ЦТ: першыя іспыты пройдзены

- 13:27Якасць адукацыі

У аўторак у грамадскім прэс-цэнтры агучылі першыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і нагадалі пра самыя важныя моманты ўступнай кампаніі.

Роўныя ўмовы для ўсіх

Сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістравалася больш як 64 тысячы чалавек. Кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская паведаміла першыя вынікі трох уступных выпрабаванняў (па рускай і беларускай мовах, а таксама грамадазнаўстве). Так, на экзамены не з’явілася каля 5,5% зарэгістраваных. Чатыры чалавекі былі выдалены за выкарыстанне мабільнікаў. Шасцёра змогуць прайсці ЦТ у рэзервовыя дні ў сувязі з тым, што прапусцілі іспыты па медыцын­скіх паказчыках.

Рэма Пятроўна звярнула ўвагу, што павялічана колькасць пунктаў правядзення ЦТ у рэзервовыя дні: “Калі з году ў год гэта быў БДУ, то сёлета такіх пунктаў шэсць, у тым ліку ў абласных цэнтрах. Цяпер абітурыентам з рэгіёнаў не прыйдзецца ехаць у рэзервовы дзень у Мінск”.

Намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч нагадала, што для праходжання ЦТ абітурыенту варта прыбыць у пункт тэсціравання па ўказаным у пропуску адрасе не пазней чым за 30 хвілін да пачатку выпрабавання. “Пасля таго, як пачнецца экзамен, абітурыент у пункт тэсціравання не дапускаецца і, адпаведна, не мае права на прахо­джанне ЦТ у рэзервовы дзень. Спазненне не з’яўляецца ўважлівай прычынай”, — заўважыла Наталля Мікалаеўна.

Абітурыенты, якія паведамілі пра дрэннае самаадчуванне перад пачаткам або ў ходзе экзамена, могуць здаць адпаведны тэст у рэзервовы дзень.

“Калі абітурыенту дрэнна, ён павінен звярнуцца ў арганізацыйную камісію і яму акажуць дапамогу, — адзначыла Наталля Вайцяховіч. — Такія абітурыенты па медыцынскіх паказчыках маюць права прайсці выпрабаванне ў рэзервовы дзень. Аднак былі выпадкі, калі да нас звярталіся праз 3—4 га­дзіны пасля экзамену і казалі, што адчувалі сябе нядобра. Разам з тым гэтыя абітурыенты цалкам выканалі тэст, здалі матэрыялы, атрымалі ў пропуску адзнаку аб праходжанні тэсціравання. І тут казаць пра пераздачу ў рэзервовы дзень даволі праблематычна”.

Сёлета ў сувязі з эпiдэмiчнай абстаноўкай ЦТ па самых масавых прадметах (руская мова i матэматыка) праходзіла ў два патокі. Журналісты выказалі апасенне, што абiтурыенты, якiя здавалі тэсты ў другi дзень, апынуліся ў больш выйгрышным становiшчы, бо са слоў таварышаў маглі ведаць змест заданняў першага дня.

Наталля Вайцяховіч катэгарычна абвергла такое дапушчэнне: “Усе тэсты, якiя прапануюцца падчас цэнтралізаванага і рэпетыцыйнага тэсцiравання, адпавядаюць праграмам уступных iспытаў, спецыфiкацыi, а таксама зместу падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў. Таму структура тэстаў i ў першы, i ў другi дзень здачы ЦТ засталася нязменнай, ва ўсiх пазiцыях тэмы паўтаралiся. Напрыклад, адно з заданняў па рускай мове гучыць так: “Укажыце, у якiх словах “не” пiшацца асобна”. Гэтую ж фармулёўку вы ўбачыце не толькi падчас цэнтралізаванага тэсціравання, але i ў рэпетыцыйным, i ў дыстанцыйным тэсцiраваннi. Іншая справа, што варыянты для выбару будуць розныя. Для рашэння такога, здавалася б, простага задання, як напiсанне часцiцы “не” ў словах, абiтурыенту трэба ведаць дзевяць пазiцый (напiсанне “не” з дзеясловамi, прыслоўямi, прыметнiкамi i інш.), пры гэтым ён павiнен умець адрознiваць часцiны мовы. Усе заданнi комплексныя, і гэта дазваляе нам ацэньваць не толькi цалкам, але і часткова выкананыя заданнi”.

Наталля Мікалаеўна заўважыла, што, абмяркоўваючы тэсты ў iнтэрнэце, маладыя людзi марнуюць каштоўны час, якi маглi б накiраваць на падрыхтоўку да экзаменаў. Яна заспакоіла абітурыентаў, якія выконвалі тэсты па рускай мове і матэматыцы: “Умовы заданняў аднолькавыя, але выбар — розны. Гэта стварае роўныя ўмовы для тых, хто здаваў ЦТ у першы і ў другі дзень. Паўтораў не было”.

Павялічаны набор ва ўніверсітэты

Рэма Герлоўская паведаміла, што на І ступень вышэйшай адукацыі плануецца прыняць больш за 55 тысяч чалавек, амаль палову з іх — за кошт сродкаў бюджэту. Гэта крыху больш, чым у мінулым годзе. Павялічаны набор на медыцынскія, педагагічныя спецыяльнасці, а таксама звязаныя з фізічнай культурай і спортам.

У сувязі з новым графікам правядзення ЦТ ссунуліся і тэрміны ўступнай кампаніі. Так, універсітэты пачнуць прыём дакументаў 25 ліпеня. Абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтны прыём ці на ўмовах аплаты, але са здачай уступных выпрабаванняў, павінны падаць дакументы да 31 ліпеня. Падача дакументаў на платную форму працягнецца да 15 жніўня.

Рэма Пятроўна акцэнтавала ўвагу на тым, што адбыліся змены ў Правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер выпускнікі аграрных класаў могуць паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці без уступных іспытаў па выніках сумоўя (ацэнкі па профільных прадметах у атэстаце павінны быць не ніжэйшымі за 7 балаў). Льготны прыём будзе ажыццяўляцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Перавагі пры паступленні атрымалі таксама асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу ці службу ў рэзерве і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей (льгота дзейнічае для тых, хто завяршыў службу ў год прыёму або ў папярэднi год). Яны могуць па-за конкурсам паступац­ь на завочную ці вячэрнюю форму вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту. Хлопцы, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю, змогуць па-за конкурсам паступаць на спецыяльнасці профiлю “Ахова здароўя”.

Што да мэтавага прыёму, то ён можа ажыццяўляцца практычна на любую спецыяльнасць. “Ёсць тры крытэрыі, якім павінны адпавядаць арганізацыі для таго, каб удзельнічаць у мэтавай падрыхтоўцы кадраў, — заўважыла Рэма Пятроўна. — Яны павінны знаходзіцца або ў сельскіх населеных пунктах, або ў гарадах з насельніцтвам менш за 20 тысяч чалавек, або на тэрыторыі, забруджанай у выніку аварыі на АЭС”.

З планам мэтавага набору і спецыяльнасцямі абітурыенты могуць азнаёміцца на сайтах Міністэрства адукацыі ці іншых заснавальнікаў — Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства спорту і турызму і г.д. Для ўдзелу ў конкурсе на мэтавыя месцы ім належыць заключыць дагавор з арганізацыяй — заказчыкам кадраў.

Міністэрства адукацыі рэкамендуе ўніверсітэтам і заказчыкам кадраў, каб на мэтавыя месцы конкурс быў не менш як два чалавекі на месца. “Гэта не абавязковая ўмова, але арганізацыі павінны разумець, што заключэнне толькі аднаго дагавора на адно мэтавае месца фактычна адкрывае абітурыенту дарогу да паступлення. Каб выключыць карупцыйны складнік, безумоўна, павінна быць конкурсная сітуацыя”, — адзначыла Рэма Пятроўна.

Новыя спецыяльнасці ў каледжах

Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць каля 40 тысяч чалавек, з іх 25,5 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту. Лічбы агучыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.

Спецыяліст звярнула ўвагу, што сёлета на гэтай ступені адукацыі таксама змяніліся тэрміны ўступнай кампаніі. Так, падача дакументаў у каледжы пачынаецца 20 ліпеня. Прыём дакументаў на бюджэтнае навучанне выпускнікоў 9-х класаў будзе доўжыцца па 31 ліпеня; выпускнікоў 11-х класаў і прафтэхустаноў — па 12 жніўня ўключна.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’явіліся новыя спецыяльнасці. Сярод іх ёсць даволі цікавыя, звязаныя з эксплуатацыяй інавацыйнага абсталявання і сферай высокатэхналагічных вытворчасцей. У прыватнасці, Аляксандра Мікалаеўна назвала такія спецыяльнасці, як “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”, “Арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў”, “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі” і інш. Яны распрацоўваліся ў цеснай узаемасувязі з работадаўцамі, таму маюць новы змест і скіраваны на абсталяванне вядучых прадпрыемстваў.

Аляксандра Пятрова раіць абітурыентам зазірнуць на сайт Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, дзе размешчаны паказальнікі спецыяльнасцей ССА і ўстаноў, дзе можна атрымаць адпаведную падрыхтоўку.

Галіна СІДАРОВІЧ.