Цікава і пазнавальна

- 11:00Навіны рэгіёнаў

“Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць” — такім дэвізам кіруюцца педагогі ясляў-сада № 4 Драгічына ў рабоце з дзецьмі. Выхавальнікі не проста паведамляюць ім пэўную інфармацыю, а прапануюць на практыцы азнаёміцца з аб’ектамі і з’явамі навакольнага свету.

Каб дзеці актыўна спазнавалі прыроду, ва ўстанове была створана метэапляцоўка з неабходным абсталяваннем: дажджамерам, ветраным рукавом, флюгерам, тэрмометрам, барометрам, лінейкай для вымярэння вышыні снежнага покрыва, сонечным гадзіннікам, календаром прыроды, “лаўцом аблокаў”. Для зручнасці работы на метэапляцоўцы ўсталяваны стол і лаўка.

Абсталяванне размешчана кампактна, што дазваляе дзецям самастойна ці з дапамогай выхавальніка весці назіранні за зменай параметраў надвор’я, ацэньваць змены знешняга выгляду аб’ектаў вакол пляцоўкі ў залежнасці ад пары года. На клумбе побач высаджаны расліны-сіноптыкі, па якіх можна рабіць прагноз надвор’я.

Дзеці ў захапленні ад пляцоўкі. Штодзень яны назіраюць за надвор’ем: вызначаюць і параўноўваюць тэмпературу паветра ў цені і на сонцы, колькасць ападкаў, кірунак і сілу ветру, знаёмяцца з відамі аблокаў. Асаблівую цікавасць выклікае “лавец аблокаў”. Усе назіранні дзеці заносяць у журнал у выглядзе ўмоўных знакаў, выстаўляюць паказанні на стэндзе-календары. У канцы кожнага месяца аналізуюцца вынікі і робяцца высновы: якое надвор’е было на працягу месяца і як яно мянялася.

У пачатку месяца дашкольнікі знаёмяцца з народным календаром: назвай месяца і прыроднымі прыметамі (ластаўкі высока лётаюць — сонейка чакаюць, нізка — прадказваюць дождж; дзьмухавец раскрыўся — да сонейка; аблокі высока плывуць — добрае надвор’е нясуць). Дзецям падабаецца правяраць праўдзівасць прымет, якія яны шукаюць разам з бацькамі.

Метэапляцоўка стала маленькай экасістэмай установы. Мамы і таты, калі забіраюць дзяцей, з задавальненнем заходзяць сюды паназіраць за паказаннямі прыбораў. Педагогі рады, што іх намаганні аказаліся недарэмнымі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.