Цікава, актыўна, карысна

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Менавіта так праходзілі вясновыя канікулы ў школьнікаў Клічаўшчыны.

— Асноўная задача, якая стаяла перад навучальнымі ўстановамі, — арганізаваць для дзяцей змястоўную занятасць. Падчас канікул на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна функцыянавалі разнастайныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. У іх змаглі паправіць здароўе каля трохсот навучэнцаў, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме Клічаўскага райвыканкама А.В.Несцяровіч.

Паводле яе слоў, акрамя дзейнасці лагераў, для навучэнцаў працягвалі працаваць шматлікія гурткі, якія забяспечвалі карысную занятасць для звыш 500 навучэнцаў. Мноства дзяцей бавілі вольны час у спартыўных залах навучальных устаноў, якія працавалі да позняга вечара і дзе рэгулярна праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Даспадобы прыйшоўся клічаўскім школьнікам і Open Air фестываль “Цудоўна здаровым быць”, які арганізаваў райкам БРСМ.

— Вялікая ўвага ўдзялялася грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей. У рамках абласнога праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе былі арганізаваны экскурсіі па знакавых мясцінах мікрараёнаў навучальных устаноў, вандроўкі па Магілёўшчыне. Навучэнцы былі задзейнічаны ў валанцёрскіх атрадах па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і памятных знакаў вайсковай славы, — расказала Алена Васільеўна.

Наогул, у канікулярны час у кожнай навучальнай установе Клічаўшчыны праходзілі розныя культурна-забаўляльныя, краязнаўчыя, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Усюды педагогі імкнуліся ахапіць карыснымі і цікавымі справамі як мага больш дзяцей. І важна, што кожны вучань сапраўды змог знайсці для сябе занятак па інтарэсах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі, спорце і турызме Клічаўскага райвыканкама.