш выгадна для яе і што ў той жа час не стварае сацыяльнага напружання ў грамадстве.
Падобныя падлікі былі зроблены раней адносна эканамічнай мэтазгоднасці існавання ЦКРНіР, дзейнасць якіх, як высветлілася, дазваляе больш рацыянальна расходаваць бюджэтныя сродкі. Дарэчы, навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР у інтэграваных класах масавых школ таксама больш таннае, чым у інтэрнатных установах.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.