Ці ўсе могуць быць творцамі?

- 11:07Вышэйшая школа

Ці можна навучыць чалавека мысліць нестандартна, даючы яму “правільную” інфармацыю з прадказальнымі адказамі? Як знайсці аптымальны падзел паміж стэрэатыпамі і творчасцю? Можа, і не трэба развіваць творчасць ва ўсіх, прымушаючы іх да стварэння? Як адкрыць чалавека і дапамагчы яму адказаць на галоўнае фундаментальнае пытанне: “А хто я ёсць у гэтым свеце?” Чаму важна вучыць усіх аднолькава, але па-рознаму?

На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі круглага стала па праблемах крэатыўнай адукацыі — прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і навукова-тэарэтычнага часопіса “Педагогіка” (Расія).

Андрэй КАРОЛЬ: “Калі мы хочам адкрыць чалавека, то вектар павінен быць накіраваны ад яго, а не да яго. Дакраніцеся да вожыка ці смоўжыка — яны адразу закрыюцца. А моладзь раскрываецца, толькі калі ёй цікава. Формула матывацыі вельмі простая: кажучы мовай матэматыкаў, матывацыя прама прапарцыянальна самарэалізацыі. Дазвольце дзіцяці ствараць на занятках штосьці сваё — і мы атрымаем у будучыні паспяховага вучонага, кіраўніка, добрага грамадзяніна і сем’яніна. Адкрыць чалавека — значыць даць яму магчымасць адказаць на галоўнае фундаментальнае пытанне: “Хто я ёсць у гэтым свеце?”.

Адразу заўважу: у працэсе абмеркавання з’явілася больш пытанняў, чым адказаў. Зрэшты, у гэтым і была задача круглага стала. Як заўважыў рэктар БДУ Андрэй Кароль, “разнапланавыя погляды даюць большую магчымасць з’явіцца новым сэнсам”.

Пытанні, узнятыя за круглым сталом, удзельнікі сустрэчы вынесуць на абмеркаванне ў сваіх падраздзяленнях. Універсітэцкай грамадскасці прапаноўваецца ўключыцца ў вялікую дыскусію і разам шукаць адказы, разам ставіць мэты і выбіраць шляхі да іх рэалізацыі. Бо толькі ў дыскусійным асяроддзі, дзе каштоўна меркаванне кожнага чалавека, можна развіваць ідэі крэатыўнага і эўрыстычнага навучання. 

Універсітэт 3.0: трансфармацыя адукацыйнага асяроддзя

Адным з галоўных пытанняў, што абмяркоўваліся за круглым сталом, быў пераход да мадэлі “Універсітэт 3.0”. Адметна, што кожнае падраздзяленне БДУ ідзе тут сваім шляхам: універсітэт мнагапрофільны, навуковыя даследаванні вядуцца шырокім фронтам, і сферы іх прымянення — самыя разнастайныя. Аднак і матэматыкі, і айцішнікі, і юрысты падхапілі ідэі крэатыўнай адукацыі, бо яны мо­гуць стаць апорай пры стварэнні прадпрымальніцкага ўніверсітэта і саслужыць добрую службу ў падрыхтоўцы будучых прафесіяналаў.

— Трансляцыя аднолькавай, “правільнай”, ужо гатовай інфармацыі (“на сподачку”) розным студэнтам з наступным патрабаваннем аднолькавых адказаў не адпавядае сучаснай мэце, — гаворыць Андрэй Кароль. — Не павінна быць простага ўзнаўлення чужога кантэнту. Нам важна ўлічваць магчымасці і здольнасці кожнага асобнага чалавека і ў рамках адукацыйнай праграмы зрабіць працэс навучання іншым: не даваць “правільную” інфармацыю, а вучыць студэнтаў ствараць штосьці сваё.

Пераход да крэатыўнай адукацыі ў БДУ лагічна пачаўся з падрыхтоўкі выкладчыкаў. Ва ўніверсітэце ўжо два гады дзейнічае вочна-дыстанцыйны курс “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”, які праводзіць рэктар Андрэй Кароль. Семінары заснаваны не на слуханні, а на дзеянні.

Руслан БАЗІЕЎ: “Выхаванне, на жаль, — рэч даволі складаная, асабліва ў наш час. З аднаго боку, мы прапагандуем каштоўнасці капіталістычнага свету, дзе кожны чалавек паспяховы сам па сабе, і ён тым больш паспяховы, чым больш пераадольвае супраціўленне навакольных. Чалавек чалавеку не сябар, таварыш і брат, а сапернік. Але калі мы будзем выхоўваць гэтую спаборнасць без аглядкі на навакольных, то атрымаем адпаведны вынік. Думаю, трэба перайсці нейкую кропку, пасля чаго мы зразу­меем: трэба мяняць адносіны да выхаваўчай работы”.

— Курс Андрэя Дзмітрые­віча дазваляе выкладчыкам раскрыцца і рэалізаваць свой унутраны патэнцыял, сваю патрэбу ва ўзаемадзеянні са студэнтамі, не баючыся страціць выкладчыцкі аўтарытэт, — расказвае прафесар кафедры тэорыі функцый механіка-матэматычнага факультэта БДУ Наталля Броўка. — Гэта дапамагае людзям быць нефармальнымі. Важная задача педагогікі і дыдактыкі: не баяцца апусціцца да ўзроўню студэн­таў. Многія нашы выпускнікі прызнаюцца, што на пачатку вучобы матэматыка здавалася ім вар’яцкай навукай, якую не здолеюць спасцігнуць. І толькі спакваля прыйшло разуменне, што гэта мова, якая дапамагае выказацца. Аднак да гэтага разумення трэба прыйсці! Калі мы разнявольваемся і пачынаем размаўляць са студэнтамі на роўных, узаемадзейнічаць, бачыць у іх водгук, нам лягчэй дастукацца адно да аднаго.

Усе, хто прайшоў курс Андрэя Караля, прызнаюцца, што пачалі працаваць па-іншаму. Кажуць, быццам адкрыліся нейкія дзверцы, і яны адчулі новыя магчымасці для развіцця свайго патэнцыялу — крэатыўнага, пазнавальнага, рэфлексіўнага. І ўсё гэта яны нясуць у студэнцкую аўдыторыю.

— Універсітэт можа быць канкурэнтаздольным і запатрабаваным толькі пры ўмове крэатыўнай і эўрыстычнай адукацыі, — падтрымаў калег з БДУ галоўны рэдактар навукова-тэарэтычнага часопіса “Педагогіка” Руслан Базіеў. — Менавіта гэты фармат падрыхтоўкі прымушае студэнтаў ду­маць, ву­чыць іх быць творцамі сваіх ведаў, а ў перспектыве — стваральнікамі будучыні.

Знайсці сэнсы ў інфармацыйным свеце

Шмат увагі ўдзельнікі круглага стала ўдзялілі філасофскім праблемам, у прыватнасці месцу чалавека ў сучасным свеце.

— Страта чалавека адбываецца з-за таго, што ў ім становіцца ўсё больш чужога і менш свайго, — заўважыў Андрэй Кароль. — Веды і інфармацыя — усё ж розныя паняцці. Інфармацыя — гэта вялізнае мноства, а веды нараджаюцца знутры. І трэба разумець, што ўрокі ў школе ці ва ўніверсітэцкай практыцы, калі выкладчык проста трансліруе пэўную суму інфармацыі, — у будучыні гэта няправільныя рашэнні ў эканоміцы і сацыяльнай галіне, асабістыя і жыццёвыя няўдачы. Гэта закры­тасць лю­дзей, ступень іх нявыяўленых магчымасцей, крэатыўных, пазнавальных здольнасцей, здольнасцей рэфлексаваць, аналіза­ваць. І гэта праблемнае поле школы і ўніверсітэта.

Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што ў наш век машын жывыя веды часта становяцца дэфіцытам і чалавек рызыкуе страціць штосьці вельмі важнае, тое, што традыцыйна сілкавала асобу.

Наталля БРОЎКА: “Калі прыходзіць у аўдыторыю і даво­дзіць студэн­там: “Вы павінны быць высокамаральнымі”, “Вы павінны быць прафесійнымі” і г.д. — нічога не атрымаецца. Аўтарытарны стыль у выхаванні не працуе”.

— Закрыццё чалавека — гэта закрыццё магчымасці чуць сябе, ствараць штосьці сваё, глядзець на сябе вачыма розных людзей, — заўважыў Андрэй Кароль. — Сёння чалавек усё больш маўчыць (не ў фігуральным сэнсе, а калі свайго сказаць яму няма чаго). Мы назіраем тыражаванне чужых фраз, дыскрэтнасць, павярхоўнасць, сімуляцыю. Тое, што лёгка набываецца, лёгка страчваецца. Інфармацыя паглынае сэнс. І чалавек не толькі маў­чыць, але і дрэнна чуе — дрэнна чуе іншых, але найперш сябе. Мастацтва размовы знікае, бо чалавек усё больш схільны выступаць аб’ектам, а не актыўным раскрывальнікам сваіх сэн­саў і ўнутранай прасторы. Як ­адкрыць чалавека? Праз канкрэтны вучэбны працэс, пераносячы самае важнае з філасофіі ў практыку.

Якімі павінны быць сучасныя заданні, вучэбныя планы, стандарты? Можа і не трэба развіваць творчасць ва ўсіх, прымушаць усіх да стварэння? За круглым сталом гучала шмат правакацыйных пытанняў…

Круглы стол па пытаннях крэатыўнай адукацыі праходзіў у БДУ невыпадкова. Як падкрэсліў рэктар Андрэй Кароль, вядучы ўніверсітэт краіны характарызуецца фундаментальнасцю, мае навуковыя школы рознага кірунку і акумулюе розныя погляды на пытанні зместу і мэт адукацыі. Канцэптуальныя рашэнні з’яўляюцца дзякуючы розным меркаванням. Акрамя таго, у БДУ сфарміравана і ўкаранёна сістэма крэатыўнай адукацыі, ёсць наглядная база інавацыйных методык і форм падрыхтоўкі спецыялістаў. На рэгулярнай аснове праводзяцца семінары па фарміраванні эўрыстычных якасцей педагога, здольнага індывідуалізаваць працэс падрыхтоўкі студэнтаў, стварыць умовы для раскрыцця іх творчага патэнцыялу. Функ­цыянуе міжуніверсітэцкі партал “Метадалогія, змест, практыка крэатыўнай адукацыі”, на ўсіх факультэтах укараняюцца крэатыўныя формы навучання.

— Я глыбока перакананы, што адкрыццё чалавека без стварэння свайго немагчыма, — сказаў рэктар БДУ. — Нам часта здаецца, што, калі ўвесці ў вучэбны працэс нейкія дысцыпліны, мы вырашым надзённыя пытанні. Але калі б мы ўвялі прадмет “Думанне”, ці сталі б студэнты на выха­дзе, пасля здачы заліку, больш удумлівымі? Або калі ўвесці прадмет “Мараль­насць” — сталі б яны больш маральнымі? Наўрад ці! Усё, што мы хочам прывіць студэнтам (умен­не сістэмна мысліць, мараль­насць, ­прадпрымальнасць), павінна ­стаць часткай нашых штодзённых лекцый і рэалізоўвацца праз канкрэтныя педагагічныя формы і метады. Пры гэтым варта памятаць: ісціна не знаходзіцца ў галаве аднаго чалавека, а можа быць толькі ў галовах двух і больш суразмоўнікаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА.