“Зялёныя ратавальнікі” — так называецца першае дашкольнае лясніцтва ў раёне, якое год назад з’явілася ў дзіцячым садзе № 1 Нясвіжа “Чароўная краіна”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёння “Зялёныя ратавальнікі” — гэта 12 выхаванцаў дашкольнай установы, якія вучацца беражліваму стаўленню да навакольнага асяроддзя і прымаюць удзел ва ўсіх экалагічных мерапрыемствах горада.
— Дашкольнае лясніцтва было адкрыта год назад у межах Нясвіжскага раённага экалагічнага форуму, які праходзіў у нашай установе, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 1 Нясвіжа “Чароўная краіна” Надзея Бродская. — Падчас яго адкрыцця на тэрыторыі сада была закладзена алея памяці.
Рэалізацыя праекта стала ўзаемным рашэннем Клецкага лясгаса і кіраўніцтва дзіцячага сада. Дзякуючы гэтай ініцыятыве, хлопчыкі і дзяўчынкі ў гульнявой і інтэрактыўнай форме больш даведаюцца пра важнасць захавання лясоў і іх значэнне.
— Мы расказваем малышам і цікавыя факты пра лясную гаспадарку, пра людзей, якія працуюць у лесе, пра тое, як многа трэба ўкласці працы і часу, каб вырасла дарослае дрэва. Спецыяльна для выхаванцаў дзіцячага сада пашылі такую ж форму, як у дарослых работнікаў лясгаса. Дзеткам вельмі падабаецца яе апранаць.
Экалагічнае выхаванне — адзін з прыярытэтных кірункаў работы дзіцячага сада № 1 Нясвіжа. Надзея Бродская адзначыла, што менавіта ад педагагічных работнікаў залежыць тое, наколькі матываванымі вырастуць дзеці і наколькі адказнымі спецыялістамі стануць у будучыні.
— Гэта тычыцца і лясной гаспадаркі, — дадае Надзея Іванаўна. — Бо ўсё пачынаецца з дашкольнага ўзросту, калі закладваюцца асновы для выхавання грамадзянскіх якасцей, экалагічнага выхавання і інш.
Мінулым летам выхаванцы дзіцячага дашкольнага лясніцтва сумесна з гасцямі з Расійскай Федэрацыі і Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі заклалі на тэрыторыі сваёй дашкольнай установы алею дружбы — сімвал дружбы і супрацоўніцтва паміж двума брацкімі народамі.
— У межах гэтай ініцыятывы работа вядзецца з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, — зазначыла Н.Бродская. — У нас праводзіўся сямейны фотаконкурс “Дзіўны свет прыроды”, арганізоўваліся выставы работ, якія дзеткі рабілі з прыроднага матэрыялу, а дапамагалі ім бацькі. Таксама мы праводзілі акцыі “Паклапоцімся пра зімуючых птушак”, “Кожнаму шпаку — па палацы!”, “Пасадзі дрэва” і інш.
Не так даўно выхаванка дашкольнага лясніцтва Настасся Пацяйковіч прымала ўдзел у раённым фестывалі-конкурсе “Я — даследчык” з тэмай “Ці можна вырасціць ялінку ў хатніх умовах?”. Вопыт, які атрымала дзяўчынка, будзе працягнуты: у наступным навучальным годзе разам з педагогамі сада распрацуюцца новыя ідэі, якія таксама будуць прэзентаваны на конкурсе даследчыкаў.
— З лютага гэтага года мы рэалізуем праект “Зялёныя школы”, — дадае Надзея Бродская. — У першую чаргу ён накіраваны на фарміраванне экалагічна адукаванай асобы, якая валодае практычнымі навыкамі ў экалагічным і прыродаахоўным кірунку.
Ва ўстанове дашкольнай адукацыі функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр “Бяспека жыццядзейнасці выхаванцаў”.
— Мы назапашваем шматлікія метадычныя матэрыялы і іншыя рэсурсы для інавацыйнага развіцця, якія будуць карыснымі для нашых калег, — падсумоўвае Надзея Іванаўна. — Не так даўно пачалі рэалізацыю педагагічнага праекта “Фарміраванне навыкаў сацыяльнага ўзаемадзеяння ў дзяцей дашкольнага ўзросту з расстройствамі аўтыстычнага спектра з дапамогай альтэрнатыўнай камунікацыі”. Спадзяёмся, што пасля яго завяршэння таксама зможам падзяліцца цікавымі ідэямі.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА