Ці можна з’есці шэдэўр?

- 11:26Адукацыйная прастора

Гэтым пытаннем задаваліся ўсе, каму пашчасціла ўбачыць работы ўдзельнікаў арт-класа кандытарскага майстэрства ў рамках выставы “ПрадЭкспа-2019”. Неверагодныя тарты і пернікі, салодкія кветкі і шакаладныя вырабы назваць інакш як шэдэўрамі проста немагчыма — столькі ў іх майстэрства, прыгажосці і карпатлівай работы. І гэтыя цуды створаны рукамі не толькі прафесіяналаў, але і пачынаючых майстроў — навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі.

25-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “Прад­Экспа-2019” прайшла ў Мінску. Гэта маштабнае мерапрыемства, у рамках якога праводзіцца шэраг актыўнасцей. Удзел у выставе ўжо шмат гадоў запар бяруць і ўстановы прафесійнай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для харчовай прамысловасці.

На выставе была прадстаўлена лінейка ўстаноў адукацыі — 19 каледжаў і ліцэяў прэзентавалі сваю дзейнасць. На выставачных пляцоўках навучэнцы праводзілі майстар-класы па роспісе пернікаў, стварэнні кветак з жэле, сервіроўцы стала, установы адукацыі дэманстравалі смачныя і прыгожыя вырабы, якія вучацца ствараць іх навучэнцы. 

У рамках выставы праходзіў унікальны гастранамічны праект — Міжнародны кулінарны кубак, падчас якога адбыліся індывідуальныя спаборніцтвы кандытараў і шэф-повараў, а таксама арт-клас. У конкурснай праграме гучна заявілі пра сябе навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі.

Ксенія Патрэпка.

— Мы адзначаем, што з году ў год павялічваецца колькасць удзельнікаў мерапрыемства, — адзначае Людміла Аляксандраўна Аўсяннікава, рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”, які з’яўляецца адным з арганізатараў Міжнароднага кулінарнага кубка. — Радуе, што мы чуем новыя імёны, а самае прыемнае, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі падтрымліваюць моладзь у іх пачынаннях. На такіх мерапрыемствах у іх ёсць цудоўная магчымасць пазнаёміцца са спецыялістамі міжнароднага ўзроўню, набыць новы вопыт, даведацца аб сусветных тэндэнцыях у прафесіі, якую яны выбралі.

Арт-клас прадугледжваў 12 намінацый. Было заяўлена 115 работ, і 79 з іх былі прадстаўлены навучэнцамі і майстрамі каледжаў і ліцэяў. Каб стварыць усю гэтую прыгажосць, трэба мець творчы погляд і падыход, а таксама ведаць сакрэты кандытарскага майстэрства.

— Пасцілаж — гэта рэчыва накшталт самаробнай масцікі. Робіцца з жэлаціну, цукровай пудры, лімоннай кіслаты, — расказвае навучэнка Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Віялета Паплаўская.

— Калі зробіш усё правільна — ляпіць з пасцілажу будзе лягчэй. Варта толькі знайсці годную ідэю, — працягвае расповед яшчэ адзін навучэнец каледжа Дзмітрый Крот. — Для мяне гэта не было праблемай. Я фанат грэчаскай міфалогіі, таму гераіняй майго вырабу стала дрыяда. 

Дзмітрый і Віялета сталі ўладальнікамі бронзавых узнагарод у намінацыі “Скульптура з пасцілажу”.

Выстава работ канкурсантаў быццам мастацкая галерэя, дзе ля кожнага экспаната хочацца прыпыніцца і разгледзець яго, бо ў кожнага — цікавая задумка і мноства цікавых дэталей. Так, ніхто не застаўся абыякавым да работы Настассі Кавалёвай. З шакаладу яна вырабіла Бяззубіка, персанажа мультфільма “Як прыручыць дракона”. Бяззубік аказаўся на фотаздымках бадай што кожнага наведвальніка.

— Спачатку з’яўляецца ідэя, потым раблю замалёўкі, эскізы і толькі потым прыступаю да работы. Гэта даволі няпросты працэс: шакалад трэба растапіць, заліць у формы, пачакаць, пакуль ён застыне, а потым ляпіць і выразаць, — расказвае Настасся, — на стварэнне Бяззубіка спатрэбілася каля месяца.

Конкурсы спрыяюць прафесійнаму росту. Настасся Кавалёва добра гэта разумее: у мінулым годзе яна ўдзельнічала ў конкурсных мерапрыемствах выставы як навучэнка Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя, а ў гэтым го­дзе яна ўжо майстар вытворчага навучання гэтай установы.

За кожнай работай, што прадстаўлена на выставе — велізарная праца не толькі саміх удзельнікаў, але і іх педагогаў.

Ганна Набагаз, навучэнка Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа.

— Нашы навучэнцы ўжо некалькі гадоў запар прадстаўляюць на конкурсе годныя работы з шакаладу, — расказвае Алена Сяргееўна Горбач, педагог Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа. —  Каб вучыць іх, нашым педагогам давялося спачатку самім засвоіць гэтае майстэрства, бо ў праграме навучання гэтага не было. Пабывалі на курсах, купілі спецыяльнае абсталяванне, займаемся з юнакамі і дзяўчатамі на факультатывах — і цяпер нашы навучэнцы маюць поспех.

Відавочна, што зацікаўленасць педагогаў хутка перадаецца іх выхаванцам, як і майстэрства. Так, навучэнка Гродзенскага тэхналагічнага каледжа Ксенія Патрэпка асвойваць уменне працаваць з шакаладам пачала толькі ў гэтым навучальным го­дзе, а ў прафесійным спаборніцтве адразу атрымала “золата”!

— У маёй рабоце з шакаладу я выкарыстоўвала сем розных тэхнік: лепка, мармур, велюр, кара, кветка, тэмпераванне, аэрограф, — расказвае Ксенія. — У выніку атрымаўся яркі певень, які прынёс мне залатую ўзнагароду.

Дарэчы, работа з шакаладам адна з найбольш складаных. Нават з-за невялікага змянення тэмпературы выраб можа расклеіцца, пашко­дзіцца. Так было і з конкурснай работай сёлета. Аднак з усімі праблемамі ўдалося справіцца.

Алена Дзенісевіч.

Конкурсы прафесійнага майстэрства — гэта адзін са спосабаў разгледзець таленты дзяцей і дапамагчы ім развіцца. Заўважыць таго, хто можа стаць новай зорачкай — асаблівае майстэрства.

— Нам няпроста выбраць будучага канкурсанта з мноства таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ў нашай установе, — дзеліцца вопытам Алеся Ула­дзіміраўна Насеннікава, майстар вытворчага навучання Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння. — Аднак, акрамя таленту, для такой дзейнасці неабходна стрэсаўстойлівасць, цярплівасць, працаві­тасць, бо нярэдка, каб давесці выраб да ідэалу, трэба затрымлівацца пасля заняткаў. А яшчэ працуем з бацькамі — іх разуменне і падтрымка вельмі дапамагаюць справе.

Такі падыход да работы дае плён: Алена Дзенісевіч, навучэнка  Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння, атрымала залаты медаль у намінацыі “Святочны торт”. У яе рабоце ўвасобіўся цэлы казачны свет.

Для тых, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях, удзел у міжнароднай выставе — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з усімі навінкамі сваёй прафесійнай сферы, а таксама з лепшымі яе прадстаўнікамі: у рамках кулінарнага кубка прайшлі паказальныя выступленні лепшых шэф-повараў свету. Гэта яшчэ і магчымасць паказаць сябе: на такіх выставах у розных краінах работадаўцы вядуць “паляванне” на таленавітых маладых кадраў. Аб перспектывах, якія даюць такія мерапрыемствы, добра ведае ўдзельніца конкурсу мінулага года Алена Мікалаева.

— На гэтай выставе паглыбляешся ў асаблівую атмасферу, пачынаеш адчуваць сябе часткай адзінай прафесійнай грамадскасці, цябе заў­важаюць, — расказвае Алена. — Я прадстаўляла пернік і вясельны пірог і ўжо на выставе атрымала некалькі прапаноў па працаўладкаванні.  

Алена ў мінулым годзе стала ўладальніцай двух сярэбраных медалёў, і сёння працуе на адным з прадпрыемст­ваў сталіцы. Яна прыехала падтры­маць удзельнікаў гэтага года — навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа, які паспяхова скончыла. Прадстаўнікі каледжа ўдзельнічаюць ў прафесійных спаборніцтвах трэці год запар і кожны раз атрымліваюць узнагароды.

На конкурсных мерапрыемствах працавала журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты з розных краін: Македоніі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіны, Харватыі. Яны былі ўражаны майстэрствам беларускіх кухараў і кандытараў, а таксама будучых майстроў, якія сёння яшчэ вучацца.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.