Цікавая сустрэча

У нашай школе пабываў незвычайны госць — старшыня Беларускай федэрацыі футбола У.А.Базанаў. Гэта была радасная сустрэча для 150 дзяўчынак і хлопчыкаў.

Размаўляючы з вучнямі, ён расказаў, якую ўвагу ўдзяляе дзяржава і наш прэзідэнт развіццю спорту ў Беларусі. Уладзімір Аляксандравіч пажадаў кожнаму актыўна займацца фізкультурай і спортам, умацоўваць здароўе і сваімі дасягненнямі праслаўляць родную краіну.

“Нам ёсць на каго раўняцца! Футбольны клуб “Дынама-Брэст” стаў сёлетнім чэмпіёнам Беларусі”, —  адзначыў У.А.Базанаў.

Падчас экскурсіі па школе госць наведаў новую спартыўную залу і падарыў вучням футбольныя мячы і дзіцячую спартыўную форму.

Школьнікаў цікавіла біяграфія У.А.Базанава. Ён удзельнік 28 баявых аперацый у Афганістане. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і двума медалямі. Жыццёвы прынцып тых суровых дзён — “цаніць і берагчы людзей” — застаўся і сёння галоўным у яго жыцці.

Тамара СТРАПКО,
дырэктар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.