Цудоўная альтэрнатыва

- 15:17Нам пішуць

Адміністрацыя і педагагічны калектыў Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы праяўляюць належны клопат, каб падчас летніх канікул навучэнцы змаглі адпачыць цікава і з карысцю. У гэты перыяд стараемся забяспечыць вучням разнастайную і змястоўную дзейнасць.

У апошні месяц школьнага лета на базе нашай установы дзейнічаў лагер працы і адпачынку “Юнацтва”. Старшакласнікі Павел Іванькоў, Сцяпан Нягоднікаў, Настасся Смалякова, Яна Нашыванкіна, Аляксандр Неўман, Кацярына Неўман разам з выпускнікамі гэтага года Земфірай Ахмедавай, Дзянісам Нырцовым, Дар’яй Філіпавай, Настассяй Пашкевіч вырашылі дапамагчы гаспадарцы, зарабіць уласныя грошы і адчуць сябе запатрабаванымі.

Дзейнасць лагера працы і адпачынку была арганізавана згодна з пагадненнем паміж вучэбна-педагагічным комплексам і ЗАТ “АСБ — Агра Цяцерына”, вызначаны ўмовы і аплата працы, замацаваны рэжым работы лагера. Пад кіраўніцтвам дасведчаных педагогаў установы Яўгенія Аляксандравіча Чарняева і Галіны Францішкаўны Цвятавай юнакі і дзяўчаты шчыравалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі аграгарадка Цяцерына і зернесушыльнага комплексу гаспадаркі, вырошчвалі сельскагаспадарчую прадукцыю для школьнай сталовай, займаліся азеляненнем, даглядалі кветкавыя расліны, праполвалі пустазелле.

Кіраўніцтва гаспадаркі і педагогі станоўча ацэньваюць працу навучэнцаў, адзначаючы іх руплівасць, адказнасць, ініцыятыўнасць. Аналізуючы дзейнасць летніка, мы пераканаліся, што такая форма занятасці садзейнічае развіццю і згуртаванасці вучнёўскага калектыву, стварае аснову для прымянення атрыманага вопыту ўзаемадзеяння ў далейшым жыцці. Такім чынам, школьны лагер працы і адпачынку — цудоўная альтэрнатыва канікулам, якія бавяцца дома.

Таццяна ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цяцерынскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Круглянскага раёна.