Цімураўскі рух не павінен стаць забытым

Патрыятызм і любоў да Радзімы займаюць сёння адну з вядучых пазіцый у спісе жыццёвых каштоўнасцей. У фарміраванні патрыятызму важнае месца займаюць памяць і павага, заснаваныя на непасрэдных зносінах з людзьмі, якія стварылі гэтую гісторыю.

У сучасным свеце клопат, уважлівае стаўленне да людзей, бескарыслівая дапамога павінны стаць аднымі з асноўных каштоўнасцей нашага жыцця і фарміравацца яшчэ ў дзіцячым узросце, калі бацькі чытаюць малым  У.Маякоўскага: “Крошка сын к отцу пришел, и спросила кроха: “Что такое хорошо и что такое плохо?” А потым піянерскія і дзіцячыя арганізацыі павінны дапамагчы маленькаму чалавеку ва ўсведамленні гэтых паняццяў і накіраваць яго дзейнасць у карыснае рэчышча.

Мэта цімураўскага руху — клопат пра тых, хто мае ў ім патрэбу, павага да мінулага і сучаснасці Беларусі, глыбокае пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму, імкненне зрабіць свет чысцейшым, лепшым, дабрэйшым, пачаўшы з малога — з самога сябе і навакольных лю­дзей. Дзейнасць цімураўскіх атрадаў напоўнена рамантыкай і гульнёй, без чаго не можа быць дзяцінства.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, ­адзінокія пажылыя людзі, дзеці ў цяжкай жыццёвай сітуа­цыі — усе яны маюць патрэбу ў дапамозе, увазе, ра­зуменні і падтрымцы. Яны павінны адчуваць, што вакол жывуць людзі, якія па поклічы сэрца гатовы падзяліць іх праблемы і клопаты.

Юныя цімураўцы памятаюць галоўнае цімураўскае правіла: не чакай загаду, старайся сам убачыць, дзе патрэбны твае клапатлівыя рукі і добрае сэрца.  Гэта кранае сэрцы ветэранаў, якія рады адраджэнню цімураўскага руху, што далучае дзяцей да грамадска карыснай дзейнасці і спрыяе іх маральнаму выхаванню.

У нашай навучальнай установе цімураўская работа вядзецца ўжо шмат гадоў, прычым сістэматычна, а галоўнае — з жаданнем. Важнай часткай цімураўскага руху ва ўстанове адукацыі з’яўляецца распрацоўка гадавога плана, або календара цімураўскіх спраў. Спецыфіка планавання работы цімураўскіх атрадаў у тым, што ў ёй павінны прымаць актыўны ўдзел вучні ўсяго класа. Гэта спрыяе развіццю ініцыятывы і самастойнасці кожнага члена калектыву. Дзеці самі павінны ставіць перад сабой задачы і весці пошук рашэння пастаўленай праблемы. Дзей­насць  атрада звязана з канкрэтнымі справамі па аказанні дапамогі людзям старэйшага пакалення і сваім аднагодкам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Традыцыі цімураўскага руху ў нашай установе адукацыі  знайшлі сваё развіццё ў добраахвотным удзеле дзяцей і падлеткаў у добраўпарадкаванні прышкольнага ўчастка і прылеглай тэрыторыі, ахове навакольнага асяроддзя, прывіцці навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак і інш.

Цімураўская работа вельмі важная, бо састарэлым людзям патрэбна не толькі дапамога, але і простая ўвага. Акрамя таго, маючы зносіны з пажылымі людзьмі, дзеці могуць даведацца шмат новага пра сваю малую радзіму, традыцыі і звычаі, выслухаць іх успаміны пра падзеі даўно мінулых дзён.

Вучні нашай школы дапамагаюць адзінокім састарэлым людзям, пазбаўленым магчымасці самастойна весці сваю гаспадарку. Узімку для цімураўцаў надыхо­дзіць гарачая пара па расчыстцы снегу ў дварах. У Дзень пажылых людзей нашы вучні праводзяць святочныя канцэрты, круглыя сталы, сустрэчы.

Навучэнцы прымаюць удзел у штогадовай школьнай акцыі “Эстафета добрых спраў”, падчас якой аказваецца дапамога ветэранам вайны, працаўнікам тылу, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Неабходна адзначыць важнасць у патрыятычным выхаванні мола­дзі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай школе і прысвечаны знамянальным датам.

Выкарыстоўваюцца такія формы работы, як выставы і конкурсы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, гутаркі на патрыятычныя тэмы, мэта якіх — раскрыццё сэнсу паняцця “любоў да Радзімы”, выхаванне ў юных грама­дзян пачуцця павагі да Айчыны.

Цімураўская работа не павінна быць забытай. Гэта тая частка школьнага выхавання, якая не толькі фарміруе маральную, гуманную асобу, але і забяспечвае сувязь пакаленняў, захоўвае гістарычную памяць. Немагчыма не ацаніць важнасць гэтай работы, таму ў нашай школе цімураўскі рух застаецца прыярытэтным напрамкам выхаваўчага працэсу.

Людміла ІВАНОВА,
педагог-арганізатар Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.