Цікавая знаходка

Пошук экспанатаў для школьнага музея — справа даволі складаная, але часам прадметы трапляюцца на вочы выпадкова. Так у комплексным краязнаўчым музеі Велікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна апынулася газета-агітплакат “Раздавім фашысцкую гадзіну” (верасень 1942 года, № 40). І ўсё ж з’яўленне гэтага экспаната нельга лічыць выпадковым, паколькі ён быў знойдзены 9 мая, у Дзень Перамогі.

Падзяліліся такой знаходкай нашы вучаніцы Вікторыя і Таццяна Кандзяранда. Жывуць яны разам з бацькамі ў звычайнай вясковай хаце, у якой доўгі час жылі з дзядулем, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Перамогі для сям’і Вікторыі і Таццяны вельмі важны і ўрачысты. Кожны год яны пачынаюць яго з ускладання кветак да помніка загінуўшым воінам і такім чынам працягваюць традыцыю дзядулі. Аднойчы дзяўчынкі праводзілі вольны час у двары дома і ім прыйшла думка забрацца на гарышча. Рабілі яны гэта не раз, бо там знаходзілася шмат цікавых рэчаў, сярод якіх былі і дзядулевы. Гэтым разам увагу Вікторыі і Таццяны прыцягнуў дзядулеў куток. Чаго там толькі не было! На вочы трапіўся аркуш паперы, на якім было напісана вялікімі літарамі “Раздавім фашысцкую гадзіну!”. На выгляд — крыху пажаўцелы, пагрызены, напэўна, мышы пастараліся. Спачатку нават хацелі яго адкласці, але, калі прачыталі год выдання (1942), адразу ўзялі плакат і спусціліся. Бацькі былі таксама здзіўлены такой знаходкай, але на іх тварах з’явілася прыемная ўсмешка: мабыць, гэта дзядуля на Дзень Перамогі перадаў родным сваё прывітанне.

Атрымаўшы дазвол бацькоў, на наступны дзень дзяўчынкі прынеслі знаходку ў школу. Мы разам заняліся пошукам інфармацыі пра знойдзены плакат. З інтэрнэту даведаліся, што “Раздавім фашысцкую гадзіну!” — гэта выданне ЦК КПБ, друкаваны орган, які асвятляў барацьбу беларускага народа супраць гітлераўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, сатырычны лісток, што выкрываў злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі, заклікаў народ да барацьбы за родную краіну. Агітплакат выдаваўся з ліпеня 1941 па май 1945 года. Усяго выйшла 142 нумары.

Дзяўчынкі паказалі знойдзены агітплакат сваім аднакласнікам і расказалі пра яго. Усе былі ў захапленні. Пасля гэтага Вікторыя і Таццяна прапанавалі змясціць знаходку ў школьны музей. Так з’явіўся ў нас новы экспанат.

Вольга РАВІНСКАЯ,
кіраўнік комплекснага краязнаўчага музея
Велікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна.

Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *