“Цікавае і значнае заўсёды знойдзецца для даследавання”

Выданні, прысвечаныя методыцы краязнаўчых даследаванняў, рэгулярна выходзяць у друк пад аўтарствам настаўнікаў-краязнаўцаў. Аднак гэтыя выданні часцей за ўсё закранаюць толькі некаторыя аспекты краязнаўчай работы з навучэнцамі. З’яўленне ў бібліятэках і кнігарнях практычнага дапаможніка “Да родных вытокаў” стала яркай падзеяй у айчынным краязнаўстве. У выданні падрабязна разглядаецца ўвесь спектр пытанняў методыкі вывучэння роднага краю. Дапаможнік стаў своеасаблівым абагульненнем 40-гадовага краязнаўчага вопыту яго аўтара — загадчыка народнага музея сярэдняй школы № 90 Мінска Станіслава Браніслававіча ХОЛЕВА.

Краязнаўцы — людзі творчыя, а ў такіх людзей бываюць не толькі перыяды творчага ­ўзлёту. І ў пачаткоўца, і ў кары­фея краязнаўчай справы часам узнікаюць пытанні накшталт: “Якую б яшчэ тэму знайсці? Што вывучаць? Як эфектыўна праводзіць даследаванне?” “Спадзяюся, пасля знаёмства з выданнем падобныя пытанні больш не ўзнікнуць у маіх калег”, — усміхаецца аўтар. У кнізе асвятляюцца асноўныя кірункі і віды края­знаўства, змешчаны грунтоўны матэрыял пра спосабы арганізацыі краязнаўчай работы з навучэнцамі ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу. Падрабязна апісваецца методыка правядзення разнастайных краязнаўчых даследаванняў, накіраваных на ўсебаковае вывучэнне малой радзімы. Дарэчы, на мінулагодняй XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі Станіслаў Браніслававіч быў узнагароджаны дыпломам І ступені за распрацоўку і ўкараненне вучэбна-метадычнага комплексу па арганізацыі краязнаўчай работы са школьнікамі.

“Чаму б не даследаваць старыя будынкі, якія зносяцца? Чаму б не вывучыць гісторыю сям’і, якая пражыла ў драўляным доме дзясяткі гадоў? Гэта быў бы вельмі каштоўны матэрыял”.

Вывучэнне геалагічнай будовы, карысных выкапняў, водных аб’ектаў, расліннага, жывёльнага свету, тапанімікі, транспартных шляхоў, археалагічных помнікаў, ваеннага мінулага, лёсу знакамітых землякоў, гісторыі ўстановы адукацыі, радаводаў, народнага дойлідства і побыту насельніцтва, асаблівасцей народнага адзення, ежы, прылад працы і прадметаў хатняга ўжытку, адметнасцей архітэктуры — вось не поўны пералік тэм, якія разглядаюцца ў дапаможніку “Да родных вытокаў”. Асобны раздзел прысвечаны практычнаму прымяненню вынікаў краязнаўчай работы з навучэнцамі. А гэта — стварэнне краязнаўчага музея, арганізацыя і афармленне навукова-даследчых работ, распрацоўка краязнаўчых праектаў, выпуск школьных газет і часопісаў краязнаўчага кірунку, падрыхтоўка артыкулаў і матэрыялаў для СМІ, стварэнне краязнаўчага сайта, віртуальнага музея, інтэрактыўных макетаў і карт, правядзенне прыродаахоўных мерапрыемстваў, рэканструкцыі гістарычных па­дзей, распрацоўка маршрутаў. Адным словам, чытачоў чакае шмат карыснага, краязнаўчага, цікавага і значнага.

“Цікавае і значнае заўсёды знойдзецца для даследавання. Напрыклад, з 20 тысяч рэк вывучана толькі некалькі тысяч, у асноўным буйныя або сярэдніх памераў. А колькі ж існуе невялікіх рэчак, якія ніколі не вывучаліся! Цячэ і цячэ рэчка, бывае, што і знікла, а ніхто не ўзяўся за яе даследаванне. Якая даўжыня? Якая шырыня? Колькі вады нясе? Што было на берагах? Магчыма, некалі стаяў млын? — дзеліцца педагог. — З 10 тысяч беларускіх азёраў вывучаны толькі 2-3 тысячы. Калі ласка — вывучайце! Невялікія лясы, урочышчы, балоты, якія былі асушаны і знікаюць… Калі ўзяць пытанні гісторыі, то ў ХХ стагоддзі зніклі тысячы вёсак. А шляхецкія сядзібы? Сотні з іх дзесьці цалкам зруйнаваны, дзесьці часткова знішчаны, але ж там жылі людзі, якія былі адукаванымі, неслі культуру, асвету. Ці ўзяць для прыкладу звычаі, абрады і нават савецкія песні, папулярныя ў народзе ў 50—60-х гадах. Разам з людзьмі яны адыходзяць у нябыт. Усё гэта трэба вывучаць”.

“Напрыклад, з 20 тысяч рэк вывучана толькі некалькі тысяч, у асноўным буйныя або сярэдніх памераў. А колькі існуе невялікіх рэчак, якія ніколі не вывучаліся! Цячэ і цячэ рэчка, бывае, што і знікла, а ніхто не ўзяўся за яе даследаванне. Якая даўжыня? Якая шырыня? Колькі вады нясе? Што было на берагах? Магчыма, некалі стаяў млын?”

Даследаванне тых жа малых рэк з’яўляецца цалкам даступным для кожнага краязнаўца. Па словах Станіслава Браніслававіча, перад пачаткам комплекснага вывучэння неабходна прааналізаваць крыніцы інфармацыі па водных аб’ектах, сучасныя і старыя тапаграфічныя карты, потым растлумачыць паходжанне назвы ракі, прасачыць змены ў назве, пастарацца знайсці выток, зрабіць яго апісанне, вывучыць рэчышча, характар дна і расліннасці па берагах, хуткасць цячэння, шырыню і глыбіню рэчышча, глыбіню і шырыню даліны, расход вады, яе тэмпературу, колер, характар іхтыяфаўны, паназіраць за пачаткам і заканчэннем ледаставу, веснавым разводдзем, хуткасцю цячэння, вызначыць гаспадарчае выкарыстанне ракі. Падрабязна азнаёміцца з методыкай даследавання рэк можна ў адпаведным раздзеле дапаможніка.

“Для мяне як настаўніка геа­графіі вывучэнне прыродных аб’ектаў — родная стыхія. Аднак праводзячы краязнаўчыя даследаванні, хочаш не хочаш, а даво­дзіцца паглыбляцца ў іншыя галіны ведаў. Так, вывучаючы гісторыю, нельга абысціся без ведання прыроды. Напрыклад, ёсць версія, што старажытны Менск знаходзіўся на рацэ Менцы ў ваколіцах сучаснай вёскі Гарадзішча. У школьным гістарычным атласе я неяк натрапіў на карту, на якой было паказана, што войскі кіеўскіх князёў, калі ішлі на Менск, рухаліся зімой па рацэ Пціч. З пункту гледжання гісторыка гэта магчыма, але толькі не з пункту гледжання географа. Рака Пціч вельмі звілістая, і на ёй шмат палонак. Значыць, войскі ішлі нейкай іншай дарогай”.

Транспартныя шляхі — выдатная тэма для краязнаўчага даследавання. Мэтай вывучэння транспартных шляхоў можа стаць не толькі апісанне іх размяшчэння на тэрыторыі пэўнай мясцовасці, але і раскрыццё заканамернасці гэтага размяшчэння, фактараў фарміравання транспартнай сістэмы, ступені ўзаемадзеяння розных відаў транспарту і іх ролі ў комплексным развіцці гаспадаркі і паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва. “Спачатку развіваліся водныя шляхі. З’яўленне сухапутных шляхоў пачалося толькі ў Χ—ΧII стст., і яны злучалі як першыя гарады, так і басейны рэк, перасякаючы водападзелы. Пры гэтым сухапутнымі шляхамі карысталіся пераважна ў зімовы час, а воднымі — часцей за ўсё ў цёплы перыяд года. Пазней пачалі з’яўляцца пастаянныя кірункі сухапутных шляхоў, якімі карысталіся ўжо на працягу ўсяго года. Вынікі вывучэння транспартных шляхоў мясцовасці можна прадставіць у выглядзе табліц і дыяграм, карт і картасхем”, — падзяліўся педагог.

“Маладым педагогам-краязнаўцам не раіў бы брацца за аб’ёмныя тэмы, а таксама даследаваць вядомыя, дасканала вывучаныя аб’екты. Не менш цікавае і пры гэтым маладаследаванае заўсёды можна знайсці побач”.

Краязнаўчыя даследаванні не толькі дапамагаюць фарміраваць у навучэнцаў любоў да роднага краю. Па словах Станіслава Браніслававіча, існуе так званы краязнаўчы прынцып выкладання, сутнасць якога заключаецца ў тым, што вучні лепш зразумеюць агульнанавуковыя працэсы, асаблівасці з’яў і падзей у іншых мясцовасцях, калі будуць параўноўваць іх з тым, што яны бачылі на малой радзіме. Найбольш шырока такі прынцып выкарыстоўваецца ў геаграфіі. Пры выкладанні гісторыі і грамадазнаўства края­знаўчы матэрыял спатрэбіцца, напрыклад, для разумення сутнасці гістарычных і грамадскіх працэсаў. У фізіцы, хіміі і біялогіі краязнаўчы прынцып выкладання будзе карысны для аналізу хімічных працэсаў у навакольным асяроддзі, тлумачэння фізічных працэсаў, якія могуць назіраць вучні ў сваім краі, і г.д.

“Маладым педагогам-края­знаўцам не раіў бы брацца за аб’ёмныя тэмы, а таксама даследаваць вядомыя, дасканала вывучаныя аб’екты. Не менш цікавае і пры гэтым маладаследаванае заўсёды можна знайсці побач. Неяк мне даводзілася ўдзельні­чаць у гарадскім конкурсе даследчых работ. Аж дзве работы былі прысвечаны Чырвонаму касцёлу! Прычым прадстаўлялі гэтыя работы навучэнцы з Грушаўкі. А там жа цяпер ідзе актыўнае будаўніцтва новых шматпавярховых дамоў. Чаму б не даследаваць старыя будынкі, якія зносяцца? Чаму б не вывучыць гісторыю сям’і, якая пражыла ў драўляным доме дзясяткі гадоў? Гэта быў бы вельмі каштоўны матэрыял”, — падзяліўся Станіслаў Браніслававіч.

Перад людзьмі, якія даўно займаюцца краязнаўствам і назапасілі вялікі вопыт, стаіць адна праблема — захаваць вынікі даследаванняў. Самы выдатны спосаб — стварыць музей. “Калі нехта не стварыў школьны музей — стварайце. Самы лепшы музей для школы — края­знаўчага кірунку. Калі ёсць вопыт — пішыце кнігі. Канечне, на выданне краязнаўчых кніг, дапаможнікаў не заўсёды можна знайсці грошы, а вось у электронным выглядзе сваю працу заўсёды можна аформіць і размясціць спасылку на яе, напрыклад, на сайце школы. Наогул, было б выдатна стварыць у кожным раёне дапаможнік па краязнаўстве на аснове мясцовага матэрыялу. Таму заклікаю аб’яднацца дзеля гэтай карыснай справы ўсіх настаўнікаў: гісторыкаў, географаў, філолагаў — усіх, каму неабыякавы родны край”.

“Было б выдатна стварыць у кожным раёне дапаможнік па краязнаўстве на аснове мясцовага матэрыялу. Таму заклікаю аб’яднацца дзеля гэтай карыснай справы ўсіх настаўнікаў: гісторыкаў, географаў, філолагаў — усіх, каму неабыякавы родны край”.

Як даследаваць водныя аб’екты, помнікі гісторыі, архітэ­ктуры? Як выкарыстоўваць края­знаўчыя веды ў пазакласнай дзейнасці? Нарэшце, якія выбраць тэмы для чарговых краязнаўчых даследаванняў? Як праводзіць гэтыя даследаванні? На ўсе пытанні дапаможнік “Да родных вытокаў” дае грунтоўныя адказы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.