Ціха, ідуць экзамены!

1 чэрвеня ў школах краіны з’явіліся таблічкі “Ціха, ідуць экзамены!”. Першы летні дзень стаў хвалюючым і святочным для выпускнікоў 11-х класаў, якіх у гэтым годзе 55,4 тысячы. Ужо дарослыя, але яшчэ дзеці здавалі свой першы выпускны экзамен за курс агульнай сярэдняй адукацыі. Для адзінаццацікласнікаў прадугледжаны чатыры абавязковыя экзамены: пераказ па рускай ці беларускай мове, кантрольная па матэматыцы, гісторыя Беларусі і замежная мова, якія здаюцца вусна.

Тэксты для пісьмовых экзаменаў для 11-х класаў аб’яўляюцца 1, 3 і 5 чэрвеня па радыё і тэлебачанні, адначасова яны размяшчаюцца на сайце Міністэрства адукацыі. Адзінаццацікласнікам пяць гадзін даецца на матэматыку і чатыры — на пераказ па рускай ці беларускай мове. У 10—11 класах дзеці вучацца як па базавых праграмах, так і павышанага ўзроўню. 

Мая першачэрвеньская раніца пачалася ў Маладзечне, у гімназіі № 6. Экзамен пачынаўся ў 9.00, але вучні а палове 9-й ужо сядзелі ў класах. У экзаменацыйны дзень вельмі важна быць арганізаваным і сабраным. Гэта дапамагае засяродзіцца і настроіцца на добры вынік. Адзінаццацікласнікі былі ў працоўным настроі. У кабінетах адчувалася ўрачыстае хваляванне. Думаю, дзеці перажывалі змешаныя пачуцці, але выгляду асабліва не паказвалі. Нават жартавалі.

У суботу ў гімназіі № 6 Маладзечна адзі­наццацікласнікі здавалі матэматыку і рускую мову. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Шпетная, матэматыку базавага ўзроўню здавалі вучні хіміка-біялагічнага напрамку і руска-англійскага. Рускую мову здавалі на базавым узроўні навучэнцы фізіка-матэматычнага класа. “Як у першым, так і ў другім кабінеце сабраліся вучні, для якіх матэматыка і руская мова — няпрофільныя прадметы”, — адзначыла Вікторыя Уладзіміраўна.

У гэтым годзе з 6-й гімназіі Маладзечна, дарэчы, як і ў мінулым, выпускаецца 49 чалавек. Гэта два адзінаццатыя класы. У 11 “А” класе вучацца дзеці, якія выбралі хіміка-біялагічны і фізіка-матэматычны профіль, а ў 11 “Б” на павышаным узроўні вывучалі рускую мову і англійскую, матэматыку і англійскую мову. Расклад экзаменаў і фарміраванне экзаменацыйных камісій залежыць менавіта ад спалучэння профіляў у класах.

“Нягледзячы на тое, што мы рускамоўная гімназія і практычна ўсе дзеці зда­юць рускую мову, ствараем умовы і для тых, хто выбірае беларускую мову. Сёлета ў нас дзве выпускніцы пажадалі здаваць беларускую мову, і для іх была створана экзаменацыйная камісія. Мы заўсёды паважаем выбар нашых выпускнікоў, таму нават для аднаго вучня створым неабходныя ўмовы. Дарэчы, у нас быў такі выпадак”, — працягвала Вікторыя Уладзіміраўна.

Асноўным складнікам поспеху на выпускных экзаменах з’яўляецца падрыхтоўка, якая ў 6-й гімназіі Маладзечна мае шматгранны характар. “Падрыхтоўка да выпускных экзаменаў пачынаецца, можна сказаць, адразу пасля іх заканчэння. Мы кожны год робім аналіз выпускных экзаменаў, абмяркоўваем, што атрымалася больш, а дзе недапрацавалі. Але, як паказвае практыка, не заўсёды работу над памылкамі можна прымяніць пры падрыхтоўцы ў наступным класе. Дзеці ж прыходзяць іншыя, з іншымі запытамі і праблемамі. У сувязі з гэтым акцэнт робіцца на вопыт нашых педагогаў, якія могуць прадбачыць будучыя праблемныя пытанні. Ёсць, канечне, і традыцыйныя памылкі, і каб іх пазбегнуць, патрэбен сістэмны падыход.

Падрыхтоўка да выпускных экзаменаў адбываецца як падчас урокаў, так і ў спецыяльна адведзеныя ў вучэбным плане гадзіны — падтрымліваючыя заняткі. Непасрэдна перад экзаменамі праводзяцца кансультацыі, дзе яшчэ раз паўтараюцца самыя важныя пытанні. Акрамя таго, такія заняткі нацэлены і на эмацыянальную падрыхтоўку дзяцей. Педагог дапамагае настроіцца. Увогуле, мы імкнёмся не перагружаць нашых адзінаццацікласнікаў. Ім жа трэба і навучальны год скончыць максімальна паспяхова, падрыхтавацца да свята “Апошні званок”, выпускнога, таму нагрузку размяркоўваем раўнамерна.

Асобным блокам ідзе работа з бацькамі, якія таксама хвалююцца за сваіх дарослых дзяцей. Тэлефон дырэктара гімназіі Алы Іванаўны Ярашэвіч і ўсіх намеснікаў заўсёды даступны для бацькоў. Праводзім індывідуальныя сустрэчы, запрашаем на бацькоўскі ўніверсітэт, дзе знаёмім з поўнай працэдурай выпускных экзаменаў (калі, дзе будуць праходзіць, расказваем пра нарматыўныя дакументы). На сайце гімназіі ёсць спецыяльная ўкладка “Экзамены”, дзе размешчана ўся інфармацыя”, — заўважыла Вікторыя Уладзіміраўна.  

Вучні і выпускнікі гімназіі № 6 Мала­дзечна — паспяховыя маладыя людзі. Гімназія не першы год займае лідзіруючыя пазіцыі ў сваім рэгіёне. Гэты год не выключэнне. Сярод навучэнцаў 11-х класаў 8 прэтэндуюць на залатыя медалі, чацвёра з іх — пераможцы розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Увогуле, сярод гімназістаў пераможцамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі 17 чалавек, на трэцім этапе гімназісты заваявалі 8 дыпломаў, і на рэспубліцы дыплом 1-й ступені па геаграфіі атрымала навучэнка 10 класа Каця Кажура, па гісторыі дыплом 3-й ступені — васьмікласнік, які ўдзельнічаў за 10 клас, Аляксей Топаль.

Традыцыйна выпускнікі гімназіі паступаюць у медыцынскія і тэхнічныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сярод топавых для іх універсітэтаў — МДУ, БДУ, БДУІР, БНТУ, МДЛУ. У першы экзаменацыйны дзень яны не рызыкнулі агучваць свае прафесійныя пажаданні. Наперадзе ж яшчэ экзамены, затым — ЦТ. Таму жадаю, каб мары сталі рэальнасцю. І ні пуху, ні пер’я!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.