Цікавая сустрэча

15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэтае свята з’явілася ў 2001 годзе, а дата выбрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі. Заснаванне прафесійнага свята было ініцыявана Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй. Да свята традыцыйна прымеркавана наведванне бібліятэкі першакласнікамі.

Бібліятэка Нягневіцкай сярэдняй школы – крыніца духоўнасці, ведаў, сховішча спадчыны краіны, дзе займаюцца не толькі зборам кніг і рукапісаў, але таксама захоўваннем друкаваных і электронных выданняў.

У свята Дня бібліятэк хлопчыкі і дзяўчынкі 1 класа пабывалі на сустрэчы “У гасцях у кнігі”, дзе бібліятэкар установы Тамара Гаўрылаўна Краўчанка пазнаёміла юных чытачоў са светам дзіцячай літаратуры, прадставіла экспазіцыю каштоўных і рэдкіх кніг.

Бібліятэчны інфармкур’ер пачаўся з крэатыў-экскурсіі “Бібліятэка-цэнтр інфармацыі і ведаў”. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў гульні “Пазнай казачнага героя”, пазнаёміліся з фондам бібліятэкі, убачылі фармуляры чытачоў.

Скончылася сустрэча чаяваннем. Цёплая атмасфера, дабрыня і шчырасць бібліятэкара адкрыла маленькім чытачам дарогу ў цудоўны свет кніг.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.