Цудоўны чалавек і выдатны кіраўнік

- 9:00Людзі адукацыі

“У чалавеку ўсё павінна быць цудоўным: і твар, і адзенне, і душа, і думкі”, — пісаў А.П.Чэхаў. Гэтае выказванне без перабольшання можна аднесці да дырэктара сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста Ірыны Фёдараўны Нікіфаравец.

Стаць настаўніцай яна марыла з дзяцінства, калі часта ўсаджвала каля сябе лялек і вучыла іх усяму, што ведала сама. Дзіцячая мара стала рэальнасцю.

Паспяхова скончыўшы тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, у 1988 годзе Ірына Фёдараўна прыйшла ў сярэднюю школу № 20 Брэста, дзе спачатку выкладала рускую мову і літаратуру, потым працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў 1998 годзе ўзначаліла калектыў. Пад кіраўніцтвам І.Ф.Нікіфаравец установа станавілася пераможцай спаборніцтваў сярод працоўных калектываў горада за высокія паказчыкі ў развіцці сацыяльна-культурнай сферы.

Ірына Фёдараўна — таленавіты педагог. На працягу многіх гадоў яна рыхтуе прызёраў гарадскіх літаратурных конкурсаў і канферэнцый, абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове.

Плённая праца І.Ф.Нікіфаравец адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Беларусі” і медалём Ф.Скарыны. Асабліва дарагія ёй медалі да 70- і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паколькі яе бацька ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Ірына Фёдараўна — надзвычай творчы чалавек, які вельмі любіць літаратуру. Па выніках міжнароднага конкурсу яна станавілася лаўрэатам Пушкінскай прэміі сярод настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў краінах СНД і Балтыі.

І.Ф.Нікіфаравец — высокапрафесійны, прынцыповы, адказны і мэтанакіраваны кіраўнік. Вялікую ўвагу ўдзяляе ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. Дзякуючы намаганням дырэктара, з’явілася новая спартыўная пляцоўка, сучасная сталовая і цэнтр прафарыентацыі, а вучэбныя кабінеты, аснашчаныя неабходным абсталяваннем, радуюць вока індывідуальным стылем.

Пад кіраўніцтвам Ірыны Фёдараўны калектыў актыўна ўдзельнічае ў інавацыйнай дзейнасці, у прыватнасці ў рэалізацыі праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту. Вядзецца мэтанакіраваная і выніковая работа ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. Так, наладжаны цесныя кантакты з сярэдняй школай № 384 Масквы (Расія) і Вальдорфскай школай Равенсбурга (Германія). З імі ўстанову звязвае шматгадовая дружба.

І.Ф.Нікіфаравец асабліва ганарыцца музеямі. Так, на базе школы дзейнічаюць музеі “Горад-герой Масква”, “Спадчына Беларусі” і музей Д.М.Карбышава. Створаны музейныя экспа-зіцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці А.С.Пушкіна і Ф.М.Дастаеўскага. Пушкінская экспазіцыя размешчана ў кабінеце рускай мовы і літаратуры, які з’яўляецца адным з лепшых у школе. Тут можна азнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі: чатырохтомным зборам твораў паэта, часопісамі і газетамі ХІХ стагоддзя.

Школа славіцца добрымі традыцыямі. Адна з іх — Калядныя сустрэчы, ініцыятарам і натхняльнікам якіх з’яўляецца Ірына Фёдараўна.

Дырэктар удзяляе вялікую ўвагу рабоце з маладымі педагогамі і іх замацаванню ў калектыве. Настаўнікі ведаюць, што заўсёды могуць атрымаць ад вопытнага і кампетэнтнага кіраўніка прафесійную параду і метадычную дапамогу.

Для Ірыны Фёдараўны школа даўно стала другім домам, куды яна з радасцю ідзе па ўсмешкі, добры настрой, натхненне, новыя ідэі і незабыўныя ўражанні.

Тамара ПЛЯХАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.