Ціха! Ідзе… роспіс

- 12:42Культура

28 лютага ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў ІІІ Рэспубліканскі конкурс юных майстроў па мастацкім роспісе сярод навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.

У конкурсе прынялі ўдзел 46 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў з усіх рэгіёнаў краіны: Ляхавіч, Белаазёрска, Шуміліна, Дуброўна, Верхнядзвінска, Докшыц, Мазыра, Гомеля, Парыч, Ашмян, Смаргоні, Гродна, Барысава, Салігорска, Клецка, Крупак, Жодзіна, Магілёва, Глуска, Мінска. Як паведаміла нашаму карэспандэнту намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Анатольеўна Кузьменка, гэтае творчае спаборніцтва прайшло ў рамках праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, які рэалізуецца ў НЦМТДіМ з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыі ў дзіцячым асяроддзі традыцый народнага мастацтва. “Мы цудоўна разумеем, што народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць — гэта не эстрадны вакал і не сучасная харэаграфія, якія карыстаюцца сёння вялікай папулярнасцю ў дзяцей. Гэта такі кірунак, які, безумоўна, вымагае таго, каб яго падтрымлівалі, — падкрэсліла Кацярына Анатольеўна. — І якраз таму некалькі гадоў назад мы і вырашылі рэалізоўваць наш праект. Пачалі з беларускай саломкі, потым была выцінанка, а цяпер вось мастацкі роспіс… Пры гэтым алгарытм нашай дзейнасці ў рамках праекта з году ў год застаецца нязменны: уласна конкурсу юных майстроў па тым ці іншым відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва абавязкова спадарожнічаюць адпаведная рэспубліканская выстава (сёлета яна называецца “Вясёлкавыя рытмы”) і рэспубліканскі майстар-клас для педагогаў”.
18 лютага ўдзельнікаў конкурсу і іх педагогаў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі чакала вельмі насычаная і цікавая творчая праграма. Пасля таго, як яны прыехалі і зарэгістраваліся, для іх была праведзена займальная экскурсія па рэспубліканскай выставе “Вясёлкавыя рытмы” з дэталёвым знаёмствам з рознымі відамі роспісу: так званым гарачым і халодным бацікам (роспісам па тканіне), дэкарыраваннем куфэркаў, роспісам па шкле, пісанкамі і інш. Пасля абеду ў актавай зале быў паказаны спектакль “Снегавік і вясна” ўзорнага тэатра “Сіняя птушка” НЦМТДіМ пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны Анікінай. А паміж гэтымі двума мерапрыемствамі прайшоў уласна конкурс.
На выкананне творчага задання канкурсантам ва ўсіх трох намінацыях — “Роспіс па дрэве”, “Роспіс па шкле” і “Роспіс па тканіне” — адводзіліся чатыры гадзіны. Кожнаму ўдзельніку было загадзя прапанавана распрацаваць канцэпцыю кампазіцыі і падрыхтаваць эскіз. Канкурсантам у намінацыі “Роспіс па дрэве” неабходна было папярэдне загрунтаваць дошку памерам прыкладна А4 — А3 і нанесці алоўкам малюнак, у намінацыі “Роспіс па шкле” — падрыхтаваць шкло (рамку) такога ж памеру, у намінацыі “Роспіс па тканіне” — загрунтаваць пры неабходнасці тканіну, нацягнуць яе на падрамнік і нанесці алоўкам малюнак. Фактычна ў сценах Цэнтра канкурсантам трэба было займацца сваімі работамі на канчатковым этапе. Але ён, гэты канчатковы этап, быў у той жа час і самым адказным. Таму такая цішыня і засяроджанасць панавалі на працягу чатырох конкурсных гадзін.
Удзельнікі былі абсалютна вольныя ў выбары тэматыкі сваіх работ. І тым больш прыемна было, адзначыла сябар рэспубліканскага журы педагог вышэйшай катэгорыі народнай студыі “Выяўленчае мастацтва” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Людміла Анатольеўна Савойка, што канкурсанты ў пераважнай большасці адлюстроўвалі ў сваіх творах Радзіму ва ўсіх яе праявах. Малявалі родных, родную прыроду, любімыя гарады і мястэчкі… “Гэта было вельмі кранальна, — падкрэсліла Людміла Анатольеўна. — І я думаю, што ў гэтым ёсць вялікая заслуга педагогаў. Наогул, дзеці вытрымалі гэты конкурс з годнасцю і, калі можна так сказаць, з інтэлігентнасцю. Тэма роднай краіны ім вельмі блізкая”. У сваю чаргу старшыня журы, старшы выкладчык кафедры методыкі дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, член праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Леанідаўна Папкоўская заўважыла: “Асабліва крэатыўна і з запалам падышлі да конкурсу самыя маленькія канкурсанты. Тэхналагічна ж больш дасканалымі атрымаліся работы ў старшакласнікаў. Ва ўсякім разе гэты конкурс вельмі патрэбны. І мы бачым шчырую зацікаўленасць у ім дзяцей і іх педагогаў”.
А работы, насамрэч, атрымаліся вельмі цікавыя і арыгінальныя! Толькі адзін прыклад. На конкурсе давялося пазнаёміцца з цэлай сям’ёй, дзе мама Святлана Уладзіміраўна Бурак — педагог, а дзве яе дачкі — старэйшая 14-гадовая Каця і малодшая 8-гадовая Ксенія — яе ж вучаніцы ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Абедзве яны прымалі ўдзел у ІІІ Рэспубліканскім конкурсе юных майстроў па мастацкім роспісе ў намінацыі “Роспіс па шкле”, толькі ў розных узроставых катэгорыях. Каця малявала аўтапартрэт з сястрой на фоне роднага горада (па словах мамы, дачка ад пачатку і да канца сама прыдумала гэты сюжэт). А Ксюша, нядаўна пабываўшы ў Белавежскай пушчы, намалявала зуброў і дуб. “Мне здаецца, у іх атрымалася, бо працавалі яны ад душы!” — не хавала радасці за сваіх дачок Святлана Уладзіміраўна. З ёй было салідарна і журы. Абедзве дачкі атрымалі дыпломы І ступені — кожная ў сваёй узроставай катэгорыі.
З падрабязнай інфармацыяй аб выніках конкурсу можна пазнаёміцца на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі www.nchtdm.by.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.