“Цудоўна, калі школа носіць імя вядомага земляка”

- 9:40Краязнаўства

Як далучыць вучняў да краязнаўства? Якой тэмай зацікавіць юных даследчыкаў малой радзімы? Калі ваша ўстанова адукацыі носіць імя знакамітага земляка, то адказ відавочны — вывучэннем лёсу гэтага чалавека. Так лічыць настаўніца гісторыі дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна Наталля Міхайлаўна ШЭПЕЛЕВІЧ.

Даследаванне жыццёвага шляху героя-земляка, чыё імя ганарова нададзена ўстанове адукацыі і непарыўна звязана з яе гісторыяй, можа быць не толькі адным з напрамкаў краязнаўчай работы. У першай жодзінскай школе вакол імені яе былога вучня Героя Савецкага Саюза Пятра Іванавіча Купрыянава пабудавана ўсё грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі праводзяцца на тэрыторыі школы каля бюста герою, неад’емнай часткай святочнай праграмы апошняга званка з’яўляецца ўскладанне кветак і гірлянд да пастамента, экскурсійныя маршруты па горадзе, распрацаваныя Наталляй Шэпелевіч, таксама звязаны з жыццём знакамітага земляка. Акрамя таго, у школе дзейнічае музей баявой славы імя П.І.Купрыянава.

Разнапланавую краязнаўчую дзей­насць жодзінскіх вучняў пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны можна параўнаць з рознакаляровай цацачнай пірамідай, дзе на самае вялікае кольца (тэма жыцця і подзвігу Пятра Купрыянава) накладваюцца іншыя, крыху меншыя: лёс яго братоў і маці Настассі Фамінічны, побыт сям’і Купрыянавых першай паловы ХХ стагоддзя, баявы шлях партызанскіх і воінскіх злучэнняў, у якіх ваявалі браты Пётр, Мікалай, Сцяпан, Міхаіл, Уладзімір, гісторыя школы. З кожным годам колькасць гэтых незвычайных кольцаў павялічваецца, паколькі настаўніца распрацоўвае новыя тэмы для даследаванняў, знаходзіць новыя звесткі, адкрывае цікавыя факты з гісторыі Жодзіна і яго жыхароў.

“Цудоўна, калі школа носіць імя вядомага земляка. У такім выпадку не трэба шукаць тэмы для краязнаўчых даследаванняў. Просты салдат або афіцэр, вучоны або рабочы, педагог або ўрач — у лёсе кожнага з гэтых людзей знойдуцца цікавыя факты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да краязнаўства, сфарміраваць у іх станоўчыя рысы характару”.

“Цудоўна, калі школа носіць імя вядомага земляка. У такім выпадку не трэба шукаць тэмы для краязнаўчых даследаванняў. Просты салдат або афіцэр, вучоны або рабочы, педагог або ўрач — у лёсе кожнага з гэтых людзей знойдуцца цікавыя факты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да краязнаўства, сфарміраваць у іх станоўчыя рысы характару. У нашай школе імя Пятра Купрыянава чырвонай ніткай праходзіць праз выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўсіх паралелях. Ужо ў пачатковай школе дзеці ведаюць, што гэта за чалавек, усведамляюць яго подзвіг, чалавечы гераізм, разумеюць, дзеля чаго ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота”, — паведаміла Наталля Міхайлаўна.

Мы таксама паспрабуем гэта зрабіць. Па словах настаўніцы, будучы Герой Савецкага Саюза нарадзіўся ў 1926 годзе. Ужо ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны дом Купрыянавых быў знішчаны падчас бамбёжкі. Старэйшы брат Пятра Міхаіл (яго бацька Рыгор Курсевіч памёр ад ран у хуткім часе пасля вяртання з Першай сусветнай вайны, а Пётр і Уладзімір нарадзіліся ад другога шлюбу Настассі Фамінічны з Іванам Купрыянавым. — Заўв. аўт.) у 1942 годзе наладзіў сувязь з партызанскім атрадам “Смерць фашызму”. Пётр і Уладзімір былі разведчыкамі партызанскай брыгады “Разгром”. Пасля таго як у кастрычніку 1943 года акупанты раскрылі дзейнасць жодзінскага падполля, каля дома Купрыянавых была арганізавана засада, Пётр, самы малодшы з братоў, трапіў у засаду, старэйшыя браты разам з маці змаглі адысці ў лес да партызан. Пасля некалькіх тыдняў знаходжання ў барысаўскай турме Пятра разам з іншымі арыштантамі адправілі ў Германію. Па дарозе хлопцу ўдалося выскачыць з цягніка. Вярнуўся на Радзіму і разам з братамі і маці змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе “Радзіма” брыгады “Разгром”.

“У нашай школе імя Пятра Купрыянава чырвонай ніткай праходзіць праз выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўсіх паралелях. Ужо ў пачатковай школе дзеці ведаюць, што гэта за чалавек, усведамля­юць яго подзвіг, чалавечы гераізм, разумеюць, дзеля чаго ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота”.

У даследчай рабоце “Цаной жыцця. Салдату прысвячаецца…”, якую пазаўчора, 19 лістапада, на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской” прадставіў вучань Наталлі Міхайлаўны Валерый Сіўчык, прыводзяцца такія ўспаміны аднакласніцы Пятра Купрыянава: “Хата Пятра стаяла недалёка ад рэчкі Пліса. Падчас крыгаходу мужчыны вёскі выходзілі з баграмі ахоўваць ад крыг мост, які тыя маглі знесці. І вось аднойчы я ўбачыла, як Пеця выбег напаўраспрануты з хаты, падбег да ракі, ускочыў на крыгу і пачаў адштурхоў­ваць багром ад апор моста іншыя крыгі. У тую пару яму было ўсяго 14 гадоў”.

Дзякуючы гэтай характарыстыцы Пят­ра, становяцца зразумелымі подзвігі, якія здзейсніў падчас вайны не толькі ён, але і яго браты. Так, Міхаіл у студзені 1944 года, выконваючы баявое заданне, трапіў у засаду. Сваім таварышам-разведчыкам ён загадаў адыходзіць, а сам застаўся іх прыкрываць. Калі акупанты акружылі Міхаіла, ён кінуў сабе пад ногі апошнюю гранату. Быў цяжка паранены, але не загінуў. Немцы схапілі яго і адвезлі ў барысаўскую турму. Там ён, ледзь жывы, сустрэўся з Уладзімірам, якога схапілі, калі ён ішоў на сувязь з падпольшчыкамі. Памёр Міхаіл на вачах брата. Уладзіміра потым вывезлі ў Германію, дзе пасля няўдалай спробы ўцёкаў ён быў змешчаны ў лагер ваеннапалонных. Што тычыцца Пятра, то пасля вызвалення Беларусі ён стаў байцом Чырвонай Арміі. Загінуў у лістападзе 1944 года ў Латвіі, накрыўшы целам амбразуру дзота. За гэты подзвіг яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З усіх сыноў Настассі Фамінічны з вайны вярнуўся толькі Ула­дзімір, аднак памёр ад ран у 1949 годзе. Жанчына жыла разам з дачкой і ўнукамі. Па словах Наталлі Міхайлаўны Шэпелевіч, многія жодзінцы памятаюць маці-гераіню. Напрыклад, у 1972 годзе Настасся Фамінічна адзначала свой 100-гадовы юбілей у Палацы культуры БЕЛАЗа. На ўрачыстым сходзе быў абвешчаны Загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб узнагароджанні яе Ганаровай граматай. Выканкам гарсавета прысвоіў жанчыне званне ганаровага грамадзяніна Жодзіна. Жанчына пражыла доўгае жыццё, памерла ва ўзросце 107 гадоў.

У 1980 годзе ў доме Настассі Фамінічны быў адкрыты музей. А на тры гады раней,

у 1977 годзе, музей пачаў дзейнічаць у першай жодзінскай школе. Сёння яго загадчыкам з’яўляецца Наталля Міхайлаўна Шэпелевіч. Па яе словах, экспазіцыя налічвае каля 500 прадметаў. Сярод найбольш каштоўных — макет манумента ў гонар маці-патрыёткі, апошні ліст з фронту Пятра Купрыянава, скрыначка з зямлёй з яго магілы, асабістыя рэчы сям’і Купрыянавых. Экспазіцыя, якая складаецца з пяці раз­дзелаў, расказвае не толькі пра лёс Пятра Купрыянава, яго маці і братоў, але і пра рускую сям’ю Епісцініі Фёдараўны Сцяпанавай і італьянскую Альчыдэ Чэрві, лёс якіх падобны на лёс Настассі Фамінічны. Цяпер Наталля Міхайлаўна распрацоўвае тэму гісторыі школы — дарэчы, найстарэйшай у Жодзіне.

Якой бы ні была тэматыка экскурсіі, у ёй абавязкова закранаецца імя героя-земляка. “Калі мы бяром, напрыклад, тэму “Вучні нашай школы, якія ваявалі”, то заўсёды пачынаем з аповеду пра Пятра Купрыянава. Калі расказваем пра педагогаў нашай школы, якія вучылі Пятра, то гаворым, што яны ўклалі ў яго выхаванне часцінку сваёй душы і дапамаглі сфарміравацца яму як чалавеку, які гатовы ахвяраваць сабой дзеля жыцця іншых”, — дзеліцца Наталля Міхайлаўна. Дарэчы, па ўспамінах настаўніцы П.І.Купрыянава Вольгі Іванаўны Сідзельнікавай, хлопец быў вельмі добрым таварышам і дысцыплінаваным вучнем, заўсёды дапамагаў настаўнікам, паважаў іх. Ён любіў гісторыю, чытаў шмат кніг і заўсёды дзяліўся з настаўніцай прачытаным.

Восем дзесяцігоддзяў мінула з часоў Вялікай Айчыннай вайны, аднак для сённяшніх вучняў першай жодзінскай школы Пётр Купрыянаў з’яўляецца амаль равеснікам. “Дзякуючы аповеду музейных экскурсаводаў, якія абавязкова цытуюць успаміны яго таварышаў, настаўнікаў, сучасным школьнікам Пётр здаецца блізкай асобай, амаль равеснікам. Аднойчы на класнай га­дзіне, якую праводзіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры, адзін вучань спытаў: “А вы таксама вучылі Пецю?” Дзецям здаецца, што ён нядаўна скончыў школу. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўжо дастаткова аддаленыя ў часе, але асоба Пятра Купрыянава для іх блізкая”.

Многія ўстановы адукацыі носяць імёны знакамітых землякоў, жыццё якіх з’яўляецца для нас прыкладам прафесіяналізму, адвагі, мужнасці — якасцей, якія варта фарміраваць у маладога пакалення. Як гэта рабіць эфектыўна? Вывучаць біяграфіі, ствараць музейныя экспазіцыі, пісаць даследчыя работы, расказваць пра гэтых людзей і, канечне, сваімі ўчынкамі, жыццём старацца быць да іх падобнымі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.