Цуда-куб і Гукавічок для гульняў з гукамі і развіцця маўлення

У цяперашні час павялічылася колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту, якія маюць адхіленні ў маўленчым развіцці. Карэкцыйны працэс з такімі дзецьмі на дашкольным пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі патрабуе сістэматычнай, карпатлівай работы і творчага падыходу настаўніка-дэфектолага.

Аўтаматызацыя гукаў у дашкольнікаў з маўленчымі парушэннямі — адзін з руцінных, утомных, часам складана прагназуемых працэсаў. Каб у дзіцяці замацоўвалася правільнае вымаўленне пастаўленых гукаў, прыходзіцца выкарыстоўваць шматразовыя паўтарэнні аднаго і таго ж маўленчага матэрыялу, што стамляе не толькі дзіця, але і дарослага. А ад паўтарэнняў нікуды не дзецца, асабліва на этапе аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў, які можа зацягнуцца на некалькі месяцаў. Лічу, што ў гэты перыяд работы ў арсенале настаўніка-дэфектолага павінна быць даволі вялікая колькасць наглядна-гульнявых прыёмаў. Вось і прыходзіцца прыдумваць, чым і як зрабіць разнастайнымі заняткі, каб моўны матэрыял, які адпрацоўваецца, не надакучыў дзіцяці, быў для яго цікавым. Толькі станоўчая матывацыя спрыяе эфектыўнай рабоце і прыводзіць да жаданага выніку.

Гэтую задачу мне дапамагаюць вырашаць дыдактычныя гульні і гульнявыя лагапедычныя дапаможнікі, многія з якіх я вырабіла для работы сваімі рукамі з падручных матэрыялаў і сродкаў. У выніку творчага пошуку ў мяне з’явіліся такія нетрадыцыйныя лагапедычныя дапаможнікі, як “Цуда-куб”, “Гукавічок кліча гуляць”, “Грамацейка”, “Разумны тэлефон” і г.д., якія выклікаюць у дзяцей вялікую цікавасць, дапамагаюць мне зрабіць заняткі змястоўнымі, падаць шырокі лагапедычны матэрыял у гульнявой, цікавай для дзяцей форме. Усе гэтыя дапаможнікі шматфункцыянальныя, мабільныя, лёгкія ў выкарыстанні, дазваляюць вырашаць карэкцыйныя задачы, пастаўленыя на кожных канкрэтных занятках. Выкарыстоўваю іх для індывідуальнай работы, на падгрупавых занятках з дзецьмі сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, ахопліваючы разнастайныя віды карэкцыйнай дзейнасці. Часта прапаную іх выхавальнікам і бацькам для індывідуальнай работы з дзецьмі па замацаванні навыкаў, атрыманых на лагапедычных занятках. Так, дыдактычныя дапаможнікі “Цуда-куб”, “Гукавічок кліча гуляць”, якія вельмі часта выкарыстоўваю на карэкцыйных занятках, дапамагаюць вырашаць наступныя задачы:

выхаванне дакладных артыкуляцыйных навыкаў;

— замацаванне навыку вымаўлення пастаўленых гукаў у словах, словазлучэннях, сказах у цікавай форме;

— дыферэнцыяцыя зычных гукаў: мяккі-цвёрды, звонкі-глухі;

— развіццё прасадычнага боку маўлення (сілы голасу, тэмпу, тэмбру, інтанацыі);

— развіццё фанематычнага ўспрымання і фанематычнага слыху, гукавога аналізу і сінтэзу;

— пашырэнне слоўнікавага запасу;

— развіццё псіхічных працэсаў: памяці, увагі, вобразнага мыслення.

Гульнявы лагапедычны дапаможнік “Цуда-куб” уяўляе сабой яркі каляровы куб, выраблены з аб’ёмнай упаковачнай кардоннай скрынкі, абклеенай каляровай самаклейнай паперай. На гранях куба размяшчаюцца гульнявыя палі. Усяго шэсць гульнявых палёў з дыдактычнай гульнёй на кожным. Гульнявыя практыкаванні пабудаваны з паступовым ускладненнем гульнявых заданняў, якія прапануюцца ў даступнай форме, сюжэт мяняецца ў залежнасці ад мэты і задач карэкцыйных заняткаў.

На заняткі прыходзяць казачныя героі, жывёлы і Гукавічок (таксама выраблены з упаковачнай кардоннай каробкі). Яны прыносяць займальныя заданні. Заўсёды ствараю праблемную сітуацыю. Напрыклад, яна ў тым, што героі казак, Гукавічок не вымаў­ляюць тыя ці іншыя гукі. Дзеці вучаць іх правільна гаварыць: апісваюць артыкуляцыю гукаў, даюць характарыстыку гука, вымаўляюць зададзены гук ізалявана і ў словах і г.д.

Варыянтаў дыдактычных гульняў з “Цуда-кубам” мноства. Вось некаторыя з іх.

  1. Гульнявое поле “Лагапедычны домік”

Мэта: удасканальваць уменне адрозніваць на слых звонкія і глухія, цвёрдыя і мяккія зычныя гукі, развіваць фанематычны слых, уменне вызначаць месца зададзенага гука ў слове (пачатак, канец, сярэдзіна); навучыць дзяцей да­ваць якасную характарыстыку гукам з дапамогай зрокавых сімвалаў.

Ход гульні: дзеці выбіраюць сярод карцінак тую, у назве якой ёсць гук, які вывучаецца, і прымацоўваюць яе на дах доміка. Потым называюць акустычныя характарыстыкі гэтага гука з апорай на карцінкі-сімвалы ў акенцах доміка і перамяшчаюць на іх гузік, які рухаецца на дроціку (сімвал звонкіх гукаў — званочак і сімвал глухіх гукаў — перакрэслены званочак, сімвалы цвёрдых і мяккіх зычных гукаў — сінія і зялёныя смайлікі). Далей вызначаюць месца гука ў слове (пачатак, канец, сярэдзіна) і ў ніжняй частцы доміка на схеме з трох квадрацікаў перамяшчаюць гузік, які рухаецца на дроціку, на квадрацік, што адпавядае гуку.

  1. Гульнявое поле “Дапамажы клоўну”

Мэта: аўтаматызацыя гука, які вывучаецца, у словах, словазлучэннях, сказах.

Ход гульні: дзіця круціць прымацаваны да грані куба круглы дыск і называе прадметныя карцінкі, якія паказваюцца ў акенцы дыска, з гукам, што аўтаматызуецца. Заданне ўскладняю, калі прапаную дзецям з кожным словам карцінкі прыдумаць словазлучэнне, сказ, чыстагаворку, навучыць клоўна прагаворваць чыстагаворкі з рознай інтанацыяй, тэмбрам (як мядзведзь, як ліса, як мышка), ціха—гучна, павольна—хутка.

  1. Гульнявое поле “Падарожнічаем на карабліках”

Мэта: вызначэнне колькасці гукаў, іх паслядоўнасці ў словах.

Карцінны матэрыял: прадметныя карцінкі да адгадак на ліпучцы з адваротнага боку, караблікі з чырвонымі, сінімі, зялёнымі парусамі.

Ход гульні: дзеці адгадваюць загадку, знаходзяць адгадку сярод карцінак, прымацоўваюць яе на ліпучку да сонейка, называюць колькасць гукаў і іх паслядоўнасць у слове-адгадцы і кожны гук адпраўляюць у плаванне на адпаведным карабліку (з чырвоным парусам — плывуць галосныя гукі, з сінім парусам — цвёрдыя зычныя гукі, з зялёным парусам — мяккія зычныя гукі).

  1. Гульнявое поле “Параўнай пары слоў”

Мэта: дэферэнцыяцыя гукаў у словах, словазлучэннях, падобных па акустычных прыметах.

Карцінны матэрыял: карцінкі з гукамі, якія дыферэнцыруюцца, прымацаваны на гульнявое поле з дапамогай стужкі-ліпучкі.

Ход гульні: дзеці круцяць гадзіннікавую стрэлку, якая паказвае на пары карцінак, называюць гэтыя карцінкі, дакладна вымаўляюць словы з гукамі, якія дыферэнцыруюцца. Заданне ўскладняю, калі прапаную дзецям з кожным словам пары прыдумаць словазлучэнне, сказ.

У гэтай частцы гульні заданні мяняюцца ў залежнасці ад мэты і задач заняткаў і неабходнасці дасягнуць пэўнага выніку.

  1. Гульнявое поле “Зарадка для вясёлага язычка”

Мэта: развіццё артыкуляцыйнай маторыкі.

Ход гульні: на карцінках, якія ўстаўляюцца ў празрыстыя кішэнькі, адлюстраваны малюнкі да артыкуляцыйных практыкаванняў (грыбок, арэлі і г.д.). Да кожнага артыкуляцыйнага практыкавання чытаю невялікі вершык. Дзіця знаходзіць апаведную карцінку, устаўляе яе ў кішэньку і выконвае практыкаванне.

  1. Гульнявое поле “Гукавыя дарожкі”

Мэта: аўтаматызацыя ізаляванага гука.

Карцінны матэрыял: карцінкі з выявай прадметаў (самалёт, змяя, параход, помпа), дарожкі з тоўстага шнурка.Ход гульні: дзіця называе карцінку, вымаўляе адпаведны гук на адным выдыху і праводзіць пальчыкам па гукавой дарожцы.

Хочацца адзначыць, што дзеці з задавальненнем займаюцца з гэтым дапаможнікам, ён выклікае ў іх цікавасць, дае зарад станоўчых эмоцый, развівае цікаўнасць, жаданне ўдзельнічаць у моўных зносінах, дапамагае ім лёгка і натуральна развіваць і ўдасканальваць свае маўленчыя навыкі.

Ірына СУРЫНАВА,
настаўнік-дэфектолаг санаторнага ясляў-сада № 5 Чавус Магілёўскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *