Ці можа смецце быць карысным?

- 12:30Нам пішуць

Адказ на гэтае пытанне у рамках суботняга дня навукі шукалі навучэнцы 4 класа Доцішскай школы. І дапамагаць ім у гэтым выклікаліся малодшыя таварышы — вучні 1, 2 і 3 класаў.

Спачатку хлопчыкам і дзяўчынкам было прапанавана паглядзець мультфільм, у якім расказвалася, што людзям давялося пакінуць планету Зямля з-за наймацнейшага забруджвання. Гісторыя вучняў настолькі ўразіла, што для сябе яны адразу вырашылі: калі людзі і далей будуць у такой жа колькасці выкідаць смецце, то хутка наша планета стане той, як у гэтым мультфільме. А каб гэтага пазбегнуць, трэба са смеццем неяк змагацца.

І пачаць можна з малога — з асабістага прыкладу. Тое, што гэта можа быць дзейсным, пацвердзіла акцыя па зборы другаснай сыравіны. У фае Доцішскай школы былі размешчаны вялікія пакеты з надпісамі: “Метал”, “Пластык”, “Макулатура”. Усе вучні пачатковых класаў з вялікім жаданнем і захапленнем сартавалі смецце. Калі пакеты былі поўныя, усё сабранае смецце адправілі на склад другаснай сыравіны ў пасёлак Радунь. Таксама навучэнцы правялі апытанне сярод жыхароў свайго аграгарадка і даведаліся, што большая частка гатовы сартаваць хатняе смецце.

Пасля таго, як Дзень навукі, а разам з ім і акцыя падышлі да завяршэння, хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ доўга не разыходзіліся — абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі і вынікамі: прыклаўшы старанне і працу, можна зберагчы навакольнае асяроддзе ад забруджвання, але зрабіць гэта магчыма толькі разам. Другім адкрыццём стала інфармацыя ад дарослых, што амаль усе віды смецця можна перапрацаваць паўторна.

Маленькі прынц Антуан дэ Сент-Экзюперы казаў: “Прачнуўся — прыбяры сваю планету”. Дык давайце ж больш беражліва ставіцца да нашай зямлі, каб нашым нашчадкам, гэтак жа як і нам, давялося цешыцца і захапляцца яе прыгажосцю!

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.