Ці стане беларуская “Гонка легенд” легендай?

- 11:10Спартыўныя падзеі

Сёння знакамітая біятланістка трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны. 12 верасня спартыўны фестываль “Гонка легенд — зоркі біятлона за мір” праходзіць у прысталічных Раўбічах.

Свен Фішар, Рыка Грос, Міхаэль Грайс, Хальвард Ханевольд, Фрудэ Андэрсен, Ларс Бергер, Ліў-Грэтэ Пуарэ, Хелена Экхальм, Анна Карын Зідэк, Юрый Кашкараў, Аляксандр Папоў, Аляксандр Ціханаў — цэлы россып біятлонных зорак знаходзіцца ў Беларусі. Нехта прыехаў у якасці ўдзельніка гонкі, а нехта ў якасці ганаровага госця. Як Дар’і ўдалося сабраць разам ленегдарных чэмпіёнаў, яна расказала падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні фестывалю ў прэс-цэнтры БелТА.— Гэта ўнікальная з’ява не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Нічога падобнага не праводзілася яшчэ нідзе і ніколі. Ідэя выспявала даўно. Прычым на яе рэалізацыю напрошваліся менавіта “Раўбічы”. Сёння мы маем выдатны біятлонны цэнтр і ўсе ўмовы для такога турніру. Думаецца, гэтыя спаборніцтвы ўдыхнуць новае жыццё ў спартыўны комплекс, — адзначыла на пачатку прэс-канферэнцыі Дар’я Домрачава.
Як аказалася, “Гонка легенд” далёка не адзіная падзея, якой багаты гэты ўікэнд.
Практычна адначасова з агучваннем ідэі правядзення фестывалю ў адрас Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы паступіла прапанова правядзення Кангрэса Еўрапейскага саюза спартыўных журналістаў і семінара для СМІ. Менавіта Дар’я Домрачава была прызнана журналістамі Еўропы лепшай спартсменкай 2014 года. Сімвалічна, што гэтымі днямі Дар’я атрымае каштоўную ўзнагароду ў беларускай сталіцы. Дзякуючы ініцыятыве Домрачавай, для ўдзелу ў Кангрэсе і яго асвятлення акрэдытаваліся 42 замежныя журналісты з 27 краін.
Натуральна, актыўнасць праявілі не толькі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Паток балельшчыкаў у кірунку Раўбічаў назіраецца з самай раніцы. Яшчэ напярэдадні фестывалю яго арганізатары хваляваліся, што не змогуць задаволіць усе заяўкі па білетах.

— Дар’я, якім чынам запрашаліся зоркі біятлона да ўдзелу ў спаборніцтвах і ці былі тыя, хто адмаўляўся?
— Запрашэнні я адпраўляла ў асноўным па электроннай пошце. Канечне, адмовы былі: у некага не атрымлівалася па сямейных абставінах, нехта меў уласныя планы. Але большасць пагадзілася адразу. Гэта было неверагодна прыемна. Натуральна, былі і асцярогі. Для многіх Беларусь — невядомая краіна. Яны нямала чулі пра Раўбічы. Цяпер жа могуць убачыць, што гэта за краіна на самай справе і як выглядае спартыўны комплекс, дзе, я спадзяюся, у бліжэйшай будучыні будуць вырастаць чэмпіёны.

— Вядома, што фестываль выходзіць за біятлонныя трасы.
— Прадугледжаны вялікія зоны для адпачынку ўсёй сям’ёй, там дзеці змогуць пабегаць, пакуляцца. Запланавана выступленне эстрадных і танцавальных калектываў. Усе жадаючыя могуць наведаць цір у раёне запаснога стрэльбішча і пастраляць з пнеўматычнай зброі. Можна купіць сувеніры ў Горадзе майстроў і пакатацца на веласіпедах айчыннай вытворчасці, а таксама пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні тых краін, якія заяўлены ў гонцы.
— У 18.00 адбудзецца высадка ліпавай алеі, — дадала саветнік і прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Настасся Марыніна. — Усе ўдзельнікі гонкі, а таксама ганаровыя госці прымуць удзел у высадцы дрэў і ўстаноўцы памятнага знака ў памяць аб правядзенні фестывалю.

— Дар’я, ці ўдзельнічаеце вы ў гонцы? І хто запрошаны на фестываль у якасці ганаровых гасцей?
— Я не ўдзельнічаю. Усё ж гонка для тых, хто завяршыў спартыўную кар’еру, а я яе яшчэ працягваю. Ганаровы госць — усімі намі любімы Альфрэд Эдэр. Чакаем Клауса Зіберта, Вольгу Зайцаву і многіх іншых. Гэта людзі, якія сталі родапачынальнікамі біятлона, заклалі тыя біятлонныя традыцыі, якія працягваюцца сённяшнім пакаленнем.

— Якія ўзнагароды прадугледжаны за прызавыя месцы?
— Да фестывалю спецыяльна распрацаваны медалі і сувенірная прадукцыя. Усё выканана беларускімі дызайнерамі.

— “Гонка легенд” праводзіцца ўпершыню, да гэтага вы прымалі ўдзел у “Гонцы чэмпіёнаў”. На ваш погляд, ці можа фестываль у Беларусі з часам стаць супастаўным па папулярнасці мерапрыемствам?
— Канечне, хацелася б, каб так і было. Па наплыве балельшчыкаў, якія жадаюць наведаць Раўбічы, мы бачым, што гэта перспектыўны форум. Спадзяёмся, атрымаем станоўчы водгук і ад нашых гасцей.
Гэта падзея, якая даўно напрошвалася. Па водгуках запрошаных спартсменаў мы можам адчуць, што ім гэтага не хапае, падобнага даўно хацелася. Выдатная магчымасць успомніць былы накал, шквал спартыўных эмоцый, сустрэць усіх сваіх апанентаў і біятлонных сяброў. Падзея мае права на жыццё. Хочацца, каб яна працягвалася з году ў год.

— Якія бліжэйшыя планы?
— Правядзенне вось гэтага грандыёзнага турніру. А далей крок за крокам. Я не хачу, каб гэты сезон стаў для мяне нагрузачным, таму надта шмат на свае плечы браць не буду.

— Для тых, хто не можа пабываць на гонцы, ці арганізавана нейкая дадатковая магчымасць убачыць зорак біятлона?
— Павінна ісці прамая тэлетрансляцыя на тэлеканале “Беларусь 5”, забяспечаны сігнал на спадарожнік, яго могуць атрымаць усе еўрапейскія каналы. Для тых балельшчыкаў, якія не трапілі на стадыён, устаноўлены два вялікія экраны за яго тэрыторыяй, у раёне дзіцячых пляцовак.
Усе выручаныя сродкі ад продажу білетаў будуць накіраваны ў дзіцячы хоспіс.
— Напярэдадні гонкі давялося разглядаць пытанне аб павелічэнні колькасці балельшчыкаў. Людзі планавалі ехаць гарадамі, гарадскімі пасёлкамі, было зразумела, што арганізатары не змогуць умясціць усіх жадаючых у загадзя запланаваныя 4 тысячы. Людзям хацелася акунуцца ў атмасферу свята, — дадала Настасся Марыніна.

— Дар’я, цяпер вы трэніруецеся з камандай ці самастойна? Калі мы зможам убачыць вас на трасе наступны раз?
— Мабыць, праз год. Я трэніруюся самастойна, нагрузкі, якія выконвае каманда, для мяне не паказаны медыцынскімі спецыялістамі. Падпарадкоўваюся ўсім іх парадам. Падчас трэніровак арыентуюся на самаадчуванне. Яны праходзяць у спакойным рэжыме. Цяпер праводзіцца базавая работа.

— Калі вы не ўдзельнічаеце ў гонцы, то за каго хварэеце?
— За сяброўства! У мяне няма асабістых сімпатый. Вы некалькі мяне азадачылі. Я разумею, што мне будзе проста прыемна назіраць за самой падзеяй.

— Па якіх крытэрыях складаўся спіс запрошаных гасцей?
— Напачатку мы запрашалі алімпійскіх чэмпіёнаў, але спіс дапоўніўся чэмпіёнамі свету і прызёрамі чэмпіянатаў свету. Тыя, хто не змог прыехаць, абяцалі зрабіць гэта ў наступным годзе.

— Дар’я, хто быў вашым біятлонным кумірам дзяцінства?
— У мяне не было куміраў. Я хварэла за ўвесь спорт і натхнялася праглядам біятлонных спаборніцтваў на ўласныя трэніроўкі.

— Якія ўмовы надвор’я вы б назвалі ідэальнымі для гонкі? Ці хопіць у спартсменаў сіл даць аўтографы і зрабіць сэлфі з балельшчыкамі?
— У нас запланавана аўтограф-сесія, у якой я таксама прымаю ўдзел, падрыхтаваны аўтограф-карты. Перад спаборніцтвамі я кожны дзень кантралявала надвор’е. Сіноптыкі абяцалі, што будзе сонечна. Гэта ідэальныя ўмовы для такога турніру.
Хочацца, каб спаборніцтвы сталі яшчэ і тэсціраваннем Раўбічаў, гэта дазволіць вырашыць тыя дробныя хібы, якія маглі б перашкодзіць пры заяўцы спартыўнага комплексу на больш буйныя спаборніцтвы, што ўваходзяць у каляндар Міжнароднага саюза біятланістаў.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.