Цікавыя гульні з бізібордам

- 15:07Выхаванне

Вялікае значэнне ў развіцці дзяцей мае прадметна-прасторавае развіццёвае асяроддзе, якое іх акружае. Значную ўвагу стварэнню такога асяроддзя ўдзяляла яшчэ М.Мантэсоры. Педагог лічыла, што неабходна арганізаваць такое прасторавае асяроддзе, у якім дзіця магло б адчуваць сябе камфортна і развівацца ў розных відах дзейнасці.

Вядома, што яшчэ ў 1907 го­дзе самой Марыяй Мантэсоры быў выраблены прататып сучаснага бізіборда. Яна вырашыла даць магчымасць дзецям пагуляць з прадметамі, да якіх бацькі звычайна іх не падпускаюць (выключальнік святла, дзвярныя зашчапкі, дзвярныя ланцужкі). Усе элементы на дошцы былі абсалютна бяспечнымі для малыша. Пры дапамозе такой цацкі дзіця ­вучыла­ся на­ці­скаць, адкрываць, круціць розныя прадметы. Зараз ­сярод падобных цацак вылучаюцца развіццёвыя дош­кі-бізіборды. Іх можна зрабіць сваімі рукамі з розных матэрыялаў і з улікам узросту дзіцяці. Такім чынам, вырашаюцца выхаваўчыя і адукацыйныя задачы, якія ставіць перад сабой выхавальнік.

Мэта гульні з бізібордам не сама гульня, а навучанне праз гульню, ажыццяўленне непарыўнай сувязі сенсорнага развіцця з разнастайнай дзейнасцю сродкамі дыдактычных гульняў і практыкаванняў. Пры дапамозе прадуманых элементаў і прадметаў на бізібордзе дзіця незаўважна для сябе засвойвае ў гульні сенсорныя эталоны. Значнасць гульняў на такіх дошках вельмі вялікая для развіцця дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту. Гэта вельмі займальны і цікавы дапаможнік для дзяцей, які надоўга прыцягвае ўвагу. Гульні з бізібордам з’яўляюцца добрым сродкам рэлаксацыі. Дзіця можа доўга і спакойна гуляць з ім самастойна. Дотык да розных прадметаў, маніпуляцыі з імі станоўча ўплываюць на мозг дзіцяці, стымулююць яго дзейнасць. Падчас гульняў, выканання заданняў, маніпуляцый з прадметамі на бізібордзе ў дзяцей развіваецца дробная маторыка рук, лоўкасць, тактыльныя адчуванні, мысленне, логіка, увага, маўленне, фарміруюцца пэўныя ўменні і навыкі.

Пры дапамозе бацькоў у нашай групе быў зроблены бізіборд для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту. Ён атрымаўся даступным, бяспечным, функцыянальным, насычаным па змесце, эстэтычна прывабным і зручным у выкарыстанні. Бізіборд створаны ў выглядзе хаткі, ён не займае шмат месца ў групе і лёгка перамяшчаецца.
З усіх бакоў ён запоўнены гульнявым матэрыялам. З кожнага боку бізіборда можа гуляць па некалькі чалавек (па 2—3 дзіцяці).

Бізіборд развівае дробную маторыку і лоўкасць рук, сенсорныя ўяўленні дзяцей ва ўспрыманні колеру, формы, велічыні прадметаў, развівае тактыльныя адчуванні, ву­чыць працаваць з рознымі бытавымі прыстасаваннямі (выключальнікі, разеткі, замочкі, зашчапкі), выпрацоўвае ўменне зашпільваць і расшпільваць гузікі, замкі-маланкі, папружкі, спрыяе развіццю ў дзяцей мыслення, увагі, маў­лення, памяці.

Формы работы з бізібордам могуць быць розныя: непасрэдна адукацыйная дзейнасць, сумесная дзейнасць, індывідуальная работа, самастойная работа.

Са сваімі маленькімі выхаванцамі я праводжу дыдактычныя гульні, прапаную ім гульня­выя заданні ў ад­па­веднасці з праг­рамай дашкольнай аду­кацыі і планаваннем выхаваўча-адукацыйнай дзейнасці ў групе. Гульні з хаткай задавальняюць цікаўнасць выхаванцаў, выклікаюць жаданне даследаваць навакольны свет. Манатонныя дзеянні з гульнявымі механізмамі супакойваюць і расслабляюць. Я прыйшла да высновы аб эфектыўнасці выкарыстання такіх цацак для гарманічнага развіцця дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту.

Таццяна ОРСІЧ,
выхавальнік Нягневіцкага ДЦРД Навагрудскага раёна.