Сёння ў краіне стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета на іспыт па беларускай мове, які пачынае ўступную кампанію, зарэгістравалася 17,9 тысячы чалавек. Таксама 3 тысячы бланкаў з заданнямі на беларускай мове будуць выкарыстаны ў цэнтралізаваным тэсціраванні па іншых прадметах.
Для ўдзелу ў тэсціраванні па беларускай мове сёлета зарэгістравалася 17,9 тысячы выпускнікоў (у 2020 годзе — 18,6 тысячы, у 2019 годзе — 22 тысячы). Выпрабаванне праходзіла ў 37 пунктах цэнтралізаванага тэсціравання (усяго ж у кампаніі будзе задзейнічаны 41 пункт). Традыцыйна сустрэў абітурыентаў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: тут тэсціраванне па беларускай мове праходзілі 785 хлопцаў і дзяўчат. Для размяшчэння ўдзельнікаў задзейнічалі 21 аўдыторыю.
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Уладзіміра Сцяпанава, найбольш запатрабаванымі ў абітурыентаў, якія здаюць іспыты ў гэтым ўніверсітэце, сёлета аказаліся руская і англійская мовы, матэматыка і грамадазнаўства. ЦТ па рускай мове будзе арганізавана ў два дні (за гэты час іспыт пройдуць 2450 чалавек), а тэсціраванне па англійскай мове аб’яднае 1740 абітурыентаў.
Уладзімір Андрэевіч удакладніў нумарацыю карпусоў універсітэта, дзе сёлета пройдзе тэсціраванне (змены выкліканы рамонтам галоўнага корпуса). Так, абітурыенту, у пропуску якога стаіць лічба 1, трэба шукаць сябе ў спісах карпусоў фізічнага, хімічнага, юрыдычнага і факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Корпус № 2 — гэта тэрыторыя філалагічнага факультэта, а корпус № 3 прадстаўлены аўдыторыямі факультэта журналістыкі.
Паназіраць за арганізацыяй тэсціравання і падтрымаць абітурыентаў на старце ўступнай кампаніі ў БДУ завітаў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.
— Найбольш масавым прадметам, як і раней, застаецца руская мова. Для таго каб студэнтам было больш камфортна, іспыт па гэтым прадмеце і матэматыцы падзялілі на два дні. Сёлета на ЦТ па рускай мове зарэгістравалася каля 50 тысяч чалавек. У сувязі з гэтым хацелася б нагадаць абітурыентам, каб яны з’яўляліся на тэсціраванне па рускай мове і матэматыцы ў дзень, пазначаны ў пропуску, — сказаў Ігар Віктаравіч. — У аўдыторыях мы ўбачылі, што абітурыенты засяроджаны, настроены на паспяховае выкананне тэстаў.
Ігар Петрышэнка заўважыў, што ў гэтым годзе правілы атрымання сертыфіката ЦТ больш строгія і ўпарадкаваныя: дакумент будзе выдавацца асобам, якія прадаставяць атэстат. Для людзей, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю, пытанне будзе вырашацца па выніках субяседавання. Такі падыход, па словах Ігара Віктаравіча, дазволіць выключыць выпадкі нематываванасці ўдзельнікаў і бязмэтавай праверкі ведаў тых, хто не збіраецца паступаць у бягучым годзе.
— Цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта своеасаблівае спаборніцтва, у якім павінна быць сумленная перамога. Перамога ў дэманстрацыі ведаў, ва ўласнай стрэсаўстойлівасці, якасці засваення школьнай праграмы. Паспяховая здача ЦТ — цаглінка ў фарміраванні будучай асобы, — перакананы Ігар Петрышэнка.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.