Цікавая прафесія, вялікія перспектывы

- 11:24Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У Віцебску вызначылі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вядуць падрыхтоўку спецыялістаў для сельскагаспадарчых і іншых арганізацый аграпрамысловага комплексу.

На працягу двух дзён у Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак Пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства будучыя ветэрынарныя фельчары — прадстаўнікі 8 профільных каледжаў. У склад кожнай каманды ўваходзілі тры пераможцы першага этапу конкурсу і кіраўнік. Фінальныя спаборніцтвы складаліся з тэарэтычнага і практычнага тураў. Заданні прадугле­джвалі шырокі спектр пытанняў па ўнутраных незаразных хваробах жывёл, хірургіі, эпізааталогіі, акушэрстве, паразіталогіі — іншымі словамі, удзельнікі паказвалі тыя веды, уменні і навыкі, якія ім як маладым спецыялістам спатрэбяцца пасля заканчэння вучобы для работы па спецыяльнасці.

— Мы з задавальненнем узнагароджваем лепшых з лепшых, — расказаў прарэктар ВДАВМ па вучэбнай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Уладзімір Журба. — Гэта юнакі і дзяўчаты (апошніх сярод канкурсантаў, як і сярод нашых студэнтаў, пераважная большасць: ветэрынарная медыцына ў Беларусі апошнім часам набывае жаночае аблічча), якія будуць вызначаць заўтрашні дзень як галіны ў цэлым, так і ветэрынарнай навукі ў прыватнасці. Таму што, спадзяюся, многія з іх вырашаць працяг­нуць адукацыю і стануць нашымі студэнтамі. Карыстаючыся выпадкам, асобна хочацца падзякаваць партнёрам нашага конкурсу — вядучым галіновым прадпрыемствам, якія не толькі аказваюць нам сур’ёзную спонсарскую падтрымку, але і дапамагаюць новымі ідэямі, праводзяць вялікую прафарыентацыйную работу, запрашаюць перспектыўных навучэнцаў і студэнтаў да сябе ў калектывы. Большасць кіраўнікоў і спецыялістаў, сярод якіх, дарэчы, нашы выпускнікі, у розныя гады ўдзельнічалі і перамагалі ў конкурсе па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”.

У камандным першынстве лідарства ўпэўнена пацвер­дзілі пераможцы папярэдняга конкурсу — прадстаўнікі Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага кале­джа. 2-е месца заваявала каманда Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага кале­джа, на 3-е выйшла каманда Аграрнага каледжа ВДАВМ. Аб узроўні падрыхтоўкі ўдзельнікаў і канкурэнцыі ў фінале конкурсу красамоўна сведчаць вынікі ў асабістым заліку. Уладальнік 1-га месца стаў відавочны адразу: найбольшую колькасць балаў набрала Дар’я Фесіна са Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. А далей перад суддзямі паўстала няпростая задача: адразу па тры ўдзельнікі набралі 54 і 53 балы (прычым астатніх канкурсантаў аддзялялі
ад лідараў лічаныя балы). Такім чынам прызавая тройка вырасла да сямёркі, а розніца ў адзін бал вызначыла канкурсантаў, якія занялі 2-е і 3-е месцы. Пасля расшыфроўкі работ былі агучаны іх імёны: на 2-ім месцы — Надзея Брындзя, Павел Дудзінскі (Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж) і Кацярына Бескупеня (Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), на 3-ім — Арцём Пірог (Аграрны каледж ВДАВМ), Дар’я Анішчык (Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж) і Ксенія Радчук (Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.