“Цмокі” цяпер і студэнцкія

3 верасня на базе баскетбольнага клуба “Мінск-2006” прайшла прэзентацыя новай зборнай жаночай каманды “БДУ-Цмокі”. Яна сфарміравана на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Беларускай федэрацыі баскетбола і БК “Цмокі-Мінск”.

Гэтая падзея для беларускага жаночага баскетбола вельмі важная, таму на прэзентацыі прысутнічала шмат ганаровых гасцей. Сярод іх — міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў, рэктар БДУ Андрэй Кароль, старшыня баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск” Юрый Шакола і старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч.

І.В.Карпенка павітаў усіх прысутных і адзначыў, што фізкультурна-спартыўны рух у краіне з’яўляецца важнай часткай жыцця моладзі. “Сёння ў рамках рэспубліканскай універсіяды право­дзяцца спаборніцтвы па 33 відах спорту, арганізаваны студэнцкія лігі па баскетболе, валейболе, гандболе і футболе сярод жаночых і мужчынскіх каманд. У першым паўгоддзі 2019 года ўпершыню былі праведзены рэспубліканскія студэнцкія спаборніцтвы па веславанні акадэмічным, кубак па баскетболе 3х3, арганізавана спартыўна-масавае свята “Усебеларуская студэнцкая лыжня”. Усё гэта ўказвае на тое, што клопат пра здароўе падрастаючага пакалення — адзін з прыярытэтных кірункаў палітыкі нашай дзяржавы”, — адзначыў міністр адукацыі. Стварэнне новага баскетбольнага клуба, на думку Ігара Васільевіча, бу­дзе спрыяць папулярызацыі гэтага віду спорту сярод студэнтаў і развіццю баскетбольнага руху ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Міністр спорту і турызму С.М.Кавальчук выказаў надзею, што стварэнне “БДУ-Цмокі” палепшыць становішча Беларусі на еўрапейскіх і сусветных спаборніцтвах, бо каманда можа стаць своеасаблівым рэзервам кадраў. “Да нас прыехалі спецыялісты з ЗША, дзе баскетбол, у прыватнасці студэнцкі, развіты вельмі добра. Іх вопыт мы паспрабуем пераняць і выкарыстаць пры падрыхтоўцы нашых каманд. Вялікіх вынікаў адразу не будзе, крыху пачакаем, трэба ўмець цярпець, як і ў іншых відах спорту”, — лічыць Сяргей Міхайлавіч.

Рэктар БДУ А.Д.Кароль расказаў, што стварэнню клуба папярэднічала вялікая актыўная работа, якая не заўважна іншым, і зрабіў акцэнт на падабенстве адукацыі і спорту, дзе трэба пераадольваць сябе для дасягнення добрых вынікаў.

“БДУ-Цмокі” аб’яднала 18 дзяўчат з розных УВА. На прэзентацыі яны прадставілі два камплекты формы: трэніровачны і асноўны. Пасля ўсіх віншаванняў і пажаданняў трэнеры новага клуба Алена Іваноўская і Юлія Селютава атрымалі набор баскетбольных мячоў.

Прэзентацыя працягнулася таварыскім матчам. “БДУ-Цмокі” падзялілася на “Рамонкаў” і “Васількоў”. На працягу 10 мінут прысутныя маглі ацаніць майстэрства спартсменак. Перамаглі “Рамонкі” з лікам 16:14.

Каманда “БДУ-Цмокі” будзе выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў сезоне-2019/2020. Галоўны трэнер клуба Алена Баляславаўна заў­важае, што дзяўчаты сутыкнуцца там са складанасцямі. “Яны будуць гуляць супраць вопытных каманд, у некаторых з якіх ёсць па 3 легіянеры з ЗША. Але для гэтага і стварылі “БДУ-Цмокі”, каб яны пераадольвалі цяжкасці і дзякуючы гэтаму раслі ў прафесійным плане. Задача трэнера зараз вельмі складаная. Тут кожны — індывідуальнасць, трэба да ўсіх падабраць ключык, аб’яднаць іх. У баскетболе адзін гулец не выйграе — выйграе каманда. Будзе каманда — будуць перамогі”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.