Цікавае побач

У пазнавальныя падарожжы па родным краі выправіліся выхаванцы Астравецкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Год малой радзімы.

Фота да матэрыяла: Цікавае побач.Не ўсе дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця здольныя вытрымаць шматгадзінную паездку, каб наведаць заапарк ці музей, які знаходзіцца ў абласным цэнтры ці сталіцы. А вось паездка ў суседнюю вёску ім пад сілу. Зусім побач, у ваколіцах малой радзімы, таксама шмат цікавага. Ды многія не ведаюць пра гэта. Вось і вырашана было арганізаваць цыкл паездак па родным раёне.

Увесну выхаванцы карэкцыйнага цэнтра з бацькамі і педагогамі наведалі ўнікальны музей жывой прыроды ў аграгарадку Тракенікі, дзе ў невялікім сельскім музеі ўбачылі мноства прадстаўнікоў жывёльнага свету. Мясцовы жыхар Мечыслаў Змітровіч сабраў чучалы амаль усіх звяроў нашых беларускіх лясоў. Тут можна ўбачыць не толькі знаёмых усім лісу, зайца, ваўка ці мядзведзя, але і такіх рэдкіх звяроў, як тхор, куніца, ласка. А колькі знаёмых і незнаёмых птушак, якія жывуць у нашых краях, убачылі дзеці і дарослыя ў гэтым выдатным музеі.

Фота да матэрыяла: Цікавае побач.Працягнулася падарожжа па малой радзіме восенню: гэтым разам экскурсія па маршруце Варняны — Гервяты. Першым прыпынкам стаў аграгарадок Варняны. Усім было цікава пабываць у “Ласасёвым цэнтры”, створаным у Варнянскім яслях-садзе — сярэдняй школе. Дзякуючы яркім інтэрактыўным стэндам, дзеці і бацькі даведаліся шмат цікавага пра ласосяў, які прыплываюць у нашы краі з Балтыкі. Дарослыя з дапамогай наглядных мадэляў змаглі праверыць веды аб гэтай рыбе. На памяць пра наведванне цэнтра ўсім экскурсантам засталіся маленькія сувеніры — рыбкі, зробленыя і ўпрыгожаныя сваімі рукамі.

Фота да матэрыяла: Цікавае побач.Незабыўныя ўражанні засталіся і ад экскурсіі па аграгарадку Варняны. Экскурсію па Варнянах і касцёле Святога Юрыя правяла мясцовы краязнаўца Людміла Кухарэвіч. Варняны — адно з самых старажытных паселішчаў нашага раёна, з багатай і ўнікальнай гісторыяй. Гэтую вёску прынята лічыць сімвалічным геаграфічным цэнтрам нашага раёна. Экскурсанты палюбаваліся касцёлам Святога Юрыя, вартавой вежай і вадзяным млыном, прайшліся па старадаўняй алеі да месца, дзе раней была сядзіба пісьменніка і асветніка, выпускніка Падуанскага ўніверсітэта Яна Абрамовіча.

Чарговае падарожжа выхаванцы карэкцыйнага цэнтра здзейснілі ў аграгарадок Гервяты, дзе знаходзіцца адзін з самых прыгожых касцёлаў не толькі нашага раёна, але і ўсёй рэспублікі. Гэта адзіны касцёл у Беларусі, пабудаваны ў гатычным стылі, і адзін з самых высокіх: яго вышыня дасягае 61 метра.

На гэтым нашы экскурсіі не заканчваюцца… У Астравецкім раёне ёсць яшчэ нямала цікавых месцаў, дзе абавязкова пабываюць выхаванцы нашага карэкцыйнага цэнтра разам з бацькамі.

Наталля БЛАХІНА,
педагог-псіхолаг,
Аксана КУЗЬМІЦКАЯ,
педагог сацыяльны
Астравецкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.