Цікавы адпачынак на “Сонечнай планеце”

Восем хлопчыкаў і чатырнаццаць дзяўчынак адпачывалі ў лагеры з дзённым знаходжаннем “Сонечная планета”. Сярод іх большасць тых, каму патрэбна сацыяльная падтрымка.

Усе разумеюць, што лета — цудоўная пара для адпачынку. І нашы выхавальнікі вырашылі зрабіць гэты час цікавым, карысным і бяспечным. Атрад “Нашчадкі” абраў дэвіз: “Любі і пазнавай свой родны край”. Штодня дзяцей чакалі розныя мерапрыемствы: экскурсіі, наведванне інфармацыйнага цэнтра БелАЭС, сельскай бібліятэкі, сустрэча з прадстаўнікамі МНС, цікавыя гульні, конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, большасць якіх былі прысвечаны Году малой радзімы. Дзеці не проста падарожнічалі па Сонечнай планеце, але ўсведамлялі значнасць сваёй дзейнасці, адчувалі задавальненне ад цікавых спраў.

Чэрвеньская спякота вабіла да вады. І вось нашых дзетак гасцінна сустрэлі ратавальнікі Янаўскага вадасховішча: правялі майстар-клас па аказанні першай дапамогі, прадэманстравалі касцюмы вадалазаў. А самыя цікаўныя хлопчыкі змаглі прымераць ласты, патрымаць у руках пагружны рэмень, падыхаць кіслароднай маскай. Напрыканцы сустрэчы — купанне пад пільным наглядам ратавальнікаў.

З задавальненнем дзеці ўзялі ўдзел у велапрагулцы “Малая радзіма — вялікая любоў”, у акцыі “Сэлфі з любімай вёскай”. Майстар-клас “Смак беларускай мовы” і флэшмоб “Малой радзіме прысвячаецца” прайшлі на “ўра” і запомняцца надоўга.

На працягу змены выхавальнікі стараліся стварыць усе магчымыя ўмовы для таго, каб было камфортна кожнаму дзіцяці. Адпачынак у лагеры дазволіў не толькі ўмацаваць здароўе, але і напоўніць час яркімі ўражаннямі, цікавымі, змястоўнымі і карыснымі справамі. Завяршылася лагерная змена акцыяй “У школу з добрым сэрцам”, дзе кожны выхавальнік атрымаў у падарунак прылады да новага навучальнага года.

Інэса БАГДАНОВІЧ,
дырэктар аздараўленчага лагера
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.