Ці простая справа стартап?

- 12:02Навіны рэгіёнаў

Годная ідэя здольна змяніць жыццё чалавека і свет навокал. Але гэта магчыма, толькі калі добрая ідэя атрымае рэальнае ўвасабленне. Сёння такое ўвасабленне новых ідэй называюць стартапам. “Асновы вядзення стартапа” — так гучала тэма семінара для педагогаў Міншчыны, які прайшоў у рамках марафону паспяховых практык.

Паняцце “стартап” сёння надзвычай распаўсюджанае і, можна сказаць, моднае. Спачатку стартапам называлі новыя пачынанні ў сферы ІТ, але потым яго значэнне пашырылася. І сёння амаль кожны школьнік ведае пра існаванне стартапаў. Узнікае пытанне: а навошта настаўнікам усё гэта ведаць і тым больш паглыбляцца ў гэтую тэму? Усё проста. Калі ў дзіцяці ёсць ідэя, яму неабходна падтрымка, і ён звернецца да найбліжэйшых дарослых — бацькоў і настаўнікаў. Цудоўна, калі знойдзе дапамогу, якую шукае. Ды і наогул, вало­даць актуальнымі ведамі — зна­чыць быць сучасным і цікавым.

Актыўныя педагогі і іх вучні праявілі шчырую цікавасць да сустрэчы, што прайшла ў МАІ РА. У зале было шмат удзельнікаў бізнес-кампаній, а таксама педагогаў, якія з імі займаюцца. Сваімі ведамі з педагогамі Міншчыны падзяліўся Павел Якіменка, менеджар праекта Deti-MBA Belarus. 

Любы стартап пачынаецца з удалай ідэі. Гэта дае дзецям і мола­дзі значныя перавагі: іх свабодны ад стэрэатыпаў і клішэ розум здольны генерыра­ваць незвычайныя прапановы. І ніводная з іх не можа быць адкінутай, разгледзець і абмеркаваць трэба літаральна кожную, таму што нярэдка поспех маюць самыя нечаканыя з іх. Павел Якіменка прывёў прыклад, калі юныя стартаперы рызыкнулі ства­рыць дапаможнік па выжыванні пры зомбі-апакаліпсісе. Гучыць неверагодна, але гэты прадукт аказаўся запатрабаваным у спажыўцоў, а стартап прынёс сваім стваральнікам фінансавы поспех.

Годная ідэя — адзін з крытэрыяў паспяховасці стартапа, пра якія расказаў спікер. Таксама ён адзначыў, што вялікае значэнне мае каманда, якая бярэцца за рэалізацыю ідэі, і хуткасць яе рэалізацыі. Далей гаворка вялася пра віды стартапаў, спосабы аналізу праектаў і крыніцы іх фінансавання. Таксама слухачы даведаліся, як правільна прадставіць свой праект інвестару, каб атрымаць ад яго грошы.

У цэнтры ўвагі апынуліся і галоўныя сучасныя трэнды, што тычацца стартапаў. Так, найбольш паспяховымі сёння з’яўляюцца праекты, звязаныя са штучным інтэлектам і ўкараненнем дапоўненай віртуальнай рэальнасці, з біятэхналогіямі, экалогіяй, харчовымі прадуктамі, энергіяй, адукацыяй, медыцынай. Выступоўца звярнуў увагу і на тыповыя памылкі, якія робяць удзельнікі стартапаў.

Недастаткова прыдумаць новую справу, трэба яшчэ зрабіць так, каб пра яе ведалі, таму прасоўванне таксама важны аспект, на які неабходна звяр­нуць увагу. Падрабязней пра гэта расказала Алена Рабкіна, SMM-менеджар праекта Deti-MBA, інтэрнэт-марке­толаг, спецыяліст па крэатыў­ных тэхналогіях у рэкламе. Сучасныя тэхналогіі, папулярнасць сацыяльных сетак дазваляюць эфектыўна займацца прасоўваннем тавару, паслугі, кампаніі, укладаючы ў гэта мінімальныя фінансавыя рэсурсы. Праўда, замест грошай давя­дзецца патраціць шмат часу. Спікер прапанавала слухачам канкрэтныя даступныя інструменты для стварэння лагатыпа, рэкламнай прадукцыі, сайта.

Паспяховае прасоўванне прадугледжвае якасны прадукт, яго зручную ўпакоўку, а таксама шырокае інфармаванне. Для інфармавання можна ўзаемадзейнічаць са СМІ, выкарыстоўваць Google-сэрвісы, кросмаркетынг, сайты з аб’явамі, удзельнічаць у мерапрыемствах у якасці партнёра, мець зносіны з патэнцыяльнымі кліентамі ў прыватных паведамленнях. Прысутныя таксама пачулі інфармацыю, як шукаць кліентаў, афармляць акаўнт у сацыяльных сетках, планаваць работу па прасоўванні.

Суровая статыстыка кажа, што толькі 10% стартапаў дажывае да 3 гадоў. Палова пачынанняў знікае ўжо праз год. Нярэдка прычына гэтаму — недахоп ведаў у тых, хто распачынае новую справу. Інфармацыя, якую атрымалі ўдзельнікі семінара, паспрыяе таму, каб было больш поспехаў, чым расчараванняў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.