Цікавая субота

- 10:46Нам пішуць

Лепшая магчымасць паглядзець цікавыя мясціны і пазнаёміцца са славутасцямі роднай краіны — гэта школьныя пазнавальныя паездкі. Менавіта экскурсіі з аднакласнікамі запамінаюцца надоўга і грэюць душу нават у дарослым жыцці. Вучні Ялуцэвіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы разам з бацькамі наведалі Стары замак у Гродне.

Падчас экскурсіі, якая доўжылася паўтары гадзіны, нам удалося пазнаёміцца з гісторыяй славутасці абласнога цэнтра, убачыць цікавыя экспанаты старажытных часоў і сярэднявечча.

Некалькі залаў музея прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны. Зацікавіла хлопцаў і экспазіцыя, якая адлюстроўвае ваенныя падзеі ў Афганістане. Пажоўклыя лісты, фотаздымкі, з якіх глядзяць 20-гадовыя вайскоўцы, дакументы — усё гэта было перададзена ў музей воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Вялізныя падвальныя залы, прысвечаныя фаўне і флоры свету, выклікалі ў школьнікаў мора эмоцый: дзе яшчэ можна ўбачыць столькі макетаў жывёл розных перыядаў і месцаў пражывання? Прычым чучалы выкананы настолькі па-майстэрску, што, здаецца, перад табой сапраўдныя насельнікі лясоў і палёў.

Перавага вялікага горада ў тым, што пасля экскурсіі, цікавай і ўражлівай, можна наведаць іншыя месцы, дзе ў спакойнай атмасферы працягнеш дзяліцца ўражаннямі. А затым — адправіцца ў забаўляльны цэнтр, які прапануе дзятве пракаціцца ў лабірынце, “паплаваць” у басейне з шарыкамі, паскакаць на батуце.

Вярнуліся мы з Гродна поўныя эмоцый і цяпер раім усім пабываць у Старым замку і правесці выхадны з карысцю.

Данута СУШКО,
кіраўнік музея “Жанчыны-маці” Ялуцэвіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы
Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці