Ці стане жаба царэўнай?

Маючы зносіны з настаўнікамі фізкультуры, я сярод іншага цікаўлюся, як яны адносяцца да ідэі безадзнакавага навучання. Пераважную большасць адказаў можна аб’яднаць фразай: “Яны і так не хочуць займацца…”. Ці такім магутным стымулам з’яўляецца для навучэнца атрыманая адзнака? Напрыклад, калі ён прабег 30 метраў на “тры”, ці будзе гэтая “тройка” з’яўляцца прычынай для развіцця ім сваіх скорасных якасцей? А калі на “дзесяць”? Усё — стоп, бо я дасягнуў мяжы, я дасканалы? І ўвогуле, з чым або з кім параўноўваць? З нарматывам? Але ж і “адзінка”, і “дзясятка” — станоўчыя адзнакі. Значыць, вынікі і на “адзінку”, і на “дзясятку” — норма? Што тады не норма і навошта градацыя “нармальнасці”? І яшчэ, я добры, калі мы з Ягорам прабеглі на “дзесяць”, але ён усё ж абагнаў мяне?

Рыхтуючыся да чарговага семінара, я яшчэ больш упэўніўся ў думцы пра неабходнасць пераходу да безадзнакавай сістэмы навучання па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. На цяперашні момант для ўсіх навучэнцаў агульнаадукацыйнай школы, аднесеных па стане здароўя да асноўнай і падрыхтоўчай групы, абавязковымі з’яўляюцца два ўрокі фізкультуры і “Гадзіна здароўя і спорту”. ГЗС — факультатыў, але абавязковы; ГЗС — факультатыў, але настаўнік за яго выстаўляе адзнакі ў журнал (дарэчы, толькі бягучыя); ГЗС — факультатыў, але запісваецца на старонках, адведзеных для фізкультуры. ГЗС — суперфакультатыў або недаўрок? Не стану апісваць сістэму ацэньвання па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, скажу толькі, што настаўніку, для таго каб паставіць адзнаку за чвэрць, перш неабходна на аснове бягучых вывесці тры, а то і чатыры прамежкавыя…

Крытыкуеш — прапаноўвай! Прапаноўваю. Псіхолаг і філосаф Эрых Фром, звяртаючыся да праблемы адносін чалавека да навакольнага свету, увёў паняцце арыентацыі. Ён вылучаў плённую і шэраг няплённых арыентацый. Плённая арыентацыя — гэта рэалізацыя чалавекам яго магчымасцей, стваральных здольнасцей. Да плённай арыентацыі здольны любы чалавек, не скалечаны ментальна або эмацыянальна. Чалавек з плённай арыентацыяй — гэта, па выказванні Эрыка Берна, “прынц”. Пазіцыя “прынца” такая: “Я — добры, Ты — добры” (сітуацыя поспеху). Людзі з няплённай арыентацыяй — “жабы”. Іх пазіцыі адрозніваюцца: “Я — добры, Ты — дрэнны” (перавага), “Я — дрэнны, Ты — добры” (дэпрэсіўнасць), “Я — дрэнны, Ты — дрэнны” (безнадзейнасць). Пазіцыі “жаб” апрыёры няплённыя. “Жабамі” — нараджаюцца, “прынцамі” — становяцца. Задача настаўніка — спрыяць станаўленню “прынцаў”: актуалізацыі ў навучэнцаў плённай арыентацыі.

У цяперашні момант ацэньванне па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” носіць параўнальны характар, накіраваны ВОНКІ: “Я — нарматыў”. Гэта выклікае ланцуговую рэакцыю: “Я — клас”, “Я — паралель”, “Я — школа” і г.д. Гэтыя параўнанні заўсёды няплённыя. Калі перавага на карысць “Я”, то мы спрыяем станаўленню, выказваючыся тэрміналогіяй Э.Берна, карычневай “жабы” (“Я — добры, Ты — дрэнны” — перавага). Адваротная сітуацыя дае нам або зялёную (“Я — дрэнны, Ты — добры” — дэпрэсіўнасць), або шэрую (“Я — дрэнны, Ты — дрэнны” — безнадзейнасць) “жабу”. У сістэме “Я — нарматыў” няма месца “прынцу”. Відавочна, што неабходны пераход да безадзнакавай сістэмы ацэньвання, якая носіць параўнальны характар, накіраваны на сябе: “Я — Я ранейшы”. У якасці эталона для параўнання выступае не нарматыў і адпаведны яму бал, а ранейшае найлепшае дасягненне самога навучэнца. Ацэньванне ажыццяўляецца настаўнікам выключна ў слоўнай форме. Канечне, гэтая сістэма не выключае параўнанняў тыпу “Я — клас”, “Я — паралель”, “Я — школа”. Аднак цяпер акцэнт робіцца выключна на сабе: я добры (дрэнны) не ад таго, што ты дрэнны (добры), а таму, што ў мяне ёсць ці няма прыросту. Такім чынам падтрымліваецца імкненне навучэнца трапіць у пазіцыю “прынца”, падкрэсліваецца яго індывідуальнасць.

Менавіта пра індывідуальнасць трэба весці гаворку, бо фізічныя якасці (скорасныя, сілавыя і г.д.) у кожнага вельмі ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ. Калі настаўнік фізкультуры падае каманду: “Вышэй тэмп!”, ён звяртаецца да кожнага навучэнца індывідуальна. Але калі следам гучыць каманда: “Не расцягвацца!” або “Падцягніся!”, то тут ужо ідзе апеляцыя да ўсяго класа, дапускаючы тым самым, што ён (клас) таксама надзелены фізічнымі якасцямі і што ён не вытрымаў тэмпу нейкага эталона. Не існуе агульнага эталона! Таму на пытанне “Я добры, калі Ягор усё ж абагнаў мяне?”, існуе адзіна правільны адказ: “І я добры, І Ягор добры, таму што мы абодва прабеглі ў СВАІМ максімальным тэмпе”.

Максім МІКУЛІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна
Магілёўскай вобласці, член клуба “Крыштальны журавель”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *