Тэма спорту і здаровага ладу жыцця стала неад’емнай часткай маладзёжнага студэнцкага форуму ў Горках. Ужо не першы год таварыскія спаборніцтвы запаўняюць залы спартыўнага комплексу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а падчас нефармальных сустрэч абмяркоўваюцца самыя актуальныя пытанні сістэмы. Як зрабіць спорт папулярным сярод студэнтаў? Як зрабіць студэнцкі спорт папулярным сярод грамадскасці? Гэтыя і іншыя пытанні сталі цэнтрам увагі секцыі “Спорт і здаровы лад жыцця моладзі: ад інтарэсу да вынікаў”.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба адзначыла, што ў Беларусі наспела неабходнасць актыўна ўключаць студэнтаў у міжнародныя адукацыйныя праграмы ў галіне фізічнай культуры і спорту. Чаму б не выкарыстоўваць рэсурсы Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту? Таксама, па меркаванні дырэктара РЦФВС, мы не ў поўнай меры карыстаемся магчымасцю ўдзелу ў міжнародных студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях.
Адной з прапаноў, якія прагучалі ад студэнтаў, стала правядзенне конкурсу на лепшую студэнцкую навукова-практычную работу па праблемных пытаннях спорту на ўзроўні краіны з тым, каб далей можна было прадставіць яе сусветнай грамадскасці. Таксама моладзь выступіла з ініцыятывай праводзіць рэспубліканскі конкурс на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. Было выказана меркаванне аб неабходнасці падтрымкі неалімпійскіх відаў спорту ў праграме рэспубліканскіх універсіяд.
Не засталіся абыякавымі ўдзельнікі секцыі і да арганізацыі студэнцкіх чэмпіянатаў па відах спорту. Разам з тым яны выказалі жаданне працягнуць практыку правядзення ў нашай краіне міжнародных студэнцкіх спаборніцтваў.
Прэзентацыя часопіса Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту стала адным з яркіх момантаў работы секцыі. На яго старонкі трапілі не толькі самі студэнты-спартсмены, але і зоркі спорту, папулярныя сярод студэнтаў.
Студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ Аліна Ганчыеўская і Алена Казючыц прапанавалі праект па стварэнні Беларускай інфармацыйнай арганізацыі студэнцкага спорту, якая будзе дзейнічаць пад эгідай БАСС з мэтай папулярызацыі студэнцкага спорту ў СМІ. У прыватнасці, дзяўчаты распрацавалі сістэму работы з прыцягненнем студэнтаў усіх УВА краіны. У найбліжэйшых планах аўтараў праекта супрацоўніцтва са спецыялістамі Медыяцэнтра БДУ, Інстытута журналістыкі БДУ, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”, тэлеканала “Беларусь 5”, газеты “Прэсбол”, спартыўнага сайта by.tribuna.com, рэспубліканскімі радыёстанцыямі.
Завяршыўся спартыўны блок форуму таварыскім матчам паміж Беларускай дзяржаўнай і Смаленскай сельскагаспадарчымі акадэміямі, адкрытымі спаборніцтвамі БДСГА па армрэслінгу і Рэспубліканскімі адкрытымі спаборніцтвамі па чырлідынгу “Формула будучыні: моладзь+здароўе”.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ.