Ціха! Ідуць здымкі!

- 16:01Выхаванне, Рознае
У Пружанах з’явіўся новы тэлеканал “Пяцёрачка”, які пакуль вяшчае ў межах асобна ўзятай школы. Яго праграма не ўваходзіць у лік тых, што друкуюцца ў газетах, але, тым не менш, ніводнай праграмы не прапускаюць тэлегледачы — навучэнцы сярэдняй школы № 5, іх настаўнікі і бацькі. Менавіта ў гэтай школе вучні разгарнулі тэлевізійную кухню і з азартам асвойваюць асновы журналістыкі. Іх тэлепрадукт па гэты бок экрана гледачамі ацэнены на “дзясятку”.

Поспех — стапрацэнтны! Пра такі рэйтынг вядучым тэлеканалам прыходзіцца толькі марыць. А ўсё таму, што на экране яны бачаць самі сябе. Тыя, каго няма ў кадры, таксама хвалююцца, калі чую ць мелодыю застаўкі чарговай праграмы — школьныя сцэнарысты, рэжысёр, аператар, гукарэжысёр, карэспандэнты і іншыя, хто прымераў на сябе дарослыя прафесіі і адказвае за падрыхтоўку выпускаў. А прымерка гэтая адбылася ў аб’яднанні па інтарэсах “Юны тэлежурналіст”, удзельнікамі якога ў кастрычніку гэтага навучальнага года сталі 12 вучняў-старшакласнікаў. Яны пад кіраўніцтвам настаўніц рускай мовы і літаратуры Таццяны Аляксандраўны Грыгорык і Алены Уладзіміраўны Вайцяховіч асвойваюць азы журналістыкі, знаёмяцца з тэорыяй, жанрамі, а ў якасці практыкі “робяць” навіны, здымаюць рэпартажы на злабадзённыя пытанні, бяруць інтэрв’ю ў першых асоб раёна. У студыю навін школьнікі ператварылі бібліятэку, а ў здымачную пляцоўку — усю школу.
У лінейцы канала — пяць паўнацэнных рубрык: “Школьныя навіны”, “Ведай нашых”, “Размова па душах”, “Хачу ўсё ведаць” і “Пасля ўрокаў”.
Безумоўна, галоўная рубрыка для кожнага тэлегледача — “Навіны”. Сюды школьнікі (а лепш сказаць — супрацоўнікі канала) уключаюць інфармацыю пра самыя важныя справы школы, вучобу і пазаўрочную дзейнасць, пра пераможцаў конкурсаў, алімпіяд і іншых мерапрыемстваў. А часам, каб стаць героем навін, неабавязкова быць героем у звыклым сэнсе гэтага слова. Ім ста ць можа кожны, галоўнае — трапіць на вочы аператара і не разгубіцца, адказаць на пытанні карэспандэнта.
А вось каб стаць героем рубрыкі “Пасля ўрокаў”, трэба як мінімум прымаць актыўны ўдзел у жыцці школы: наведваць секцыі, гурткі, прымаць удзел у пазакласных мерапрыемствах, выставах, школьных арганізацыях, не сядзець дома, а збіраць рукзакі і разам з аднакласнікамі хадзіць у паходы, на экскурсіі. “Праводзьце час з карысцю! Раскажыце нам, а мы раскажам усім!” — заклікаюць вядучыя праграмы. Напрыклад, у адной з апошніх праграм расказвалася пра любоў… да маных круп выхаванцаў гуртка “Вясёлка”, дзе дзяўчаты малююць імі замест вулканічнага пяску на падсвечаным шкляным століку сапраўдныя шэдэўры. Дарэчы, апошнім часам гэтае мастацтва набыло сваіх прыхільнікаў і сярод прадстаўнікоў моцнага полу.
Героі праграмы “Ведай нашых” — гэта тыя, каму ўдалося дасягнуць пэўных вяршынь у спорце. Менавіта з гэтай рубрыкі настаўнікі даведваюцца пра таленты сваіх вучняў, іх інтарэсы за школьнымі дзвярыма, асабліва калі яны атрымліваюць высокую ацэнку на конкурсах рознага ўзроўню. Напрыклад, адной з іх стала вучаніца 7 “Б” класа Вікторыя Хмялеўская, якая займаецца фігурным катаннем. Дзяўчынка расказала, як ёй удалося пры цудоўных адзнаках у дзённіку заваяваць столькі ўзнагарод. На яе рахунку — некалькі дзясяткаў медалёў, большасць з якіх за перамогу ў рэспубліканскіх і міжнарожных спаборніцтвах. Для тэлегледачоў Віка правяла майстар-клас прама з катка.
Каб прыняць удзел у падрыхтоўцы праграмы “Хачу ўсё ведаць”, патрэбны толькі аркуш, ручка і цікаўнасць. У фае школы знаходзіцца спецыяльная скрыня — менавіта сюды апускаюць свае пытанні вучні школы. Васьмікласніца Ганна Карпінчык, вядучая праграмы, на самыя цікавыя з іх дае адказы ў сваёй праграме. А пачуць, чаму неба блакітнае ці чаму нельга чхаць з заплюшчанымі вачыма, будзе цікава кожнаму.
“Размова па душах” — гэта тандэм супрацоўнікаў тэлеканала са школьным псіхолагам. Тэмай праграм сталі звароты да псіхолага навучэнцаў і тыя пытанні, якія хоць і не былі агучаны, але турбуюць ледзь ці не кожнага падлетка. “Зараз рубрыку будзе весці з намі і сацыяльны педагог, — дзеліцца Таццяна Аляксандраўна. — Менавіта з ёй мы будзем абмяркоўваць, як перамагчы дэпрэсію, як рэгуляваць канфлікты, плануем і тэмы правапарушэнняў і, у прыватнасці, іх прафілактыку”.
На пакуль што адзіным пружанскім тэлеканале разумеюць, што залог глядацкага прызнання — у якасным тэлевізійным прадукце. Таму ў самых бліжэйшых планах — закупка прафесійнага абсталявання і арганізацыя майстар-класаў карыфеяў журналістыкі. У іх ліку, напрыклад, будуць супрацоўнікі тэлеканала СТБ. Яны ўжо былі ў школе і паглядзелі, чым жывуць іх юныя калегі, як ладзяць сваё тэлебачанне.
Пакуль у эфір “Пяцёрачка” выходзіць раз у месяц. Паказ праходзіць прама ў школьным фае, а калі раптам нехта захварэў, можна паглядзець свежы выпуск на сайце школы. Гэтай магчымасцю карыстаюцца і бацькі навучэнцаў. Канечне, кожны глядач хацеў бы, каб выпускі праходзілі часцей, але пакуль дзеці толькі ўліваюцца ў журналістыку, працуюць “на паўстаўкі”: сумяшчаць паўнацэнную работу з вучобай складана, асабліва калі на носе экзамены — выпускныя і ўступныя. “Магчыма, каб павялічыць частату вяшчання, мы будзем пашыраць штат, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Змена старшакласнікам гатова ў 6-7 класах, вучні якіх з задавальненнем бяруць на заметку вопыт старшакласнікаў”.
У перспектыве, акрамя павелічэння частаты вяшчання, — пашырэнне глядацкай аўдыторыі. Дырэктар школы Іван Аляксеевіч Карабко зазначыў, што зараз абмяркоўваецца пытанне аднаўлення пружанскага тэлебачання. І пры спрыяльным рашэнні школьным журналістам будуць даваць эфірны час, каб “пракручваць” свае навіны і ролікі.
Дарэчы, некаторыя з іх ужо вырашылі: школьны тэлеканал будзе толькі першым вопытам. Ажно пяцёра вучняў з дванаццаці плануюць сваё далейшае жыццё звязаць менавіта з тэлежурналістыкай. Сярод іх адзінаццацікласніца Уладзіслава Адаменка, вядучая праграмы “Навіны”. “Свой канчатковы выбар я зрабіла, толькі калі стала займацца ў гуртку, калі адчула асалоду працаваць у кадры, — гаворыць дзяўчына. — Да гэтага ў мяне былі сумненні, таму што не заўсёды можна ацаніць тое, што не паспрабаваў на сабе. А цяпер я дакладна вырашыла паступаць на факультэт журналістыкі ў БДУ, каб можна было акунуцца ў журналістыку на прафесійным узроўні”.

 

Святлана НІКІФАРАВА.